Мацьвея 21 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
І калі наблізіліся да Ярузаліму і прыйшлі да Бітхвагі, да гары Аліваў, тады Ісус паслаў двух вучняў,
І калі наблізіліся да Ерусаліму і прыйшлі да Бэтфагі на гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,
кажучы ім: ідзеце ў сяло, якое проста перад вамі; і зараз жа знойдзеце асьліцу прывязаную і асьляня зь ёю; адвязаўшы, прывядзеце да Мяне.
кажучы ім: «Ідзіце ў мястэчка, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і асьляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
І калі б хто сказаў вам нешта, адказвайце: яны патрэбны Госпаду: (і) адразу ж пашле іх.
І калі хто скажа вам нешта, адкажыце, што Госпад іх патрабуе, і адразу пашле іх».
І ўсё гэтае сталася, каб збылося ска́занае праз прарока, які гаворыць:
А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа:
скажэце дачцэ Сыёну: вось Валадар твой ідзе да цябе ціхі і се́дзячы на асьліцы і асьляняці, сыне пад’ярэмнай. (Гісая 62:11; Захар. 9:9)
«Скажыце дачцэ Сыёну: “Вось, Валадар твой ідзе да цябе ціхі, які сядзіць на асьліцы і асьляняці, сыне пад’ярэмнай”».
І, пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус,
Пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус.
прывялі асьліцу і асьляня і паклалі на іх адзежы свае, і Ён сеў паверх іх.
Прывялі асьліцу і асьляня і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і Ён сеў на іх.
І мноства народу пасьцілалі свае адзежыны на дарозе, а другія рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
А шматлікі натоўп пасьцілаў на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
А людзі, якія ішлі сьпераду і ішлі ўсьлед, крычалі, кажучы: Госанна Сыну Давіда! Багасла́ўлены Які ідзе ў Імя Госпада! Госанна ў вышэйшых нябёсах!
А натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, крычалі, кажучы: «Гасанна Сыну Давіда! Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! Гасанна на вышынях!»
І калі Ён увайшоў у Ярузалім, усё места прыйшло ў рух, кажучы: хто Ён?
І як увайшоў Ён у Ерусалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: «Хто гэта?»
А людзі гаварылі: гэта Ісус, Прарок з Назарэту Галілейскага.
А натоўпы казалі: «Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага».
І ўвайшоў Ісус у Сьвятыню Бога і выгнаў усіх прадаючых і купляючых у Сьвятыні, і перакуліў сталы мяняйлаў і ўслоны прадаючых галубоў.
І ўвайшоў Ісус у сьвятыню Божую, і выгнаў усіх, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.
І кажа ім: напісана: Дом Мой Домам малітвы назва́ны будзе. А вы зрабілі Яго (Дом Мой) прытонам для разбойнікаў.
І кажа ім: «Напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы”. А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
І прыступіліся да Яго ў Сьвятыні сьляпыя і кульгавыя, і (Ён) аздаравіў іх.
І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.
Архірэі ж і кніжнікі ўбачыўшы цуды, якія (Ён) учыніў, і дзяцей, якія крычалі ў Сьвятыні і гаварылі: «Госанна Сыну Давіда!» — абурыліся
А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія крычалі ў сьвятыні і казалі: «Гасанна Сыну Давіда!», — абурыліся
і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? Ісус жа кажа ім: так! Хíба вы ніколі ня чыталі?: «з вуснаў дзетак і нямаўлят Ты ўчыніў хвалу». (Пс. 8:3)
і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Ісус кажа ім: «Так! Ці вы ніколі не чыталі: “З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты ўчыніў хвалу?”»
І пакінуўшы іх, выйшаў зь места да Бітані і правёў там ноч.
І, пакінуўшы іх, выйшаў з гораду да Бэта́ніі, і правёў там ноч.
А нараніцы вяртаючыся да места, адчуў голад.
А раніцою, вяртаючыся ў горад, адчуў голад.
І, угледзіўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падыйшоў да яе, і нічога ня знайшоў на ёй акрамя аднаго лісьця, і кажа ёй: няхай жа ня будзе на табе ўперад плоду давеку. І смакоўніца ўраз жа засохла.
І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падыйшоў да яго, і нічога не знайшоў на ім, акрамя адной лістоты, і кажа да яго: «Няхай больш ня будзе з цябе плоду да веку». І адразу ж засохла дрэва фігавае.
І ўбачыўшы вучні зьдзівіліся кажучы: як гэта адразу засохла смакоўніца?
І, убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся, кажучы: «Як гэта адразу ж засохла дрэва фігавае?»
І адказаўшы Ісус сказаў ім: праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру і ня засумняваецеся, то зробіце ня толькі тое, што са смакоўніцай, але калі (нават) гары гэтай скажаце: узьніміся і кінься ў мора — станецца.
А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і ня будзеце сумнявацца, ня толькі зробіце тое, што з дрэвам фігавым, але калі і гары гэтай скажаце: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, — станецца.
І ўсё, чаго папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце.
І ўсё, што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце».
І калі Ён прыйшоў у Сьвятыню і навучаў прыступіліся да Яго архірэі і старэйшыны народу, кажучы: якою ўладай Ты гэтае робіш, і Хто даў Табе гэтую ўладу?
І калі прыйшоў Ён у сьвятыню, падыйшлі да Яго, калі Ён вучыў, першасьвятары і старшыні народу, кажучы: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу?»
І адказаўшы Ісус сказаў ім: спытаюся і Я ў вас адно слова на якое калі адкажаце Мне, і Я вам скажу якою ўладаю гэтае раблю.
А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова; калі на гэта скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта.
Хрышчэньне Яанавае адкуль было: зь Неба, ці ад людзей? Яны ж разважалі між сабою, кажучы: калі скажам: зь Неба, скажа нам: чаму вы тады ня паверылі яму?
Хрышчэньне Яна адкуль было: з неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?”
А калі скажам: ад людзей — баімся народу; бо ўсе лічаць Яана за прарока.
А калі скажам: “Ад людзей”, — баімся натоўпу, бо ўсе маюць Яна за прарока».
І адказаўшы Ісусу сказалі: ня ведаем. Сказаў і Ён ім: і Я ня скажу вам якою ўладаю гэтае раблю.
І, адказваючы, сказалі Ісусу: «Ня ведаем». І Ён сказаў ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю гэтае раблю.
А як вам здаецца? Чалавек меў двух сыноў; і падыйшоўшы да першага сказаў: сын! пайдзі сёньня працуй у вінаградніку маім.
А як вы думаеце: чалавек меў двух дзяцей, і ён, падыйшоўшы да першага, сказаў: “Дзіцятка, ідзі сёньня працаваць у вінаграднік мой”.
А ён адказаўшы сказаў: ня хачу. А пасьля раскаяўшыся пайшоў.
Той жа, адказваючы, сказаў: “Не хачу”, а пасьля, пакаяўшыся, пайшоў.
І падыйшоўшы да другога сказаў тое самае. Той жа адказаўшы сказаў: я (іду) гаспадар, але ня пайшоў.
І, падыйшоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Той, адказваючы, сказаў: “Іду, пане”, і не пайшоў.
Каторы з двух выканаў волю бацькі? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Ісус: праўду кажу вам: мытнікі і блудадзейкі ідуць у Гаспадарства Бога пярвей за вас.
Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ідуць наперадзе вас у Валадарства Божае.
Бо прыйшоў да вас Яан шляхам праведнасьці; і вы ня паверылі яму, а мытнікі і блудадзейкі паверылі яму; а вы і ўбачыўшы, пазьней ня пакаяліся, каб паверыць яму.
Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніцы паверылі яму; вы ж, бачачы гэтае, не пакаяліся пасьля, каб паверыць яму.
Выслухайце іншую прыповесьць: нейкі чалавек, гаспадар дому, які насадзіў вінаграднік і агарадзіў яго агароджаю, і выкапаў у ім сажалку і пабудаваў вежу, і даручыў яго вінаградарам і адыйшоў у чужы край.
Паслухайце другую прыповесьць: быў нейкі чалавек, гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім тоўчню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.
Калі ж надыйшоў час пладоў, (ён) паслаў сваіх рабоў да вінаградараў узяць плады свае.
Калі ж наблізіўся час пладоў, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў узяць плады свае.
Але вінаградары схапіўшы рабоў ягоных, аднаго зьбілі, другога забілі, а іншага пабілі каме́ньнямі.
І схапілі вінаградары слугаў ягоных, аднаго зьбілі, другога забілі, а іншага ўкаменава́лі.
Ізноў паслаў ён іншых рабоў, больш чым ране́й; і зь імі зрабілі тое самае.
Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш, чым раней; і з імі зрабілі тое самае.
А нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: пасаро́мяцца сына майго.
Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”.
Але вінаградары ўбачыўшы сына сказалі адзін аднаму: гэты ёсьць спадкаемец; пойдзем, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай.
А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Хадзем, заб’ем яго і атрымаем спадчыну ягоную”.
І, схапіўшы яго, выкінулі зь вінаградніку і забілі.
І, схапіўшы яго, выгналі вон з вінаградніку і забілі.
Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць зь вінаградарамі гэнымі?
Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?»
Кажуць Яму: злыдняў гэтых жорстка аддасьць сьмерці, а вінаграднік даручыць другім вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час.
Кажуць Яму: «Ліхадзеяў гэтых жорстка выгубіць, а вінаграднік здасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час».
Кажа ім Ісус: хіба (ж вы) ніколі ня чыталі ў Пісаньнях?: «Камень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла. Ад Госпада сталася гэта, і (гэта) ёсьць дзіўна ў вачах нашых».
Кажа ім Ісус: «Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні: “Каме́нь, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”.
Таму (Я) кажу вам, што будзе аднята ў вас Валадарства Бога і будзе аддана народу, які творыць плады яго (Валадарства Бога).
Дзеля гэтага кажу вам, што будзе забранае ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які ўчыняе плады ягоныя.
І той, хто ўпадзе на камень гэты будзе разьбіты; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
І той, хто ўпадзе на гэты каме́нь, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць».
І, пачуўшы прыповесьці Ягоныя, архірэі і хварысэі зразумелі, што гаворыць (Ён) пра іх.
І, пачуўшы прыповесьці Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён гаворыць пра іх.
І, памыкаючыся схапіць Яго сілай, пабаяліся людзей, бо Яго мелі за Прарока.
І, шукаючы ўзяць Яго, збаяліся натоўпаў, таму што яны мелі Яго за прарока.