Мацьвея 21 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І калі наблізіліся да Ерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,
І калі наблізіліся да Ерусаліму і прыйшлі да Бэтфагі на гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,
сказаўшы ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і маладога асла зь ёю; адвязаўшы, прывядзеце да Мяне.
кажучы ім: «Ідзіце ў мястэчка, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і асьляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
І калі вам хто скажа што-небудзь, адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду; і адразу пашле іх.
І калі хто скажа вам нешта, адкажыце, што Госпад іх патрабуе, і адразу пашле іх».
А ўсё гэта было, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць:
А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа:
«скажэце дачцэ Сыёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны, седзячы на асьліцы і маладым асьле, сыне пад’ярэмнай».
«Скажыце дачцэ Сыёну: “Вось, Валадар твой ідзе да цябе ціхі, які сядзіць на асьліцы і асьляняці, сыне пад’ярэмнай”».
Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус,
Пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус.
прывялі асьліцу і маладога асла і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе.
Прывялі асьліцу і асьляня і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і Ён сеў на іх.
Мноства людзей пасьцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэў і пасьцілалі на дарозе;
А шматлікі натоўп пасьцілаў на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
а люд, які ішоў сьпераду і сьледам, усклікаў: асанна Сыну Давідаваму! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! Асанна ў вышынях!
А натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, крычалі, кажучы: «Гасанна Сыну Давіда! Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! Гасанна на вышынях!»
І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, увесь горад узрушыўся і пыталіся і казалі: хто гэта?
І як увайшоў Ён у Ерусалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: «Хто гэта?»
А люд казаў: Гэта Ісус, Прарок з Назарэта Галілейскага.
А натоўпы казалі: «Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага».
І ўвайшоў Ісус у храм Божы і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме, і сталы мяняйлаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў,
І ўвайшоў Ісус у сьвятыню Божую, і выгнаў усіх, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.
і сказаў ім: напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца»; а вы зрабілі зь яго логава разбойнікаў.
І кажа ім: «Напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы”. А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
І прыступілі да Яго ў храме сьляпыя і кульгавыя, і Ён ацаліў іх.
І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.
А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў храме і казалі: «асанна Сыну Давідаваму», абурыліся.
А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія крычалі ў сьвятыні і казалі: «Гасанна Сыну Давіда!», — абурыліся
і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? А Ісус кажа ім: так! хіба вы ніколі ня чыталі: «з вуснаў дзетак і немаўлят Ты ўчыніў хвалу?».
і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Ісус кажа ім: «Так! Ці вы ніколі не чыталі: “З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты ўчыніў хвалу?”»
І пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і правёў там ноч.
І, пакінуўшы іх, выйшаў з гораду да Бэта́ніі, і правёў там ноч.
А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есьці.
А раніцою, вяртаючыся ў горад, адчуў голад.
І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісьця, кажа ёй: хай ня будзе больш ад цябе плоду вавек. І адразу ўсохла смакоўніца.
І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падыйшоў да яго, і нічога не знайшоў на ім, акрамя адной лістоты, і кажа да яго: «Няхай больш ня будзе з цябе плоду да веку». І адразу ж засохла дрэва фігавае.
Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца?
І, убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся, кажучы: «Як гэта адразу ж засохла дрэва фігавае?»
А Ісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся, ня толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай, але, калі і гары гэтай скажаце: «падыміся і кінься ў мора», — будзе;
А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і ня будзеце сумнявацца, ня толькі зробіце тое, што з дрэвам фігавым, але калі і гары гэтай скажаце: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, — станецца.
і ўсё, чаго ні папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце.
І ўсё, што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце».
І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, падступіліся да Яго першасьвятары і старэйшыны народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу?
І калі прыйшоў Ён у сьвятыню, падыйшлі да Яго, калі Ён вучыў, першасьвятары і старшыні народу, кажучы: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу?»
Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова; калі на гэта скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта.
Хрышчэньне Янава адкуль было: зь нябёсаў, ці ад людзей? яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: «зь нябёсаў», дык Ён скажа нам: «чаму ж вы не паверылі яму?»,
Хрышчэньне Яна адкуль было: з неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?”
а калі скажам: «ад людзей», — баімося народу, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока.
А калі скажам: “Ад людзей”, — баімся натоўпу, бо ўсе маюць Яна за прарока».
І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Сказаў ім Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.
І, адказваючы, сказалі Ісусу: «Ня ведаем». І Ён сказаў ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю гэтае раблю.
А як вам здаецца? У аднаго чалавека было два сыны; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сыне! ідзі, сёньня працуй у вінаградніку маім.
А як вы думаеце: чалавек меў двух дзяцей, і ён, падыйшоўшы да першага, сказаў: “Дзіцятка, ідзі сёньня працаваць у вінаграднік мой”.
Але ён сказаў у адказ: «не хачу», а пасьля, раскаяўшыся, пайшоў.
Той жа, адказваючы, сказаў: “Не хачу”, а пасьля, пакаяўшыся, пайшоў.
І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: «іду, гаспадар». І не пайшоў.
І, падыйшоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Той, адказваючы, сказаў: “Іду, пане”, і не пайшоў.
Каторы з двух выканаў бацькаву волю? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Ісус: праўду кажу вам, што мытнікі і распусьніцы паперад вамі ідуць у Царства Божае.
Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ідуць наперадзе вас у Валадарства Божае.
Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніца паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не раскаяліся пасьля, каб паверыць яму.
Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніцы паверылі яму; вы ж, бачачы гэтае, не пакаяліся пасьля, каб паверыць яму.
Выслухайце іншую прытчу. Быў адзін гаспадар дома, які насадзіў вінаграднік: і мурам абгарадзіў яго, і выкапаў у ім чавільню і збудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся.
Паслухайце другую прыповесьць: быў нейкі чалавек, гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім тоўчню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.
А калі надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў узяць плады свае.
Калі ж наблізіўся час пладоў, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў узяць плады свае.
Вінаградары, схапіўшы слуг ягоных, каго набілі, каго забілі, а каго каменьнем пабілі.
І схапілі вінаградары слугаў ягоных, аднаго зьбілі, другога забілі, а іншага ўкаменава́лі.
Зноў паслаў ён іншых слуг, больш чым раней; і зь імі ўчынілі тое самае.
Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш, чым раней; і з імі зрабілі тое самае.
Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”.
Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемца; хадзем, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай:
А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Хадзем, заб’ем яго і атрымаем спадчыну ягоную”.
І схапіўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніка і забілі.
І, схапіўшы яго, выгналі вон з вінаградніку і забілі.
І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?
Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?»
Кажуць яму: ліхадзеяў гэтых аддасьць на лютую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія аддаваць будуць яму плады ў свой час.
Кажуць Яму: «Ліхадзеяў гэтых жорстка выгубіць, а вінаграднік здасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час».
Ісус кажа ім: няўжо вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім: гэта — ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?
Кажа ім Ісус: «Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні: “Каме́нь, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”.
Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плады ягоныя.
Дзеля гэтага кажу вам, што будзе забранае ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які ўчыняе плады ягоныя.
І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
І той, хто ўпадзе на гэты каме́нь, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць».
І чуючы прытчы Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён пра іх гаворыць;
І, пачуўшы прыповесьці Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён гаворыць пра іх.
і памыкаліся схапіць Яго; але пабаяліся люду, бо Яго ўважалі за прарока.
І, шукаючы ўзяць Яго, збаяліся натоўпаў, таму што яны мелі Яго за прарока.