Мацьвея 22 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Ісус, адказваючы дале́й, казаў прыповесьцямі:
 
І ў адказ Ісус зноў прамаўляў ім у прыпавесцях, кажучы:

Царства Нябе́снае падобна да чалаве́ка цара́, каторы справіў вясе́льле для сына свайго.
 
Царства Нябёсаў падобнае да аднаго цара, што справіў вяселле свайму сыну.

І паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясе́льле; і не хаце́лі прыйсьці.
 
І паслаў сваіх слуг, каб паклікалі запрошаных на вяселле, але тыя не захацелі прыйсці.

Зноў паслаў другіх слуг, сказаўшы: скажэце запрошаным: вось я прыгатаваў абе́д мой, валы́ мае́ і, што ўкормлена, зарэзаны, ды ўсё гатова; прыходзьце на вясе́льле.
 
Ён зноў паслаў іншых слуг, кажучы: Скажыце запрошаным: «Вось я падрыхтаваў мой абед, мае быкі і адкормленая жывёла заколаты, і ўсё гатова; ідзіце на вяселле!»

Але яны, не зважаючы на тое, пайшлі — хто на поле сваё, а хто да свайго гандлю.
 
Яны ж, занядбаўшы гэта, паразыходзіліся, хто — на ўласнае поле, хто — да гандлю свайго;

Другія-ж, схапіўшы слуг яго, назьдзе́каваліся і забілі іх.
 
а астатнія, схапіўшы яго слуг, зняважылі і забілі іх.

Пачуўшы аб гэтым, цар узлаваўся і паслаў войскі свае́ вынішчыць забойцаў гэных і спаліць ме́ста іхняе.
 
І цар, [пачуўшы], разневаўся і, паслаўшы свае войскі, вынішчыў тых забойцаў, а іх горад спаліў.

Тады кажа ён слугам сваім: вясе́льле гатова; але закліканыя ня былі дастойны.
 
Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатовае, ды запрошаныя былі не вартымі;

Дык пайдзе́це на росстані і ўсіх, каго сустрэнеце, клічце на вясе́льле.
 
дык ідзіце ж на скрыжаванні дарог і, каго знойдзеце, клічце на вяселле.

І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі: і благіх, і добрых; і на вясе́льлі было поўна гасьце́й.
 
І тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі, і ліхіх, і добрых; і вясельная зала напоўнілася застольнікамі.

Цар, увайшоўшы паглядзе́ць банкетуючых, убачыў там чалаве́ка, адзе́тага не ў вясе́льную вопратку,
 
І цар, увайшоўшы паглядзець на застольнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельнае ўбранне,

і кажа яму: дружа, як ты ўвайшоў сюды не ў вясе́льнай вопратцы? Той жа маўчаў.
 
і кажа яму: Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не меўшы вясельнага ўбрання? — Той жа маўчаў.

Тады сказаў цар слугам: зьвяжэце яму рукі й ногі, вазьме́це яго і ўкіньце ў це́мру вонкавую; там будзе плач і скрыгот зубоў,
 
Тады цар сказаў слугам: Звязаўшы яму ногі і рукі, [вазьміце яго і] выкіньце яго ў знадворную цемру; там будзе плач і скрыгат зубоў.

Бо многа запрошаных, але мала выбраных.
 
Бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

Тады фарысэі пайшлі і радзіліся, як бы ўлавіць Яго на словах.
 
Тады фарысеі, пайшоўшы, зрабілі раду, як бы прылавіць Яго на слове.

І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадзіянамі, кажучы: Вучыцель! мы ве́даем, што Ты справядлівы і аб шляху Божым справядліва навучаеш, дый ня дбаеш ні аб кога, бо не глядзіш ні на якое аблічча.
 
І пасылаюць да Яго сваіх вучняў з ірадыянамі68, каб сказаць: Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і Божай дарозе ў праўдзе навучаеш і ні на кім Табе не залежыць: бо не глядзіш на аблічча людзей.

Дык скажы-ж нам: як Табе́ здае́цца? Ці гожа даваць падатак цару, ці не́?
 
Дык скажы нам, як здаецца Табе, ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?

Але Ісус, бачучы злосную хітрасьць іх, сказаў: што спакушаеце Мяне́, крывадушныя?
 
Але Ісус, ведаючы іх падступнасць, сказаў: Што вы Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?

Пакажэце Мне́ манэту, якою плоціцца падатак. Яны прыне́сьлі Яму дынар.
 
Пакажыце Мне падатковую манету. — І яны прынеслі Яму дынарый.

І кажа ім: чыё гэта выабражэньне і надпіс?
 
І Ён кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс?

Кажуць Яму: ца́равы. Тады кажа ім: дык аддайце ца́рава цару́, а Божае Богу.
 
Яны кажуць Яму: Кесарава. — Тады Ён кажа ім: Дык аддавайце кесарава кесару, а Божае — Богу.

Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі.
 
І, пачуўшы гэта, яны здзівіліся, і, пакінуўшы Яго, адышлі.

У той дзе́нь прыступіліся да Яго саддуке́і, каторыя кажуць, што няма ўваскрасе́ньня, і спыталіся ў Яго:
 
У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго,

Вучыцель! Майсе́й сказаў: калі хто памрэ, ня маючы дзяце́й, то брат яго няхай возьме за сябе́ жонку яго і адновіць насе́ньне брату свайму (Другазаконьне 25:5).
 
кажучы: Настаўніку, Маісей сказаў: «Калі хто памрэ, не маючы дзяцей, то няхай яго брат ажэніцца з яго жонкаю і ўзновіць патомства свайму брату».

Было вось у нас се́м братоў; пе́ршы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяце́й, пакінуў жонку сваю брату свайму.
 
Было ж у нас сем братоў; і першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы патомства, пакінуў сваю жонку брату свайму;

Таксама і другі, і трэці, аж да сёмага.
 
таксама і другі, і трэці, аж да сёмага;

Пасьля-ж усіх памёрла і жонка.
 
а пасля ўсіх памерла жанчына.

Дык у час уваскрасе́ньня каму з сямех будзе яна жонкаю? Бо ўсе́ ме́лі яе́.
 
Дык ва ўваскрэсенні — жонкаю каторага з сямі яна будзе? Бо ўсе мелі яе?

Ісус сказаў ім у адказ: памыля́ецеся, ня ве́даючы Пісаньня, ні сілы Божае.
 
Ісус жа сказаў ім у адказ: Вы памыляецеся, не ведаючы ні Пісанняў, ні сілы Божай:

Бо пры ўваскрасе́ньні ані жэняцца, ані йдуць замуж, але прабываюць як ангелы Божыя на не́бе.
 
бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца і не выходзяць замуж, а яны — як Анёлы [Божыя] ў небе.

А аб ускрасе́ньні паме́ршых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам, які гавора:
 
А пра ўваскрэсенне мёртвых няўжо вы не чыталі сказанага вам Богам, Які кажа:

Я Бог Аўраама, і Бог Ізаака, і Бог Якава! Бог ня ёсьць Бог памёршых, але жывых (Выхад 3:6).
 
«Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іякава»? Ён не Бог мёртвых, а жывых.

І, чуючы, народ дзівіўся з навукі Яго.
 
І, пачуўшы гэта, натоўпы дзівіліся Яго вучэнню.

А фарысэі, пачуўшы, што Ён прымусіў саддуке́яў змоўкнуць, сабраліся разам.
 
А фарысеі, пачуўшы, што Ён прымусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся разам.

І адзін з іх, законьнік, спакушаючы Яго, спытаўся, кажучы:
 
І адзін з іх, [законнік] спытаўся, выпрабоўваючы Яго і [кажучы]:

Вучыцель! якое найбо́льшае прыказа́ньне ў законе?
 
Настаўніку, якая запаведзь самая вялікая ў законе?

Ісус сказаў яму: палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсе́ю душою тваёю, і ўсім разуме́ньнем тваім (Другазаконьне 6:5).
 
[Ісус] жа сказаў яму: «Палюбі Госпада, твайго Бога, усім сваім сэрцам, і ўсёю сваёю душою, і ўсім сваім разуменнем»;

Гэта ёсьць пе́ршае і найбольшае прыказаньне.
 
гэта самая вялікая і першая запаведзь.

Другое-ж — падобнае яму: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе́ (Лявіт 19:8).
 
Другая ж падобная да яе: «Палюбі свайго блізкага, як самога сябе».

На гэтых двох прыказаньнях грунту́ецца ўве́сь закон і прарокі.
 
На гэтых дзвюх запаведзях трымаецца ўвесь закон і прарокі.

Калі-ж сабраліся фарысэі, Ісус спытаўся ў іх:
 
Калі ж сабраліся фарысеі, Ісус спытаўся ў іх,

Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.
 
кажучы: Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын? — Яны кажуць Яму: Давідаў.

Кажа ім: як жа Давід у духу заве́ Яго Госпадам, калі кажа:
 
Ён кажа ім: Дык як Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:

Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне́, дакуль пакладу ворагаў Тваіх да падножжа ног Тваіх (Псальм 109:1).
 
«Сказаў Госпад майму Госпаду: сядзі праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад ногі Твае?»

Дык калі Давід заве́ Яго Госпадам, як жа Ён — сын ягоны?
 
Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён яго сын?

І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і з таго дня ніхто ўжо не адважа́ўся задаваць Яму пытаньні.
 
І ніхто не мог адказаць Яму ні слова; і ніхто з таго дня не адважыўся больш пытацца ў Яго.