Мацьвея 5 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Анатоля Клышкi
І, убачыўшы натоўпы людзей, (Ён) узыйшоў на гару; і, калі Ён сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя.
І, убачыўшы натоўпы, Ён узышоў на гару. І калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго.
І, расчыніўшы Вусны Свае, навучаў іх, кажучы:
І Ён, адкрыўшы вусны Свае, вучыў іх, кажучы:
шчасьлівыя ўбогія духам, бо іхнае ёсьць Валадарства Нябёсаў.
Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябёсаў.
Шчасьлівыя плачучыя, бо яны будуць усьцешаныя.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць усцешаны.
Шчасьлівыя лагодна-пакорлівыя, бо яны ўспа́дкуюць зямлю.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
Шчасьлівыя галадаючыя і прагнучыя па праведнасьці, бо яны насычаны будуць.
Шчаслівыя згаладалыя і спрагнёныя праўды, бо яны натоляцца.
Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.
Шчаслівыя літасцівыя, бо над імі злітуюцца.
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога.
Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Бога будуць названы.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названы сынамі Божымі.
Шчасьлівыя выгнаныя з-за праведнасьці, бо іх ёсьць Валадарства Нябёсаў.
Шчаслівыя, каго гоняць за праведнасць, бо іх ёсьць Царства Нябёсаў.
Шчасьлівыя вы, калі вас будуць ганьбіць і выганяць, і ўсяк зласлоўнічаць вас нясправядліва з-за Мяне.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас ганьбіць, і гнаць, і хлусліва казаць супроць вас усялякае ліхое з-за Мяне.
Радуйцеся і весялецеся, бо вялікая вашая ўзнагарода на Нябёсах: бо так гналі прарокаў, якія былі раней за вас.
Радуйцеся і весяліцеся, таму што вялікая ваша ўзнагарода ў нябёсах: бо так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым будзе вернена ёй сіла салёнасьці? Яна ўжо ні на вошта ня прыдатная, хíба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям.
Вы — соль зямлі, калі ж соль абяссолее, чым яе насаліць? Ні на што яна ўжо не прыдатная, хіба толькі выкінуць вон, каб тапталі людзі.
Вы — сьвятло сьвету; ня можа схавацца места, якое стаіць наверсе гары.
Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць наверсе гары.
І, запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінай, але на ліхтары, і сьвеціць усім, хто ў доме.
І, запальваючы светач, не ставяць яго пад пасудзіну, а на падстаўку, і ён свеціць усім у доме.
Няхай сьвеціць сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны ўбачылі вашыя добрыя дзеяньні і ўславілі Ба́цьку вашага, Які ў Нябёсах.
Няхай свеціць так ваша святло перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі вашага Бацьку, што ў нябёсах.
Ня падумайце, што Я прыйшоў καταλυσαι (раскрыць да найглыбейшых глыбіняў) Закон альбо Прарокаў; ня прыйшоў (Я) καταλυσαι, але выпаўніць.
Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў; Я прыйшоў не адмяніць, а здзейсніць.
Бо запраўды кажу вам, што ніводная ёта ці рыса ў Законе ня марна (напісана), але пакуль яшчэ існу́е гэтая зямля і неба, будзе ўсё выпаўнена.
Бо сапраўды кажу вам: пакуль не адыдзе неба і зямля, ні адна ёта і ні адна рыска ні ў якім разе не адыдзе з закона, пакуль не спраўдзіцца ўсё.
Пагэтаму, хто (толькі) разьвяжа (правільна растлумачыць сэнс) аднаго з гэтых малейшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, малейшым будзе названы ў Гаспадарстве Нябёсаў. А хто выканае і навучыць, той вялікім будзе названы ў Гаспадарстве Нябёсаў.
Дык, хто адменіць адну з найменшых гэтых запаведзяў і так навучыць людзей, той будзе названы найменшым у Царстве Нябёсаў; а хто выканае і навучыць, той будзе названы вялікім у Царстве Нябёсаў.
Дык кажу вам, што калі праведнасьць вашая ня перавысіць намнога праведнасьці кніжнікаў і хварысэяў, ня ўвойдзеце ў Гаспадарства Нябёсаў.
Бо кажу вам, калі ваша праведнасць не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы ні ў якім разе не ўвойдзеце ў Царства Нябёсаў.
Вы чулі, што сказана старадаўным: ня забівай, хто ж заб’е будзе адданы суду.
Вы чулі, што сказана старажытным: «Не забівай, а хто заб’е, падпадзе пад суд».
А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, будзе адданы суду; а хто скажа брату свайму: «ра́ка», будзе адданы сынедрыёну; а хто скажа: «дурны», будзе адданы гееньне агнявой.
А Я кажу вам, кожны, хто [дарэмна] гневаецца на свайго брата, падпадзе пад суд; а хто скажа свайму брату: «Рака4» падпадзе пад суд сінедрыёна5, а хто скажа «Марэ»6, падпадзе пад кару геены вогненнай.
Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніку і там успомніш, што брат твой мае нешта супроць цябе,
Дык калі ты будзеш прыносіць свой дар на ахвярнік і там успомніш, што твой брат мае нешта супроць цябе,
пакінь там дар твой перад ахвярнікам і ідзі перш памірыся з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой.
то пакінь там свой дар перад ахвярнікам і пайдзі перш прымірыся са сваім братам, і тады прыйдзі і прынясі свой дар.
Мірыся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб супраціўнік ня аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя ня аддаў цябе слузе, і каб ня быць табе кінутым у вязьніцу.
Хутчэй мірыся са сваім праціўнікам, пакуль з ім у дарозе, каб праціўнік не перадаў цябе суддзі, а суддзя [не перадаў цябе] выканаўцу, і ты не быў кінуты ў турму.
Праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль ня аддасі апошняга кадранта.
Сапраўды кажу табе: ні ў якім разе не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта7.
(Вы) чулі, што сказана старадаўным: ня рабі пералюбу.
Вы чулі, што сказана [для старажытных]: «Не чужалож».
А Я кажу вам, што кожны, што глядзіць на жанчыну з блудным пажаданьнем яе, ужо ўчыніў пералюб зь ёй у сэрцы сваім.
А Я вам кажу, што кожны, хто пажадліва глядзіць на жанчыну, ужо чужаложыў з ёю ў сваім сэрцы.
Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлясаў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінута ў геенну.
Калі ж тваё правае вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не ўсё тваё цела было ўкінута ў геену.
І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлясаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.
І калі правая твая рука ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не ўсё тваё цела пайшло ў геену.
Сказана таксама: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, хай дасьць ёй развод.
І было сказана: «Хто адпусціць жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст».
А Я кажу вам, што хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, акрамя прычыны пералюбу, той робіць яе пералюбкай, і калі хто ўзяў у жонкі разьведзеную, (той) пералюбствуе.
А Я кажу вам, што кожны, хто адпускае жонку сваю, апроч як з прычыны распусты, даводзіць яе да чужаложства; і хто ажэніцца з адпушчанаю, чужаложыць.
Яшчэ (вы) чулі, што сказана старадаўным: ня прысягайся ілжыва, але выконвай перад Госпадам прысягі твае.
Яшчэ вы чулі, што было сказана старажытным: «Не парушай клятвы, а выконвай перад Госпадам свае клятвы».
А Я кажу вам: ня прысягайся зусім: ні Небам, бо Яно Пасад Божы;
А Я кажу вам, каб вы не кляліся зусім: ні небам, таму што яно трон Божы;
ні зямлёю, бо яна падножжа Ног Ягоных, ні Ярузалімам, бо ён места вялікага Караля,
ні зямлёю, таму што яна падножжа Яго ног, ні Іерусалімам, таму што ён горад вялікага Цара;
ні галавою сваёю ня прысягайся, бо ня можаш ніводнага воласа зрабіць белым ці чорным.
сваёю галавою не кляніся, таму што не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.
Але няхай будзе слова вашае: так, так; не, не; а што больш таго, яно ад злога.
А ваша слова няхай будзе: «так, так», «не, не», а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
Вы чулі, што сказана: вока за вока, і зуб за зуб.
Вы чулі, што было сказана: «Вока за вока і зуб за зуб».
А Я кажу вам: ня праціўся злому, але, (калі) хто ўдарыць цябе ў тваю правую шчаку, павярні да яго і другую;
А Я кажу вам, каб вы не супраціўляліся злому, але хто б’е цябе ў [тваю] правую шчаку, павярні да яго і другую;
і калі (хто) захоча з табою судзіцца і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку,
і хто хоча судзіцца з табою і ўзяць твой хітон8, — уступі яму і плашч;
і (калі) хто прымусіць цябе ісьці зь ім мілю, ідзі зь ім дзьве.
і хто прымусіць цябе ісці адну мілю9, ідзі з ім дзве.
Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе ня адварочвайся.
Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.
Вы чулі, што сказана: любі блізкага твайго і нянавідзь ворага твайго.
Вы чулі, што было сказана: «Любі свайго блізкага і ненавідзь свайго ворага».
А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, багаслаўляйце праклінаючых вас, рабеце дабро нянавідзячым вас і малецеся за крыўдзячых вас і перасьледуючых вас,
А Я кажу вам: любіце сваіх ворагаў, [дабраслаўляйце тых, хто праклінае вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас] і маліцеся за тых, што [крыўдзяць вас і] гоняць вас;
каб вам быць сынамі Ба́цькі вашага, што ў Нябёсах, бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над благімі і добрымі, і пасылае дождж на праведных і няправедных.
каб вам зрабіцца сынамі вашага Бацькі, Які ў нябёсах, таму што Ён узводзіць Сваё сонца над злымі і добрымі і пралівае дождж на праведных і няправедных.
Бо калі вы любіце любячых вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі?
Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж не тое самае робяць і зборшчыкі падаткаў?
І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і мытнікі?
І калі будзеце вітаць толькі вашых братоў, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі?
Пагэтаму (і) вы будзьце дасканалымі, як дасканалы Ба́цька ваш, Які ёсьць у Нябёсах.
Дык будзьце вы дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька Нябесны.