Мацьвея 5 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Убачыўшы грамады народу, Ён узышоў на гару́, і, калі се́ў, прыступілі да Яго вучні Яго.
 
І, убачыўшы натоўпы, Ён узышоў на гару. І калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго.

І Ён, расчыніўшы вусны Свае́, навучаў іх, кажучы:
 
І Ён, адкрыўшы вусны Свае, вучыў іх, кажучы:

Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябе́снае.
 
Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябёсаў.

Шчасьлівыя пла́чучыя, бо яны ўце́шацца.
 
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць усцешаны.

Шчасьлівыя ціхія, бо яны ўнасьле́дуюць зямлю.
 
Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.

Шчасьлівыя галодныя і пра́гнучыя праўды, бо яны насы́цяцца.
 
Шчаслівыя згаладалыя і спрагнёныя праўды, бо яны натоляцца.

Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваны.
 
Шчаслівыя літасцівыя, бо над імі злітуюцца.

Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
 
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога.

Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названы.
 
Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названы сынамі Божымі.

Шчасьлівыя, каго гоняць за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябе́снае.
 
Шчаслівыя, каго гоняць за праведнасць, бо іх ёсьць Царства Нябёсаў.

Шчасьлівыя вы, калі будуць зьдзе́кавацца над вамі і перасьле́даваць вас і ўсяляк несправядліва абгава́рываць вас за Мяне́.
 
Шчаслівыя вы, калі будуць вас ганьбіць, і гнаць, і хлусліва казаць супроць вас усялякае ліхое з-за Мяне.

Радуйцеся і це́шцеся, бо вялікая нагаро́да вашая на не́бе; так гналі і прарокаў, якія былі ране́й за вас.
 
Радуйцеся і весяліцеся, таму што вялікая ваша ўзнагарода ў нябёсах: бо так гналі прарокаў, што былі перад вамі.

Вы — соль зямлі; калі-ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе сало́наю? Яна ўжо ні на во́шта не надае́цца, хіба́ толькі вы́кінуць яе́ вон на патапта́ньне людзям.
 
Вы — соль зямлі, калі ж соль абяссолее, чым яе насаліць? Ні на што яна ўжо не прыдатная, хіба толькі выкінуць вон, каб тапталі людзі.

Вы — сьвятло́ сьве́ту. Ня можа ме́ста схавацца, стоячы на ве́рсе гары.
 
Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць наверсе гары.

І, засьвяціўшы сьве́чку, не стаўляюць яе́ пад судзінай, але на ліхтары́, і сьвеціць усім, хто ёсьць у доме.
 
І, запальваючы светач, не ставяць яго пад пасудзіну, а на падстаўку, і ён свеціць усім у доме.

Гэтак няхай сьвятло́ вашае сьве́ціць перад людзьмі, каб яны ба́чылі вашыя добрыя дзе́яньні і уславілі Айца́ вашага, што ў нябёсах.
 
Няхай свеціць так ваша святло перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі вашага Бацьку, што ў нябёсах.

Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон ці прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але выпаўніць.
 
Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў; Я прыйшоў не адмяніць, а здзейсніць.

Бо запраўды́ кажу вам: пакуль не праміне́ не́ба й зямля, ніводная йота ці рыса не праміне́ з закону, пакуль ня вы́паўніцца ўсё.
 
Бо сапраўды кажу вам: пакуль не адыдзе неба і зямля, ні адна ёта і ні адна рыска ні ў якім разе не адыдзе з закона, пакуль не спраўдзіцца ўсё.

Вось жа, хто парушыць адну з гэтых найме́ншых за́паведзяў і навучыць таго людзе́й, той найме́ншым названы будзе ў Царстве Нябе́сным; а хто выпаўніць і навучыць, той вялікім названы будзе ў Царстве Нябе́сным.
 
Дык, хто адменіць адну з найменшых гэтых запаведзяў і так навучыць людзей, той будзе названы найменшым у Царстве Нябёсаў; а хто выканае і навучыць, той будзе названы вялікім у Царстве Нябёсаў.

Бо кажу вам, калі сьвятасьць ваша не перавы́сіць сьвятасьці кніжнікаў і фарысэяў, то вы ня ўвойдзеце ў Царства Нябе́снае.
 
Бо кажу вам, калі ваша праведнасць не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы ні ў якім разе не ўвойдзеце ў Царства Нябёсаў.

Вы чулі, што сказана старадаўным: не забівай; хто-ж заб’е́, падлягае суду (Выхад 20:13).
 
Вы чулі, што сказана старажытным: «Не забівай, а хто заб’е, падпадзе пад суд».

А Я кажу вам, што ўсякі, хто гне́ваецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: рака́, падлягае сынэдрыону, а хто скажа: шалёны, падлягае гее́ньне агняво́й.
 
А Я кажу вам, кожны, хто [дарэмна] гневаецца на свайго брата, падпадзе пад суд; а хто скажа свайму брату: «Рака4» падпадзе пад суд сінедрыёна5, а хто скажа «Марэ»6, падпадзе пад кару геены вогненнай.

І калі ты прынясе́ш ахвяру тваю на ахвярнік і там прыпомніш, што брат твой ма́е штось проці цябе́,
 
Дык калі ты будзеш прыносіць свой дар на ахвярнік і там успомніш, што твой брат мае нешта супроць цябе,

пакінь там ахвяру перад ахвярнікам і пайдзі пе́рш пагадзіся з братам тваім, а тады ўжо прыйдзі і прынясі ахвяру тваю.
 
то пакінь там свой дар перад ахвярнікам і пайдзі перш прымірыся са сваім братам, і тады прыйдзі і прынясі свой дар.

Гадзíся з супрацíўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе́ судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе́ слузе́, і ня ўкінулі-б цябе ў цямніцу.
 
Хутчэй мірыся са сваім праціўнікам, пакуль з ім у дарозе, каб праціўнік не перадаў цябе суддзі, а суддзя [не перадаў цябе] выканаўцу, і ты не быў кінуты ў турму.

Запраўды кажу табе́: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.
 
Сапраўды кажу табе: ні ў якім разе не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта7.

Вы чулі, што сказана старадаўным: ня блудзі (Выхад 20:14).
 
Вы чулі, што сказана [для старажытных]: «Не чужалож».

А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну з блу́днымі ду́мкамі, ужо блудзіць з ёю ў сэрцы сваім.
 
А Я вам кажу, што кожны, хто пажадліва глядзіць на жанчыну, ужо чужаложыў з ёю ў сваім сэрцы.

Калі-ж правае вока тваё спакушае цябе́, вырві яго і кінь ад сябе́, бо ляпе́й табе́, каб загінуў адзін чле́н це́ла твайго, чымся ўсё це́ла тваё будзе ўкíнена ў гее́нну.
 
Калі ж тваё правае вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не ўсё тваё цела было ўкінута ў геену.

І калі правая рука твая спакушае цябе́, адсякí яе́ і кінь ад сябе́, бо ляпе́й табе́, каб загінуў адзін з чле́наў тваіх, чымся ўсё це́ла тваё будзе ўкíнена ў гее́нну.
 
І калі правая твая рука ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не ўсё тваё цела пайшло ў геену.

Сказана таксама, што, калі хто разлуча́ецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разво́д (Другазаконьне 24:1).
 
І было сказана: «Хто адпусціць жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст».

А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю апрача віны блуду, той робіць яе́ распусьніцаю.
 
А Я кажу вам, што кожны, хто адпускае жонку сваю, апроч як з прычыны распусты, даводзіць яе да чужаложства; і хто ажэніцца з адпушчанаю, чужаложыць.

Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўным: не ламай прысягі, але спаўняй перад Богам прысягі твае́ (Лявіт 19:12; Другазаконьне 23:21).
 
Яшчэ вы чулі, што было сказана старажытным: «Не парушай клятвы, а выконвай перад Госпадам свае клятвы».

А Я кажу вам: не прысягай саўсім: ні не́бам, бо яно — пасад Божы;
 
А Я кажу вам, каб вы не кляліся зусім: ні небам, таму што яно трон Божы;

ні зямлёю, бо яна — падножжа ног Яго, ні Ерузалімам, бо ён — ме́ста вялікага Цара́;
 
ні зямлёю, таму што яна падножжа Яго ног, ні Іерусалімам, таму што ён горад вялікага Цара;

ні галавою сваёй не прысягай, бо ня можаш ніводнага воласа зрабіць бе́лым ці чорным.
 
сваёю галавою не кляніся, таму што не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.

Але няхай будзе слова вашае: але́, але́; не́, не́; а што больш таго, тое ад злога.
 
А ваша слова няхай будзе: «так, так», «не, не», а што звыш гэтага, тое ад ліхога.

Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб (Выхад 21:24).
 
Вы чулі, што было сказана: «Вока за вока і зуб за зуб».

А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдэрыць цябе́ ў правую шчаку́, павярні да яго і другую,
 
А Я кажу вам, каб вы не супраціўляліся злому, але хто б’е цябе ў [тваю] правую шчаку, павярні да яго і другую;

і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе́ сарочку, аддай яму й вопратку;
 
і хто хоча судзіцца з табою і ўзяць твой хітон8, — уступі яму і плашч;

і хто прымусіць цябе́ ісьці з ім мілю, ідзі з ім дзьве́.
 
і хто прымусіць цябе ісці адну мілю9, ідзі з ім дзве.

Про́сячаму ў цябе́ дай і ня ўхіляйся ад таго, хто хоча ў цябе́ пазы́чыць.
 
Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.

Вы чулі, што сказана: любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго (Лявіт 19:17−18).
 
Вы чулі, што было сказана: «Любі свайго блізкага і ненавідзь свайго ворага».

А Я кажу вам: любе́це ворагаў вашых, сла́ўце праклінаючых вас, рабе́це дабро ненавідзячым вас і мале́цеся за крыўдзячых вас і перасьле́дуючых вас,
 
А Я кажу вам: любіце сваіх ворагаў, [дабраслаўляйце тых, хто праклінае вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас] і маліцеся за тых, што [крыўдзяць вас і] гоняць вас;

каб сталіся сынамі Айца вашага, што ў нябёсах, бо Ён зага́двае сонцу свайму ўсхадзіць над добрымі і благімі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
 
каб вам зрабіцца сынамі вашага Бацькі, Які ў нябёсах, таму што Ён узводзіць Сваё сонца над злымі і добрымі і пралівае дождж на праведных і няправедных.

Бо, калі вы будзеце любіць лю́бячых вас, якая вам нагарода? Ці-ж ня тое самае робяць і мытнікі?
 
Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж не тое самае робяць і зборшчыкі падаткаў?

І калі вы віта́еце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці-ж ня гэтак робяць і пагане?
 
І калі будзеце вітаць толькі вашых братоў, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі?

Будзьце-ж беззага́ннымі, як беззаганны Аце́ц ваш, што ў нябёсах.
 
Дык будзьце вы дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька Нябесны.