Мацьвея 21 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
І, калі падыходзілі да Ерузаліму і прыйшлі да Віффагіі ля гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двох вучняў, сказаўшы ім:
І калі наблізіліся да Ерусаліму і прыйшлі да Бэтфагі на гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,
ідзе́це ў сяло, якое проста перад вамі, і зараз жа знойдзеце асьліцу прывязаную і асьлятка з ёю; адвязаўшы, прывядзе́це да Мяне́.
кажучы ім: «Ідзіце ў мястэчка, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і асьляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
І калі-б хто сказаў вам не́шта, адказвайце, што яны патрэбны Госпаду: і зараз пашле́ іх.
І калі хто скажа вам нешта, адкажыце, што Госпад іх патрабуе, і адразу пашле іх».
І ўсё гэтае ста́лася, каб збылося ска́занае праз прарока, які кажа:
А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа:
Скажэ́це дачцэ Сыонавай: вось Цар твой ідзе́ да цябе́ ціхі, се́дзячы на асьліцы і асьляці, сыне пад’ярэмнай (Ісая 62:11 Захарія 9:9).
«Скажыце дачцэ Сыёну: “Вось, Валадар твой ідзе да цябе ціхі, які сядзіць на асьліцы і асьляняці, сыне пад’ярэмнай”».
Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус.
Пайшоўшы, вучні зрабілі так, як загадаў ім Ісус.
Прывялі асьліцу і асьлятка і ўзлажылі на іх адзе́жы свае́, і Ён се́ў паве́рх іх.
Прывялі асьліцу і асьляня і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і Ён сеў на іх.
Множства-ж народу пасьцілалі свае́ адзе́жыны на дарозе, а другія рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
А шматлікі натоўп пасьцілаў на дарозе адзеньне сваё, а іншыя рэзалі галіны з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
А народ напе́радзе і за Ім ідучы клікаў: осанна сыну Давідаваму! Багасла́ўлен ідучы ў імя Гасподняе! Осанна ў вышніх!
А натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, крычалі, кажучы: «Гасанна Сыну Давіда! Дабраслаўлёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада! Гасанна на вышынях!»
І, калі ўвайшоў Ён у Ерузалім, усё ме́ста прыйшло ў рух ды гаварыла: хто гэта?
І як увайшоў Ён у Ерусалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: «Хто гэта?»
Народ-жа гаварыў: гэта Ісус, прарок з Назарэту Галіле́йскага.
А натоўпы казалі: «Гэта Ісус, прарок з Назарэту Галілейскага».
І ўвайшоў Ісус у сьвятыню Божую, і вы́гнаў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні, і абярнуў сталы мяняльнікаў і ўслоны прадаўцо́ў галубо́ў.
І ўвайшоў Ісус у сьвятыню Божую, і выгнаў усіх, што продалі і куплялі ў сьвятыні, і сталы мяняльнікаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.
І казаў ім: напісана: дом Мой домам малітвы назьве́цца, а вы зрабілі яго прытонам для разбойнікаў (Ісая 56:7; Ерамія 7:11).
І кажа ім: «Напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы”. А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпы́я й кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.
І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.
Архірэі-ж і кніжнікі, ба́чачы цу́ды, якія Ён учыніў, і дзяце́й, клікаючых у сьвятыні і гаворачых: Осанна сыну Давідаваму! — абурыліся
А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія крычалі ў сьвятыні і казалі: «Гасанна Сыну Давіда!», — абурыліся
і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? Ісус жа кажа ім: Так! ці-ж вы ніколі ня чыталі: з вуснаў дзе́так і сасункоў Ты ўчыніў хвалу́? (Псальм 8:3.)
і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Ісус кажа ім: «Так! Ці вы ніколі не чыталі: “З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты ўчыніў хвалу?”»
І, пакінуўшы іх, выйшаў з ме́ста да Віфаніі і правёў там ноч.
І, пакінуўшы іх, выйшаў з гораду да Бэта́ніі, і правёў там ноч.
А нараніцы, варо́чаючыся да ме́ста, захаце́ў е́сьці.
А раніцою, вяртаючыся ў горад, адчуў голад.
І, угле́дзіўшы пры дарозе смакоўніцу, падыйшоў да яе́ і, нічога не знайшоўшы на ёй, апрача аднаго лісьця́, кажа да яе́: няхай жа ня будзе на табе́ ўпе́рад плоду даве́ку. І смакоўніца ўраз жа засохла.
І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падыйшоў да яго, і нічога не знайшоў на ім, акрамя адной лістоты, і кажа да яго: «Няхай больш ня будзе з цябе плоду да веку». І адразу ж засохла дрэва фігавае.
Угле́дзіўшы гэтае, вучні дзіваваліся і гаварылі: як гэта той-жа час засохла смакоўніца?
І, убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся, кажучы: «Як гэта адразу ж засохла дрэва фігавае?»
Ісус жа, адказваючы, сказаў ім: Запраўды́ кажу вам: калі-б вы ме́лі ве́ру і не сумляваліся, ня толькі зробіце тое, што з смакоўніцаю, але калі і гарэ гэтай ска́жаце: узьніміся і кінься ў мора, — ста́нецца.
А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і ня будзеце сумнявацца, ня толькі зробіце тое, што з дрэвам фігавым, але калі і гары гэтай скажаце: “Будзь узятая і кінутая ў мора”, — станецца.
І ўсё, чаго будзеце прасіць у малітве з ве́раю, дастанеце.
І ўсё, што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце».
І, калі прыйшоў Ён у сьвятыню і навучаў, прыступіліся да Яго архірэі і старэйшыя з народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэтае чыніш? І хто Табе́ даў гэткую ўладу?
І калі прыйшоў Ён у сьвятыню, падыйшлі да Яго, калі Ён вучыў, першасьвятары і старшыні народу, кажучы: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу?»
Ісус сказаў ім у адказ: спытаюся і Я ў вас адно: калі аб гэтым ска́жаце Мне́, то й Я вам скажу, якою ўладаю гэнае чыню.
А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова; калі на гэта скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта.
Хрышчэньне Іоанавае скуль было? з не́ба, ці ад людзёў? Яны-ж разважалі між сабою: калі скажам: з неба, то Ён скажа нам: чаму-ж вы не паве́рылі яму?
Хрышчэньне Яна адкуль было: з неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?”
А калі сказаць: ад людзёў, — баімося народу; бо ўсе́ лічаць Іоана за прарока.
А калі скажам: “Ад людзей”, — баімся натоўпу, бо ўсе маюць Яна за прарока».
І, адказваючы, сказалі Ісусу: ня ве́даем. І Ён сказаў ім: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэтае ро́блю.
І, адказваючы, сказалі Ісусу: «Ня ведаем». І Ён сказаў ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю гэтае раблю.
А як вам здае́цца? У аднаго чалавека былі два сыны; і ён, падыйшоўшы да пе́ршага, сказаў: сын, пайдзі сяньня рабіць у вінаградніку маім.
А як вы думаеце: чалавек меў двух дзяцей, і ён, падыйшоўшы да першага, сказаў: “Дзіцятка, ідзі сёньня працаваць у вінаграднік мой”.
Але той сказаў у адказ: не хачу́; а пасьля, пака́яўшыся, пайшоў.
Той жа, адказваючы, сказаў: “Не хачу”, а пасьля, пакаяўшыся, пайшоў.
І, падыйшоўшы да другога, ён сказаў тое-ж. Гэты сказаў у адказ: іду, гаспадар; — і не пайшоў.
І, падыйшоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Той, адказваючы, сказаў: “Іду, пане”, і не пайшоў.
Каторы з двох вы́паўніў волю айца? Кажуць Яму: пе́ршы. Ісус кажа ім: запраўды́ кажу вам, што мытнікі і блудніцы ідуць у царства Божае напе́радзе вас.
Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ідуць наперадзе вас у Валадарства Божае.
Бо прыйшоў да вас Іоан шляхам праўды; і вы не паве́рылі яму, а мытнікі і блудніцы паверылі яму; вы-ж, і бачыўшы гэтае, не пака́яліся пасьля, каб паве́рыць яму.
Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніцы паверылі яму; вы ж, бачачы гэтае, не пакаяліся пасьля, каб паверыць яму.
Вы́слухайце другую прыповесьць: быў не́йкі гаспадар дому, каторы насадзіў вінаграднік, агарадзіў яго агарожаю, выкапаў у ім сажалку, пабудаваў ве́жу і, аддаўшы яго вінаградарам, адыйшоў.
Паслухайце другую прыповесьць: быў нейкі чалавек, гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім тоўчню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.
Калі-ж наблізіўся час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў — узяць свае́ плады.
Калі ж наблізіўся час пладоў, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў узяць плады свае.
Вінаградары, схапіўшы слуг яго, аднаго зьбілі, другога, забілі, а іншага пабілі каме́ньмі.
І схапілі вінаградары слугаў ягоных, аднаго зьбілі, другога забілі, а іншага ўкаменава́лі.
Зноў паслаў ён другіх слуг, больш чым ране́й; і з імі зрабілі таксама.
Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш, чым раней; і з імі зрабілі тое самае.
Уканцы паслаў ён да іх свайго сына, кажучы: пасаромяцца сына майго.
Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”.
Але вінаградары, угле́дзіўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта наступнік; пойдзем, заб’е́м яго і заўладаем спадчынаю ягонай.
А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Хадзем, заб’ем яго і атрымаем спадчыну ягоную”.
І, схапіўшы яго, вы́велі вон з вінаградніку і забілі.
І, схапіўшы яго, выгналі вон з вінаградніку і забілі.
Калі-ж пры́йдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?
Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?»
Кажуць Яму: злыдняў гэтых аддасьць ліхой сьме́рці, а вінаграднік дасьць другім вінаградарам, каторыя будуць аддаваць яму плады ў свой час.
Кажуць Яму: «Ліхадзеяў гэтых жорстка выгубіць, а вінаграднік здасьць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час».
Ісус кажа ім: няўжо-ж вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні: камень, які адкінулі будаўнічыя, той самы стаўся галавою вугла; гэта сталася ад Госпада, і ў вачох нашых дзіва (Псальм 117:22−23).
Кажа ім Ісус: «Няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісаньні: “Каме́нь, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”.
Дзеля гэтага кажу вам, што ады́мецца ў вас Царства Божае і дадзена будзе народу, які творыць плады яго.
Дзеля гэтага кажу вам, што будзе забранае ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які ўчыняе плады ягоныя.
І той, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’е́цца; а на каго ён упадзе́, таго разда́віць.
І той, хто ўпадзе на гэты каме́нь, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць».
І, пачуўшы прыповесьці Яго, архірэі і фарысэі зразуме́лі, што гаворыць аб іх.
І, пачуўшы прыповесьці Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён гаворыць пра іх.
І стараліся спайма́ць Яго; але ўбаяліся народу, бо Яго лічылі за прарока.
І, шукаючы ўзяць Яго, збаяліся натоўпаў, таму што яны мелі Яго за прарока.