Мацьвея 11 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Анатоля Клышкi
І сталася: як скончыў Ісус навучаць дванаццаць вучняў Сваіх, перайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у местах іхных.
І сталася, калі Ісус скончыў павучанні сваім дванаццаці вучням, Ён перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іх гарадах.
А Яан, пачуўшы ў вязьніцы пра Дзеяньні Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх,
А Іаан, пачуўшы ў турме пра Хрыстовы справы, паслаў праз28 сваіх вучняў
ён сказаў Яму: ці Ты Той, што павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?
І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: пайдзіце, абвясьціце Яану, што чуеце і бачыце:
І ў адказ Ісус сказаў ім: ідзіце, скажыце Іаану, што вы чуеце і бачыце:
сьляпыя празіраюць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрашаюцца і ўбогім абвяшчаецца Эвангельле
сляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць; мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогія дабравесцяць;
і шчасьлівы, хто ня спакусіцца ўва Мне.
і шчаслівы, хто не разуверыцца ўва Мне.
Калі ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яана: што глядзець хадзілі вы ў пустэльню? ці трысьціну, што ад ветра хістаецца?
Калі ж яны пайшлі, Ісус пачаў казаць натоўпам пра Іаана: На што вы выходзілі глядзець у пустэльню? Ці не на трыснёг, што ад ветру гайдаецца?
Што ж убачыць хадзілі (вы)? Чалавека, апранутага ў мяккія вопраткі? Вось тыя, што носяць мяккія вопраткі, знаходзяцца ў гаспадарскіх харомах.
Што ж вы выходзілі ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць шаты, знаходзяцца у царскіх харомах.
Дык што ўбачыць хадзілі вы? прарока? праўду кажу вам, нават больш, чым прарока.
Што ж вы выходзілі ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і большага, чым прарока.
Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: вось Я пасылаю Ангела Майго перад Абліччам Тваім, які прыгатовіць шлях Твой перад Табою.
[Бо] гэта той, пра каго напісана: «Вось, Я пасылаю Майго пасланца перад Тваім абліччам, які падрыхтуе Тваю дарогу перад Табою».
Праўду кажу вам: з народжаных жанчынамі ня паўставаў большы за Яана Хрысьціцеля; але найменшы ў Гаспадарстве Нябёсаў большы за яго.
Сапраўды кажу вам: між народжаных ад жанчын не паўстаў большы за Іаана Хрысціцеля; але меншы ў Царстве Нябёсаў большы за яго.
Ад дзён жа Яана Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябёсаў сілаю здабываецца, і змагары авалодваюць Ім.
Ды ад дзён Іаана Хрысціцеля аж дасюль Царства Нябёсаў бярэцца сілаю, і тыя, што ўжываюць сілу, здабываюць яго.
Бо ўсе Прарокі і Закон прараклі да Яана.
Бо ўсе прарокі і закон прарочылі да Іаана;
І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці.
і калі хочаце прыняць, то ён — Ілія, якому належыць прыйсці.
Хто мае вушы чуць, няхай чуе!
Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе.
Але каму ўпадоблю род гэты? Ён падобны да хлопчыкаў, якія сядзяць на вуліцы і зьвяртаючыся да сяброў сваіх
З кім жа параўнаю гэтае пакаленне? Яно падобнае да дзяцей, што сядзіць на рыначных плошчах і, аклікаючы іншых29,
гавораць: мы ігралі вам на жалейцы, і вы ня скакалі; (мы) пелі вам жалобныя песьні, а вы ня плакалі.
кажуць: «Мы ігралі вам на флейце, а вы не скакалі; мы спявалі [вам] пахавальную песню, а вы не галасілі».
Бо прыйшоў Яан, які ня есьць, ня п’е, і кажуць: (ён) мае дэмана.
Бо прыйшоў Іаан — не есць і не п’е; і яны кажуць: «У ім дэман».
Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і кажуць: вось Чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў. І апраўдана мудрасьць цераз дзяцей ейных.
Прыйшоў Сын Чалавечы — і есць і п’е; і яны кажуць: «Вось, чалавек — ахвотнік паесці і выпіць, сябар зборшчыкаў падаткаў і грэшнікаў». Ды апраўдалася Мудрасць яе ўчынкамі30.
Тады пачаў Ён дакараць месты, у якіх найбольш была выяўлена моц Ягоная за тое, што яны ня пакаяліся:
Тады Ён пачаў дакараць гарады, дзе адбылося найбольш Яго цудаў, за тое, што яны не пакаяліся:
гора табе, Харазін! гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне былі праяўленыя сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны ў радне́ і попелі пакаяліся
Бяда табе, Харадзіне, бяда табе, Віфсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне адбыліся цуды, што адбыліся ў вас, яны б даўно ў валасяніцы і попеле пакаяліся.
Але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень суду, чым вам.
Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў судны дзень, чым вам.
І ты, Капэрнавум, што аж да неба быў узвышаны, ажно да пекла будзеш зрынуты, бо калі б у Садоме былі праяўленыя сілы, праяўленыя ў табе, то ён застаўся б нават па сёньняшні дзень.
А ты, Капернауме, хіба да неба ўзвысішся31? Да пекла зыдзем32, бо калі б у Садоме адбыліся цуды, што адбыліся ў табе, то ён застаўся б да сённяшняга дня.
Дык жа кажу вам, што зямлі Садому лягчэй будзе ў дзень суду, чым табе.
Але кажу вам, што лягчэй будзе Садомскай зямлі ў судны дзень, чым табе.
У той час, кажучы далей, Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Тата, Госпад Неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў тое дзецям.
У той час казаў Ісус у адказ: Усхваляю Цябе, Татухна, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям;
Так Тата! бо такая была Твая добрая воля.
Так, Татухна, бо гэта было Табе даспадобы.
Усё Мне перададзена Ба́цькам Маім, і ніхто ня ведае Сына, акрамя Ба́цькі; і Ба́цьку ніхто ня ведае, акрамя Сына; і каму Сын хоча адкрыць.
Усё Мне перададзена Маім Бацькам, і ніхто не ведае Сына, апроч Бацькі; і ніхто не ведае Бацькі, апроч Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас.
Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супакой.
Вазьмеце Ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам, і знойдзеце супакой ду́шам вашым.
Вазьміце Маё ярмо на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я літасцівы і лагодны сэрцам; і знойдзеце спакой вашым душам:
Бо Ярмо Маё карыснае, і Цяжар Мой лёгкі.
бо Маё ярмо лагоднае і Мая ноша лёгкая.