Мацьвея 5 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Убачыўшы грамады народу, Ён узышоў на гару́, і, калі се́ў, прыступілі да Яго вучні Яго.
 
Убачыўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару, і, калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя.

І Ён, расчыніўшы вусны Свае́, навучаў іх, кажучы:
 
І Ён, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, кажучы:

Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябе́снае.
 
«Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.

Шчасьлівыя пла́чучыя, бо яны ўце́шацца.
 
Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя.

Шчасьлівыя ціхія, бо яны ўнасьле́дуюць зямлю.
 
Шчасьлівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю.

Шчасьлівыя галодныя і пра́гнучыя праўды, бо яны насы́цяцца.
 
Шчасьлівыя тыя, што прагнуць і смагнуць праведнасьці, бо яны будуць насычаныя.

Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваны.
 
Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя.

Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
 
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названы.
 
Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя.

Шчасьлівыя, каго гоняць за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябе́снае.
 
Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праведнасьць, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае.

Шчасьлівыя вы, калі будуць зьдзе́кавацца над вамі і перасьле́даваць вас і ўсяляк несправядліва абгава́рываць вас за Мяне́.
 
Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне будуць зьневажаць вас, і перасьледаваць, і казаць усякае злое слова хлусьліва.

Радуйцеся і це́шцеся, бо вялікая нагаро́да вашая на не́бе; так гналі і прарокаў, якія былі ране́й за вас.
 
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая нагарода вашая ў небе; бо так перасьледавалі прарокаў, якія былі раней за вас.

Вы — соль зямлі; калі-ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе сало́наю? Яна ўжо ні на во́шта не надае́цца, хіба́ толькі вы́кінуць яе́ вон на патапта́ньне людзям.
 
Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям.

Вы — сьвятло́ сьве́ту. Ня можа ме́ста схавацца, стоячы на ве́рсе гары.
 
Вы — сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары.

І, засьвяціўшы сьве́чку, не стаўляюць яе́ пад судзінай, але на ліхтары́, і сьвеціць усім, хто ёсьць у доме.
 
Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць у доме.

Гэтак няхай сьвятло́ вашае сьве́ціць перад людзьмі, каб яны ба́чылі вашыя добрыя дзе́яньні і уславілі Айца́ вашага, што ў нябёсах.
 
Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які ў небе.

Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон ці прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але выпаўніць.
 
Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон ці Прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць.

Бо запраўды́ кажу вам: пакуль не праміне́ не́ба й зямля, ніводная йота ці рыса не праміне́ з закону, пакуль ня вы́паўніцца ўсё.
 
Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, аніводная ёта ці рыска не праміне з Закону, пакуль ня станецца ўсё.

Вось жа, хто парушыць адну з гэтых найме́ншых за́паведзяў і навучыць таго людзе́й, той найме́ншым названы будзе ў Царстве Нябе́сным; а хто выпаўніць і навучыць, той вялікім названы будзе ў Царстве Нябе́сным.
 
Вось жа, хто разьвяжа адно з гэтых найменшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым названы будзе ў Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе ў Валадарстве Нябесным.

Бо кажу вам, калі сьвятасьць ваша не перавы́сіць сьвятасьці кніжнікаў і фарысэяў, то вы ня ўвойдзеце ў Царства Нябе́снае.
 
Бо кажу вам: калі праведнасьць вашая не перавысіць [праведнасьці] кніжнікаў і фарысэяў, вы ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

Вы чулі, што сказана старадаўным: не забівай; хто-ж заб’е́, падлягае суду (Выхад 20:13).
 
Вы чулі, што сказана старадаўным: “Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду”.

А Я кажу вам, што ўсякі, хто гне́ваецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: рака́, падлягае сынэдрыону, а хто скажа: шалёны, падлягае гее́ньне агняво́й.
 
А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: “Рака́”, падлягае сынэдрыёну, а хто скажа: “Дурань”, падлягае гееньне вогненай.

І калі ты прынясе́ш ахвяру тваю на ахвярнік і там прыпомніш, што брат твой ма́е штось проці цябе́,
 
Дык калі ты прынясеш дар твой на ахвярнік, і там узгадаеш, што брат твой ма́е нешта супраць цябе,

пакінь там ахвяру перад ахвярнікам і пайдзі пе́рш пагадзіся з братам тваім, а тады ўжо прыйдзі і прынясі ахвяру тваю.
 
пакінь дар твой перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з братам тваім, а тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой.

Гадзíся з супрацíўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе́ судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе́ слузе́, і ня ўкінулі-б цябе ў цямніцу.
 
Пагадзі́ся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе паслугачу́, і ня быў ты кінуты ў вязьні́цу.

Запраўды кажу табе́: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.
 
Сапраўды кажу табе: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадра́нта.

Вы чулі, што сказана старадаўным: ня блудзі (Выхад 20:14).
 
Вы чулі, што сказана старадаўным: “Не чужалож”.

А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну з блу́днымі ду́мкамі, ужо блудзіць з ёю ў сэрцы сваім.
 
А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну, жадаючы яе, ужо чужаложыць з ёю ў сэрцы сваім.

Калі-ж правае вока тваё спакушае цябе́, вырві яго і кінь ад сябе́, бо ляпе́й табе́, каб загінуў адзін чле́н це́ла твайго, чымся ўсё це́ла тваё будзе ўкíнена ў гее́нну.
 
Калі ж правае вока тваё згаршае цябе, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.

І калі правая рука твая спакушае цябе́, адсякí яе́ і кінь ад сябе́, бо ляпе́й табе́, каб загінуў адзін з чле́наў тваіх, чымся ўсё це́ла тваё будзе ўкíнена ў гее́нну.
 
І калі правая рука твая згаршае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.

Сказана таксама, што, калі хто разлуча́ецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разво́д (Другазаконьне 24:1).
 
Сказана таксама, што, калі хто разлучаецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй развод.

А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю апрача віны блуду, той робіць яе́ распусьніцаю.
 
А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты, той робіць яе чужаложніцай, і хто жэніцца з разьведзенай, той чужаложыць.

Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўным: не ламай прысягі, але спаўняй перад Богам прысягі твае́ (Лявіт 19:12; Другазаконьне 23:21).
 
Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўным: “Не прысягай фальшыва, але спаўняй перад Госпадам прысягі твае”.

А Я кажу вам: не прысягай саўсім: ні не́бам, бо яно — пасад Божы;
 
А Я кажу вам: не прысягай зусім, ані небам, бо яно — пасад Божы;

ні зямлёю, бо яна — падножжа ног Яго, ні Ерузалімам, бо ён — ме́ста вялікага Цара́;
 
ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Ягоных, ані Ерусалімам, бо ён — горад вялікага Валадара;

ні галавою сваёй не прысягай, бо ня можаш ніводнага воласа зрабіць бе́лым ці чорным.
 
ані галавою сваёю не прысягай, бо ня можаш аніводнага воласу зрабіць белым ці чорным.

Але няхай будзе слова вашае: але́, але́; не́, не́; а што больш таго, тое ад злога.
 
Але няхай будзе слова вашае: “Так, так”, “Не, не”, а што больш таго, тое ад злога.

Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб (Выхад 21:24).
 
Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”.

А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдэрыць цябе́ ў правую шчаку́, павярні да яго і другую,
 
А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, павярні да яго і другую,

і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе́ сарочку, аддай яму й вопратку;
 
і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе вопратку, аддай яму і шаты;

і хто прымусіць цябе́ ісьці з ім мілю, ідзі з ім дзьве́.
 
і хто прымусіць цябе ісьці з ім адну мілю, ідзі з ім дзьве.

Про́сячаму ў цябе́ дай і ня ўхіляйся ад таго, хто хоча ў цябе́ пазы́чыць.
 
Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.

Вы чулі, што сказана: любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго (Лявіт 19:17−18).
 
Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”.

А Я кажу вам: любе́це ворагаў вашых, сла́ўце праклінаючых вас, рабе́це дабро ненавідзячым вас і мале́цеся за крыўдзячых вас і перасьле́дуючых вас,
 
А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас і перасьледуюць вас,

каб сталіся сынамі Айца вашага, што ў нябёсах, бо Ён зага́двае сонцу свайму ўсхадзіць над добрымі і благімі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
 
каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ў небе, бо Ён узьнімае сонца Сваё над добрымі і злымі і спасылае дождж на праведных і няправедных.

Бо, калі вы будзеце любіць лю́бячых вас, якая вам нагарода? Ці-ж ня тое самае робяць і мытнікі?
 
Бо калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам нагарода? Ці ж ня так робяць і мытнікі?

І калі вы віта́еце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці-ж ня гэтак робяць і пагане?
 
І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж не такім чынам робяць і мытнікі?

Будзьце-ж беззага́ннымі, як беззаганны Аце́ц ваш, што ў нябёсах.
 
Дык будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш, Які ў небе.