Да Рымлянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Што ж, скажам, Абрагам, бацька наш, набыў па плоці?
Дык што, скажам, Абрагам, бацька наш, знайшоў паводле цела?
Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам.
Бо калі Абрагам апраўданы ўчынкамі, ён мае пахвалу, але ня перад Богам.
Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць».
Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і залічана яму за праведнасьць».
Плата працаўніку залічваецца не зь мілаты, а з абавязку;
Таму, хто робіць, нагарода ня з ласкі залі́чваецца, але з павіннасьці;
а таму, хто не працуе, а верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца ў праведнасьць.
а таму, хто ня робіць, але верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожніка, вера ягоная залі́чваецца за праведнасьць.
Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў:
Гэтак і Давід кажа, што шчасьце чалавеку, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад учынкаў:
«дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя;
«Шчасьлівыя тыя, якім адпушчаныя беззаконьні і якім грахі прыкрытыя;
дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху».
шчасьлівы чалавек, якому Госпад не залі́чыць грэху».
Дабрашчаснасьць гэтая датычыцца абразаньня, ці неабразаньня? Мы кажам, што Абрагаму вера залічылася ў праведнасьць.
Дык шчаснасьць гэтая для абрэзаных ці і для неабрэзаных? Бо мы кажам, што Абрагаму вера залічана за праведнасьць.
Калі залічылася? пасьля абразаньня ці да абразаньня? Не пасьля абразаньня, а да абразаньня.
Дык калі залічана? У абразаньні ці ў неабразаньні? Не ў абразаньні, але ў неабразаньні.
І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці празь веру, якую меў у неабразаньні, так што ён стаўся бацькам усіх веруючых у неабразаньні, каб і ім залічылася праведнасьць,
І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці веры, якую [ён меў] у неабразаньні, каб быў ён ба́цькам усіх, хто верыць у неабразаньні, каб і ім залічана была праведнасьць,
і бацькам абрэзаных, ня толькі тых, што прынялі абразаньне, але і тых, што ходзяць па сьлядах веры бацькі нашага Абрагама, якую меў ён у неабразаньні.
і ба́цькам абразаньня, тых, якія ня толькі [маюць] абразаньне, але і ходзяць па сьлядах веры ў неабразаньні ба́цькі нашага Абрагама.
Бо не законам дадзена Абрагаму, альбо семені ягонаму, абяцаньне — быць спадкаемцам сьвету, а праведнасьцю веры.
Бо не праз Закон Абрагаму ці насеньню ягонаму [дадзена] абяцаньне быць спадкаемцам сьвету, але праз праведнасьць веры.
Калі спадкаемцы тыя, што сьцьвярджаюцца на законе, дык марная вера, нячыннае абяцаньне;
Бо калі тыя, што праз Закон, — спадкаемцы, змарне́е вера і зьнішчыцца абяцаньне;
бо закон творыць гнеў, таму што дзе няма закона, няма і парушэньня.
бо Закон выкліка́е гнеў, бо дзе няма закону, няма парушэньня.
Такім чынам па веры, каб было зь літасьці, каб абяцаньне было неадменнае ўсім, ня толькі па законе, але і па веры нашчадкаў Абрагама, які ёсьць бацька ўсім нам, —
Дзеля гэтага праз веру, каб было паводле ласкі, каб абяцаньне было ўгрунтаваным для ўсяго насеньня, ня толькі для таго, якое праз Закон, але і для таго, якое праз веру Абрагама, які ёсьць бацька ўсіх нас,
як напісана: «Я паставіў цябе бацькам многіх народаў», — перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае, як існае.
як напісана: «Я паставіў цябе ба́цькам многіх народаў», перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе тое, што ня ёсьць, як тое, што ёсьць.
Ён звыш надзеі, паверыў з надзеяй, праз што зрабіўся бацькам многіх народаў, згодна са сказаным: «Такое шматлікае будзе семя тваё».
Ён, насуперак надзеі, паверыў з надзеяй, што станецца ба́цькам многіх народаў, паводле сказанага: «Гэткае будзе насеньне тваё».
І, не зьнямогшыся ў веры, ён ня думаў, што цела ягонае, амаль стогадовага, ужо зьмярцьвела, і нутроба Сарыная ў зьмярцьвеньні;
І, не зьнямогшыся ў веры, ён не глядзеў на цела сваё ўжо амярцьвелае, якое мела амаль сто гадоў, і што ўлоньне Сары амярцьвела,
не пахіснуўся ў абяцаньні Божым недавярствам, а застаўся цьвёрды ў веры, узьнёсшы славу Богу,
у абяцаньні Божым не сумняваўся недаверствам, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу
і будучы добра ўпэўнены, што Ён мае сілу выканаць абяцанае.
і маючы пэўнасьць, што Ён магутны зрабіць тое, што абяцаў.
Таму і залічылася яму ў праведнасьць.
Дзеля гэтага і залічана яму за праведнасьць.
А што залічана было яму, напісана ня толькі яму аднаму,
А напісана [гэта] ня дзеля яго толькі, што залічана яму,
але і нам: залічыцца і нам, што веруюць у Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса (Хрыста), Госпада нашага,
але і дзеля нас, што мае быць залічана нам, якія вераць у Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Ісуса, Госпада нашага,
Які прададзены за грахі нашыя і ўваскрэс дзеля апраўданьня нашага.
Які быў выдадзены дзеля грахоў нашых і ўваскрос дзеля апраўданьня нашага.