Другі закон 24 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Калі хто возьме жонку і зробіцца мужам яе, і яна ня знойдзе ўпадабаньня ў вачах ягоных, бо ён знаходзіць у ёй што-небудзь агіднае, і напіша ёй разводны ліст, і дасьць ёй у рукі, і адпусьціць яе з дома свайго,
 
Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна не знойдзе ласкі ў вачах яго дзеля нейкай брыдкасці, напіша ён ёй пасведчанне разводнае, падасць у рукі яе і выправіць яе з дому свайго;

і яна выйдзе з дома ягонага, пойдзе і выйдзе за другога мужа,
 
і калі тая, выйшаўшы, стане жонкаю іншага,

але і гэты апошні муж зьненавідзіць яе і напіша ёй разводны ліст, і дасьць ёй у рукі, і адпусьціць яе з дома свайго, альбо памрэ гэты апошні муж яе, які ўзяў яе сабе за жонку, —
 
а той таксама зненавідзіць яе, і дасць ёй пасведчанне аб разводзе, і адашле з дому свайго, або калі ён памрэ,

дык ня можа першы муж яе, які адпусьціў яе, зноў узяць яе сабе за жонку, пасьля таго, як яна заплямілася, бо гэта ёсьць гідота прад Госпадам, і не рабі грэху — той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку.
 
то першы яе муж не можа ўзяць яе за жонку, бо яна ўжо спаганена; гэта было б брыдотай перад Госпадам. Дык не ўчыняй граху зямлі тваёй, якую табе дае ва ўладанне Госпад, Бог твой.

Калі хто ўзяў жонку нядаўна, дык няхай ня йдзе на вайну, і нічога нельга ўскладаць на яго; няхай ён застанецца вольны ў доме сваім цэлы год і радуе жонку сваю, якую ўзяў.
 
Калі які чалавек нядаўна ўзяў жонку, то хай не ідзе на вайну і хай не даручаецца яму абавязак грамадскі, але хай застанецца ён свабодны ў доме сваім, каб адзін год цешыцца з жонкаю сваёй.

Ніхто не павінен браць у заклад верхняга і ніжняга жарона, бо такі бярэ ў заклад душу.
 
Не бяры ў заклад жоран або верхні камень млыновы, бо бралася б гэтым само жыццё ў заклад.

Калі знойдуць каго, што ён украў у каго-небудзь з братоў сваіх, з сыноў Ізраілевых, і паняволіў яго, дык такога злодзея трэба аддаць сьмерці; і так вынішчы зло спасярод сябе.
 
Калі будзе схоплены чалавек, які выкраў аднаго з братоў сваіх, сыноў Ізраэля, і, прадаўшы яго, браў плату, хай ён будзе забіты. Так вынішчыш зло пасярод сябе.

Сьцеражыся ў пошасьці праказы, каб добра пільнавацца і рабіць усё тое, чаго навучаць сьвятары і лявіты; старанна выконвайце, што я загадаў ім;
 
Калі напаткаеш пляму праказы, захоўвай пільна тое, чаму вучаць вас святары з роду левітаў; што я загадаў ім, тое спаўняйце старанна.

памятай, што Гасподзь, Бог твой, зрабіў Марыямі ў дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта.
 
Памятай, што зрабіў Госпад, Бог твой, Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Егіпта.

Калі ты блізкаму свайму што-небудзь пазычаеш, дык не хадзі да яго ў дом, каб узяць у яго заклад,
 
Калі блізкаму свайму дасі якую рэч у пазыку, не ўваходзь у дом яго, каб узяць што ў заклад,

пастой на вуліцы, а той, каму ты пазычыў, вынесе табе заклад свой на вуліцу;
 
але пастой на двары, і ён прынясе табе заклад, які будзе мець.

а калі ён будзе чалавек бедны, дык ты не кладзіся спаць, маючы заклад ягоны;
 
Калі б гэта быў чалавек бедны, хай не начуе ў цябе заклад,

аддай яму заклад пры захадзе сонца, каб ён лёг спаць у вопратцы сваёй і дабраславіў цябе, — і табе залічыцца гэта ў праведнасьць прад Госпадам, Богам тваім.
 
але зараз жа аддай яму да захаду сонца, каб спаў ён у адзенні сваім і дабраслаўляў цябе і каб меў ты справядлівасць перад абліччам Госпада, Бога твайго.

Ня крыўдзі найміта, беднага і ўбогага, з братоў тваіх альбо з прыхадняў тваіх, якія ў зямлі тваёй, у жытлішчах тваіх;
 
Не адмаўляй у плаце незаможнаму і ўбогаму з братоў сваіх ці прышэльцаў, якія жывуць з табой у зямлі тваёй і ў брамах тваіх,

таго ж самага дня аддай плату ягоную, каб сонца не зайшло раней таго, бо ён бедны, і чакае яе душа ягоная; каб ён не залямантаваў на цябе Госпаду, і ня было на табе грэху.
 
але ў той самы дзень аддай яму плату за працу яго перад захадам сонца, бо ён бедны і платы патрабуе жыццё яго, каб не прызываў ён супраць цябе Госпада і не было залічана гэта табе за грэх.

Бацькі не павінны карацца за дзяцей сьмерцю, і дзеці не павінны карацца сьмерцю за бацькоў; кожны павінен карацца сьмерцю за сваё злачынства.
 
Хай не будуць забіваныя бацькі за сыноў і сыны за бацькоў, але хай кожны памірае за свой грэх.

Ня судзі навыварат прыхадня, сірату, і ва ўдавы не бяры вопраткі ў заклад;
 
Не судзі крывадушна чужынца і сірату, і ад удавы не бяры адзення ў заклад.

памятай, што і ты быў рабом у Егіпце, і Гасподзь вызваліў цябе адтуль: таму я і загадваю табе рабіць гэта.
 
Памятай, што ты быў нявольнікам у Егіпце і выбавіў цябе адтуль Госпад, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю, каб ты рабіў гэта.

Калі будзеш жаць на полі тваім і забудзеш сноп на полі, дык не вяртайся па яго: няхай ён застаецца прыхадню, сіраце і ўдаве, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ва ўсіх дзеях рук тваіх.
 
Калі будзеш жаць жніво на полі сваім і, забыўшыся, пакінеш сноп на полі, не вяртайся забраць яго, але дазволь забраць яго чужынцу, сіраце ды ўдаве, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае.

Калі будзеш абіваць масьліну тваю, дык не пераглядай за сабою галінаў: няхай застаецца прыхадню, сіраце і ўдаве.
 
Калі будзеш збіраць аліўкі і застанецца некалькі на дрэве, не вяртайся забраць іх, але пакінь іх для чужынца, сіраты ды ўдавы.

Калі будзеш зьбіраць плады ў вінаградніку тваім, не абірай рэштак за сабою: няхай застаецца прыхадню, сіраце і ўдаве;
 
Калі будзеш збіраць вінаград, не збірай гронак, якія засталіся, але хай будуць яны на спажытак для чужынца, сіраты і ўдавы.

і памятай, што ты быў рабом у зямлі Егіпецкай: таму я і загадваю табе рабіць гэта.
 
Памятай, што і ты быў нявольнікам у Егіпце, таму я загадваю, каб ты рабіў гэта.