Другі закон 19 разьдзел
Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Калі Гасподзь, Бог твой, зьнішчыць народы, чыю зямлю дае табе Гасподзь, Бог твой, і ты ўступіш у спадчыну пасьля іх і аселішся ў гарадах іхніх і дамах іхніх,
Калі Госпад, Бог твой, знішчыць народы, зямлю якіх мае перадаць табе, і завалодаеш ёю і абжывешся ў гарадах і дамах яе,
тады выдзелі сабе тры гарады сярод зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне;
тады выдзелі сабе тры гарады пасярод зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой, ва ўласнасць,
пракладзі сабе дарогу і падзялі на тры часткі ўсю зямлю тваю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку; яны будуць служыць сховішчам кожнаму забойцу.
і прыгатуй дарогу старанна; і падзялі на тры роўныя часткі ўсю зямлю сваю, каб хтосьці з блізкіх, які стаў выгнаннікам праз забойства, меў куды адысці.
І вось які забойца можа ўцякаць туды і заставацца жывым: хто заб’е блізкага свайго без намыслу, ня быўшы ворагам яму ўчора і заўчора;
Такі хай будзе закон для забойцы-ўцекача, якога жыццё мае быць захавана: калі ён забіў блізкага без намеру і калі прадставіў доказы, што ані ўчора, ані заўчора не меў супраць яго ніякай нянавісці,
хто пойдзе зь блізкім сваім у лес сячы дровы, і размахнецца рука яго зь сякерай, каб сьсячы дрэва, і саскочыць жалеза з тапарышча і трапіць у блізкага, і той памрэ, — такі няхай уцячэ ў адзін з гарадоў тых, каб застацца жывым,
але проста пайшоў з ім у лес секчы дрэвы і пры сячэнні дрэў сякера выпала з рук і жалеза, саскочыўшы з тапарышча, ударыла і забіла яго сябра, — тады хай ён уцякае ў адзін з вышэй згаданых гарадоў і жыве,
каб помсьнік за кроў у гарачцы сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі далёкая будзе дарога, і не забіў яго, тым часам як ён ня мае быць асуджаны на сьмерць, бо ня быў ворагам яму ўчора і заўчора;
каб мсцівец за кроў у гарачнасці сэрца не пагнаўся і не дагнаў яго, калі далёкая дарога, ды каб не памёр той, хто не вінаваты ў смерці, бо даказана, што не меў ён раней аніякай нянавісці да таго, які быў забіты. Ні ўчора, ні трэцяга дня.
таму я і даў табе загад, кажучы: выдзелі сабе тры гарады.
Таму я загадваю табе, каб ты выдзеліў тры гарады на аднолькавай адлегласці паміж сабою,
А калі Гасподзь, Бог твой, пашырыць межы твае, як Ён прысягаўся бацькам тваім, і дасьць табе ўсю зямлю, якую Ён абяцаў даць бацькам тваім,
калі Госпад, Бог Твой, пашырыць межы твае, як прысягнуў тваім бацькам, ды аддасць табе ўсю зямлю, якую паабяцаў ім,
калі ты будзеш старацца выконваць усе гэтыя запаведзі, якія я наказваю табе сёньня, любіць Госпада Бога твайго ўсе дні, тады да гэтых трох гарадоў дадай яшчэ тры гарады,
калі ты будзеш пільнавацца кожнага гэтага прыказання і выконваць тое, што я табе сёння загадваю, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў увесь час дарогамі Яго, — тады дадасі сабе тры іншыя гарады і падвоіш колькасць вышэй згаданых гарадоў,
каб не пралівалася кроў невінаватага сярод зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і каб ня было на табе крыві.
каб не праліваць нявіннай крыві пасярод зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой, ва ўласнасць, каб не было на табе віны крыві.
Але калі хто будзе ворагам блізкаму свайму і будзе падпільноўваць яго, і паўстане на яго і заб’е яго да сьмерці, і ўцячэ ў адзін з гарадоў тых,
Калі аднак хтосьці з нянавісці да свайго блізкага цікаваў на яго жыццё, паўстаў супраць яго, забіў яго, і той памёр, і ўцячэ ён у адзін з вышэй названых гарадоў,
дык старэйшыны горада ягонага павінны паслаць, каб узяць яго адтуль і перадаць яго ў рукі помсьніка за кроў, каб ён памёр;
то старэйшыны гэтага горада пашлюць па яго, забяруць яго з месца сховішча і аддадуць у рукі мсціўцы за кроў, і ён памрэ.
хай ня літуе яго вока тваё; змый зь Ізраіля кроў невінаватага і будзе табе добра.
Не шкадуй яго і змый кроў нявінную з Ізраэля, каб добра табе было.
Не парушай мяжы блізкага твайго, якую паклалі продкі ў дзялянцы тваёй, што дасталася табе на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне.
Не парушай межаў блізкага твайго, якія вызначылі папярэднікі ва ўладанні тваім, якое атрымаеш ты ў зямлі, што дасць табе ва ўласнасць Госпад, Бог твой.
Ня досыць аднаго сьведкі супроць каго-небудзь у якой-небудзь віне і ў якім-небудзь злачынстве і ў якім-небудзь грэху, якім ён згрэшыць: пры словах двух сьведкаў, альбо пры словах трох сьведкаў адбудзецца справа.
Недастаткова будзе аднаго сведкі супраць каго-небудзь, якім бы ні быў яго грэх або яго злачынства; але дастаткова будзе любога слова з вуснаў двух або трох сведкаў.
Калі выступіць супроць каго сьведка несправядлівы, вінавацячы яго ў злачынстве,
Калі выступіць сведка лжывы супраць чалавека, вінавацячы яго ў злачынстве,
дык няхай стануць абодва гэтыя чалавекі, у якіх цяжбіна, прад Госпадам, перад сьвятарамі і перад судзьдзямі, якія будуць у тыя дні;
то хай стануць абодва чалавекі, што маюць спрэчку, перад Госпадам, перад абліччам святароў і суддзяў, што будуць у тыя дні.
судзьдзі павінны добра прасачыць, і калі сьведка той — сьведка фальшывы, фальшывае данёс на брата свайго,
Калі суддзі, надзвычай уважліва праверыўшы, выявяць, што лжывы сведка сказаў няпраўду супраць брата свайго,
дык зрабеце яму тое, што ён намышляў зрабіць брату свайму; і гэтак вынішчы зло спасярод сябе;
то хай яны зробяць яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму; і так вынішчыш зло з асяроддзя свайго,
і астатнія пачуюць, і збаяцца і ня будуць болей рабіць такога зла сярод цябе;
каб другія, пачуўшы, баяліся і ніколі больш у асяроддзі тваім такіх рэчаў не адважваліся рабіць.
хай ня літуе вока тваё: душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу.
Не шкадуй такога, але душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу патрабуй.