Другі закон 27 разьдзел
Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І наказаў Майсей і старэйшыны сыноў Ізраілевых народу, кажучы: выконвайце ўсе запаведзі, якія наказваю вам сёньня.
Загадаў вось Майсей разам са старэйшынамі Ізраэля народу, кажучы: «Захавайце ўсякі загад, які я вам сёння загадваю.
І калі пяройдзеце за Ярдан у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, тады пастаў сабе вялікія камяні і абмаж іх вапнаю;
Калі пяройдзеш праз Ярдан у зямлю, якую табе дасць Госпад, Бог твой, пастаў велізарныя камяні і абмаж іх вапнай,
і напішы на камянях гэтых усе словы закона гэтага, калі пяройдзеш Ярдан, каб уступіць у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, у зямлю, дзе цячэ малако і мёд, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькоў тваіх.
каб мог напісаць на іх усе словы гэтага закону, калі пяройдзеш Ярдан, каб увайсці ў зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх.
Калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце камяні тыя, як я загадваю вам сёньня, на гары Гевал і абмажце іх вапнаю;
Дык калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце гэтыя камяні, як я вам сёння загадваю, на гары Гэбал, і абмажце іх вапнай.
і зладзь там ахвярнік Госпаду, Богу твайму, ахвярнік з камянёў, не падымаючы на іх жалеза;
І пабудуй там ахвярнік Госпаду, Богу твайму, з камянёў, якіх не кранула жалеза,
з камянёў цэлых зладзь ахвярнік Госпада, Бога твайго, і ўчыняй на ім цэласпаленьні Госпаду, Богу твайму,
з камянёў нячэсаных, і складзі на ім ахвяру цэласпалення Госпаду, Богу твайму.
і прынось ахвяры мірныя, і еж там, і радуйся прад Госпадам, Богам тваім;
І складзі ахвяры прымірэння, і еж там і весяліся перад абліччам Госпада, Бога твайго;
і напішы на камянях усе словы закона гэтага вельмі выразна.
ды напішы на камянях усе словы закону гэтага выразна і ясна».
І сказаў Майсей і сьвятары лявіты ўсяму Ізраілю, кажучы: уважай і слухай, Ізраіле; у дзень гэты ты зрабіўся народам Госпада, Бога твайго;
Потым Майсей і святары левіты народа прамовілі да ўсяго Ізраэля: «Слухай уважліва, Ізраэль: у дзень сённяшні стаўся ты народам Госпада, Бога твайго.
дык вось, слухайся голасу Госпада, Бога твайго, і выконвай запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія наказваю табе сёньня.
Слухай голас Яго і спаўняй прыказанні і загады Яго, якія я загадваю табе».
І наказаў Майсей народу ў той дзень, кажучы:
У той дзень загадаў Майсей народу, кажучы:
гэтыя павінны стаць на гары Гарызім, каб дабраслаўляць народ, калі пяройдзеце Ярдан: Сымон, Лявій, Юда, Ісахар, Язэп і Веньямін;
«Калі пяройдзеце Ярдан, стануць на гары Гарызім, каб дабраславіць народ, вось гэтыя: Сімяон, Леві, Юда, Ісахар, Язэп і Бэньямін.
а гэтыя павінны стаць на гары Гевал, каб праклінаць: Рувім, Гад, Асір, Завулон, Дан і Нэфталім.
На гары ж Гэбал, згодна абраду, для праклёну будуць стаяць вось гэтыя: Рубэн, Гад, і Асэр, і Забулон, Дан і Нэфталі.
Лявіты абвесьцяць і скажуць усім Ізраільцянам гучным голасам:
І пачнуць абвяшчаць левіты і загамоняць гучным голасам да ўсіх мужоў Ізраэля:
пракляты, хто зробіць разьбёнага альбо вылітага балвана, мярзоту прад Госпадам, твор рук мастака, і паставіць яго ў патайнай мясьціне! Увесь народ абвесьціць і скажа: амін.
“Пракляты чалавек, які робіць статую або літога ідала, брыдоту перад Госпадам, твор рук рамесніка, і паставіць яго ў месцы схаваным!” І ўвесь народ скажа: “Амін”.
Пракляты той, хто ліхасловіць бацьку свайго і маці сваю! І ўвесь народ скажа: амін.
“Пракляты той, хто пагарджае бацькам сваім і маці”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
Пракляты той, хто парушае мяжу блізкага свайго! І ўвесь народ скажа: амін.
“Пракляты той, хто перасоўвае межы блізкага свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
Пракляты, хто сьляпога зьбівае з дарогі! І ўвесь народ скажа: амін.
“Пракляты той, хто несправядліва судзіць чужынца, сірату і ўдаву”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
Пракляты, хто крыва судзіць прыхадня, сірату і ўдаву! І ўвесь народ скажа: амін.
“Пракляты той, хто падманвае сляпога ў дарозе”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
Пракляты, хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, бо ён адкрыў край вопраткі бацькі свайго! І ўвесь народ скажа: амін.
“Пракляты той, хто спіць з жонкай бацькі свайго, бо ён адкрывае крысо плашча яго”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
Пракляты, хто ляжа зь якім-небудзь быдлам! І ўвесь народ скажа: амін.
“Пракляты той, хто спіць з любой жывёлай”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
Пракляты, хто ляжа зь сястрою сваёю, з дачкою бацькі свайго, альбо з дачкою маці сваёй! І ўвесь народ скажа: амін.
“Пракляты той, хто спіць з сястрой сваёй, з дочкай бацькі свайго або маці сваёй”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
Пракляты, хто ляжа зь цешчаю сваёю! І ўвесь народ скажа: амін.
“Пракляты той, хто спіць з цешчай сваёй”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
Пракляты, хто таемна забівае блізкага свайго! І ўвесь народ скажа: амін.
“Пракляты той, хто тайна заб’е блізкага свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
Пракляты, хто бярэ хабар, каб забіць душу і праліць кроў нявінную! І ўвесь народ скажа: амін.
“Пракляты той, хто бярэ хабар, каб праліць кроў нявінную”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
Пракляты, хто ня выконвае слоў закона гэтага і ня будзе рабіць паводле яго! І ўвесь народ скажа: амін.
“Пракляты той, хто не трымаецца слоў гэтага закону і не спаўняе іх у справе”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.