Да Рымлянаў 9 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
Праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу́, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму:
што вялікі смутак мой і няспынны боль у сэрцы маім,
я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці;
бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела,
гэта азначае, Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні;
якія ёсьць Ізраільцяне, якіх ёсьць усынаўленьне, і слава, і запаветы, і даньне законаў, і служэньне, і абяцаньні,
іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па плоці, існы над ўсім Бог, дабраславёны навекі, амін.
якіх і бацькі́, і з якіх Хрыстос паводле цела, Які ёсьць над усімі Бог, Які дабраслаўлёны на вякі. Амэн.
Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля,
Але ня так, што слова Божае ня споўнілася. Бо ня ўсе тыя, што з Ізраіля, Ізраіль,
і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): «у Ісааку назавецца табе семя».
і ня ўсе тыя, якія насеньне Абрагама, дзеці [ягоныя], але: «У Ісааку будзе названае насеньне табе».
Гэта значыцца, ня плоцкія дзеці — дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя.
Гэта значыць, ня дзеці цела ёсьць дзеці Божыя, але дзеці абяцаньня лічацца за насеньне.
А слова абяцаньня такое: «у гэты самы час прыйду, а ў Сары будзе сын».
Бо слова абяцаньня гэткае: «У гэту пару́ прыйду, і ў Сары будзе сын».
І не адно гэта; а гэтак сама было і з Рэбэкаю, калі яна зачала ў адзін час двух сыноў ад Ісаака, бацькі нашага;
І ня толькі, але і Рэбэ́ка зачала за адзін раз ад Ісаака, ба́цькі нашага.
бо калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага альбо благога (каб у пастанове Бог быў вольны выбіраць
Бо калі яны яшчэ не былі нарадзіўшыся і не зрабілі нічога добрага ці ліхога, каб вызначэньне Божае заставалася паводле выбраньня, не праз учынкі, але праз Таго, Хто кліча,
залежна не ад учынкаў, а ад Таго, Хто кліча), — сказана было ёй: «большы будзе ў паслужэньні ў меншага»,
сказана было ёй: «Большы будзе служы́ць меншаму»,
як і напісана: «Якава Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў».
як напісана: «Якуба Я палюбіў, а Эзава зьненавідзеў».
Што ж скажам? Няўжо несправядлівасьць у Бога? Зусім не!
Дык што скажам? Няўжо няправеднасьць у Бога? Няхай ня станецца!
Бо Ён кажа Майсею: «каго мілаваць, памілую; каго шкадаваць, пашкадую».
Бо Ён кажа Майсею: «Зьлітуюся над тым, над кім зьлітуюся, і зьяўлю міласэрнасьць таму, каму зьяўлю міласэрнасьць».
Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе.
Дзеля гэтага не ад таго, хто хоча, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, Які лі́туецца.
Бо Пісаньне кажа фараону: «На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі».
Бо Пісаньне кажа фараону: «Дзеля таго Я падняў цябе, каб зьявіць на табе сілу Маю і каб імя Маё было абвешчана на ўсёй зямлі».
Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім.
Дзеля гэтага над кім хоча, лі́туецца, а каго хоча, закамяня́е.
Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай?
Дык ты скажаш мне: «Што Ён яшчэ вінаваціць? Бо хто супрацьстане пастанове Яго?»
А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў?
Наадварот, чалавеча! Хто ты такі, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зьлепленае таму, хто зьляпіў: «Навошта ты мяне гэтак зрабіў?»
Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі — на буднае?
Ці ня мае ўлады ганчар над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адно начыньне на паша́ну, а другое — на га́ньбу?
Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель,
Што, калі Бог, хочучы зьявіць гнеў і зрабіць вядомай магутнасьць Сваю, з вялікай доўгацярплівасьцю ашчаджаў начыньні гневу, прыгатаваныя на загубу,
каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, —
каб таксама зрабіць вядомым багацьце славы Сваёй над начыньнямі міласэрнасьці, якія Ён за́гадзя прыгатаваў на славу,
над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў?
і над намі, якіх паклікаў ня толькі з Юдэяў, але і з паганаў?
Як і ў Асіі кажа: «ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю».
Як і ў Осіі Ён кажа: «Ня Мой народ назаву Маім народам, і нялюбую — улюбёнай.
І на тым месцы, дзе сказана ім: «вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога».
І будзе, што на месцы, дзе сказана было ім: “Вы — ня Мой народ”, — там будуць названыя сынамі Бога Жывога».
А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: «хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца;
А Ісая крычыць пра Ізраіль: «Хаця б лічба сыноў Ізраіля была, як пясок марскі, рэштка будзе збаўлена;
бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі».
бо, сканчваючы слова і прысьпешваючы ў праведнасьці, хутка зьдзейсьніць Госпад слова на зямлі».
І як прадказаў Ісая: «калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы».
І як раней сказаў Ісая: «Калі б Госпад Магуцьцяў не пакінуў нам насеньня, мы сталіся б, як Садом, і былі б падобнымі да Гаморы».
Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры;
Дык што скажам? Пагане, якія не імкнуліся да праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць праз веру.
а Ізраіль, які шукаў закона праведнасьці, не дайшоў да закона праведнасьці.
А Ізраіль, які імкнуўся да закону праведнасьці, не дасягнуў закону праведнасьці.
Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закона; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,
Чаму? Бо не праз веру, але праз учынкі закону. Бо яны спатыкнуліся аб каме́нь спатыкненьня,
як напісана: «вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца».
як напісана: «Вось, Я кладу на Сыёне каме́нь спатыкненьня і каме́нь згаршэньня; і кожны, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены».