1 да Карынфянаў 11 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Пераймайце мяне, як я Хрыста.
Станьцеся пераймальнікамі маімі, як і я — Хрыста.
Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце, і наказаў трымаецеся так, як я наказаў вам.
Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё па́мятаеце і трымаецеся традыцыі так, як я перадаў вам.
Хачу таксама, каб вы ведалі, што кожнаму мужу галава — Хрыстос, жонцы галава — муж, а Хрысту галава — Бог.
Хачу, каб вы ведалі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог.
Кожны мужчына, які моліцца альбо прарочыць з накрытаю галавою, сарамаціць сваю галаву;
Усякі муж, які моліцца або прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву.
і кожная жанчына, якая моліцца альбо прарочыць з адкрытаю галавою, сарамаціць галаву, бо гэта тое самае, як калі б яна была паголеная;
А ўсякая жанчына, якая моліцца або прарочыць з ненакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголеная.
бо, калі жанчына ня хоча накрывацца, дык няхай і стрыжэцца; а калі жанчыне сорам быць пастрыжанай ці паголенай, хай накрываецца.
Бо, калі жанчына не накрывае галавы, няхай стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай накрывае галаву.
Дык вось, мужчына не павінен накрываць галаву, бо ён ёсьць падабенства і слава Божая; а жанчына ёсьць слава мужчыны.
Бо муж не павінен накрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Бога; а жонка ёсьць слава мужа.
Бо ня мужчына ад жанчыны, а жанчына ад мужчыны;
Бо ня муж ад жонкі, але жонка ад мужа.
і ня мужчына створаны жанчыне, а жанчына мужчыне.
І ня муж створаны праз жонку, але жонка праз мужа.
Таму жанчына і павінна мець на галаве сваёй знак улады, дзеля анёлаў.
Дзеля гэтага жонка павінна мець на галаве [знак] улады дзеля анёлаў.
Аднак, ні мужчына без жанчыны, ні жанчына бяз мужчыны, у Госпадзе.
Зрэшты, ані муж бяз жонкі, ані жонка бяз мужа, у Госпадзе.
Бо, як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсе — ад Бога.
Бо як жонка ад мужа, так і муж праз жонку, а ўсе — ад Бога.
Памяркуйце самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу зь ненакрытай галавою?
Судзі́це самі ў сабе, ці належыць жанчыне з ненакрытай галавою маліцца Богу?
Ці не сама прырода вучыць вас, што калі мужчына запускае валасы, дык гэта ганьба яму,
Ці сама прырода ня вучыць вас, што калі мужчына расьці́ць валасы, гэта ганьба для яго,
а калі жанчына запускае валасы, дык ёй гэта гонар, бо валасы дадзены ёй замест покрыва.
а калі жанчына расьці́ць валасы, гэта слава для яе, бо валасы дадзеныя ёй замест адзеньня.
А калі б хто захацеў спрачацца, дык мы ня маем такога звычаю, ні цэрквы Божыя.
А калі хто думае спрачацца, мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя.
Але, наказваючы гэта, не хвалю вас, бо зьбіраецеся вы не на лепшае, а на горшае.
А загадваючы гэтае, не хвалю вас, бо вы зыходзіцеся не на лепшае, але на горшае.
Бо, па-першае, чую, што, калі вы сыходзіцеся царквою, паміж вамі бывае незлагадзь, у што я крыху і веру.
Бо, па-першае, чую, што калі вы зыходзіцеся ў царкве, між вамі ёсьць падзел, і я часткова веру,
Бо мусіць быць і разнадум’е паміж вамі, каб адкрыліся сярод вас дасьведчаныя.
бо мусяць быць між вамі і герэзіі, каб вартыя выявіліся між вамі.
Далей, вы зьбіраецеся так, што гэта не азначае есьці вячэру Гасподнюю;
Далей, калі вы зыходзіцеся разам, няма [ў вас] спажываньня вячэры Госпадавай,
бо кожны сьпяшаецца раней за другіх з’есьці сваю ежу, так што адзін бывае галодны, а іншы ўпіваецца.
бо кожны сьпяшаецца зьесьці ўласную вячэру, і адзін [застаецца] галодным, а другі ўпіваецца.
Хіба ў вас няма дамоў на тое, каб есьці і піць? Альбо пагарджаеце царквою Божаю і прыніжаеце бедных? Што сказаць вам? пахваліць вас за гэта? Не пахвалю.
Хіба вы дамоў ня маеце, каб есьці і піць? Або пагарджаеце царквою Божаю і сароміце тых, якія ня маюць? Што скажу вам? Ці пахвалю вас за гэтае? Не пахвалю.
Бо я ад Самога Госпада прыняў тое, што і вам перадаў, што Гасподзь Ісус у тую ноч, у якую прададзены быў, узяў хлеб
Бо я ад Госпада прыняў і тое вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выдадзены, узяў хлеб
і, падзякаваўшы, разламаў і сказаў: «прымеце, ежце, гэта ёсьць Цела Маё, за вас ламанае; гэта рабеце ў памяць пра Мяне».
і, падзякаваўшы, паламаў і сказаў: «Вазьміце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас ломіцца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне».
Гэтак сама і чару пасьля вячэры, і сказаў: «гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві; гэта рабеце, калі толькі будзеце піць, у памяць пра Мяне».
Таксама і келіх пасьля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсьць Новы Запавет у Крыві Маёй. Гэта рабіце, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне».
Бо кожнага разу, як вы ясьце хлеб гэты і п’яце чару гэтую, сьмерць Гасподнюю абвяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.
Бо кожны раз, калі вы ясьцё хлеб гэты і п’іцё келіх гэты, сьмерць Госпада абвяшчаеце, аж пакуль Ён прыйдзе.
А таму, хто будзе есьці хлеб гэты альбо піць чару Гасподнюю нягожа, зьвінаваціцца супроць Цела і Крыві Гасподняй.
Так што хто есьць хлеб гэты ці п’е келіх Госпадавы нягодна, вінны будзе Цела і Крыві Госпадавай.
Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек, і такім чынам хай есьць з хлеба гэтага і п’е з чары гэтай.
Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек і гэтак няхай есьць з хлеба гэтага і п’е з келіха гэтага.
Бо, хто есьць і п’е нягожа, той есьць і п’е асуду сабе, не разважаючы пра Цела Гасподняе.
Бо хто есьць і п’е нягодна, той есьць і п’е прысуд сабе, не зважаючы на Цела Госпадава.
Ад таго многія з вас нядужыя і хворыя, і шмат хто памірае.
Дзеля гэтага сярод вас шмат слабы́х і хворых, і даволі памірае.
Бо, калі б мы судзілі самі сябе, дык бы нас ня судзілі;
Бо калі мы зважаем на саміх сябе, ня будзем су́джанымі.
а калі бываем суджаныя, дык караемся Госпадам, каб ня быць засуджанымі разам са сьветам.
А калі мы су́джаныя, Госпад кара́е нас, каб не былі мы асуджаныя разам са сьветам.
А таму, браты мае, зьбіраючыся на вячэру, адзін аднаго чакайце.
Так што, браты мае́, зыходзячыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце.
А як хто галодны, хай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. Астатняе ўладжу, калі прыйду.
А калі хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. А пра ўсё пазасталае загада́ю, калі прыйду.