Другі закон 9 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Слухай, Ізраіле: ты цяпер ідзеш за Ярдан, каб пайсьці авалодаць народамі, якія большыя і мацнейшыя за цябе, з гарадамі вялікімі, з умацаваньнямі да нябёсаў,
 
«Слухай, Ізраэль: ты пяройдзеш сёння праз Ярдан, каб завалодаць народамі моцнымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі вялізнымі і ўмацаванымі аж да неба,

народам, вялікім у ліку і вялікарослым, сынамі Энакавымі, пра якіх ты ведаеш і чуеш: «хто ўстоіць супроць сыноў Энакавых?»
 
народам вялікім і высокім, сынамі Анака, якіх ты ведаеш і пра якіх ты чуў, якім ніхто не можа супрацьстаяць.

Дык ведай сёньня, што Гасподзь, Бог твой, ідзе перад табою, як агонь пажыральны: Ён будзе зьнішчаць іх і класьці іх перад табою, і ты прагоніш і вынішчыш іх неўзабаве, як казаў табе Гасподзь.
 
Дык ведай сёння, што Госпад, Бог твой, Сам пройдзе перад табой, як агонь знішчальны, які сатрэ іх і зрыне перад абліччам тваім, каб ты хутка выгнаў і знішчыў іх, як Ён сказаў табе.

Калі будзе праганяць іх Гасподзь, Бог твой, ад аблічча твайго, не кажы ў сэрцы тваім, што за справядлівасьць маю прывёў мяне Гасподзь авалодаць гэтай зямлёю, і што за грэх народаў гэтых Гасподзь праганяе іх ад аблічча твайго;
 
Дык не кажы ў сэрцы сваім, калі Госпад, Бог твой, выганіць іх перад абліччам тваім: “Дзеля справядлівасці маёй увёў мяне Госпад, каб завалодаў я гэтаю зямлёю”, — бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх Госпад перад табою.

не за справядлівасьць тваю і не за праўду сэрца твайго ідзеш ты спадкаваць зямлю іхнюю, а за грэх народаў гэтых Гасподзь, Бог твой, праганяе іх ад аблічча твайго, і каб выканаць слова, якім прысягаўся Гасподзь бацькам тваім Абрагаму, Ісааку і Якаву;
 
Бо вось не дзеля справядлівасці тваёй і праваты сэрца твайго ўвойдзеш ты, каб завалодаць зямлёю іх, але за тое, што яны чынілі бязбожна; па прыходзе тваім Госпад, Бог твой, выганіць іх перад табой, каб споўніў Госпад слова Сваё, якое пад прысягай абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.

таму ведай, што не за праведнасьць тваю Гасподзь, Бог твой, дае табе авалодаць гэтаю добраю зямлёю, — бо ты народ цьвёрдахрыбетны.
 
Дык ведай, што не дзеля справядлівасці тваёй Госпад, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю ва ўласнасць, бо ты народ цвёрдага карку.

Памятай, не забудзь, колькі ты дражніў Госпада, Бога твайго, у пустыні: з самага таго дня, як выйшаў ты зь зямлі Егіпецкай, і да самага прыходу вашага на месца гэта вы супрацівіліся Госпаду.
 
Памятай і не забывайся, як раздражняў ты Госпада, Бога твайго, аж да гневу ў пустыні; з таго дня, як выйшаў ты з Егіпта і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, працівіліся вы Госпаду.

І каля Харыва, вы раздражнілі Госпада, і ўгневаўся на вас Гасподзь, аж хацеў быў зьнішчыць вас,
 
Бо і на Гарэбе раздражнялі вы Яго, і, разгневаны, хацеў Ён знішчыць вас,

калі я ўзышоў на гару, каб узяць скрыжалі каменныя, скрыжалі запавета, які пастанавіў Гасподзь з вамі, і прабыў на гары сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў,
 
і калі я ўзышоў на гару, каб атрымаць каменныя табліцы, табліцы запавету, які заключыў Госпад з вамі, і быў я на гары сорак дзён і начэй, не еў хлеба і не піў вады.

і даў мне Гасподзь дзьве скрыжалі каменныя, напісаныя пальцам Божым, а на іх усе словы, якія сказаў вам Гасподзь на гары зь сярэдзіны агню ў дзень сходу.
 
І даў мне Госпад дзве каменныя табліцы, якія былі запісаны пальцам Бога і змяшчалі ўсе словы, якія вам сказаў Госпад на гары з сярэдзіны агню, калі народ сабраўся на сход.

Як мінуліся сорак дзён і сорак ночаў, даў мне Гасподзь дзьве скрыжалі каменныя, скрыжалі запавета,
 
Калі мінула сорак дзён і столькі ж начэй, даў мне Госпад дзве каменныя табліцы, табліцы запавету,

і сказаў мне Гасподзь: устань, ідзі хутчэй адгэтуль, бо разбэсьціўся народ твой, які ты вывеў зь Егіпта; хутка ўхіліліся яны з дарогі, якую Я наказаў ім; яны зрабілі сабе літага ідала.
 
і сказаў мне: “Устань і сыдзі адсюль хутка, бо зграшыў народ твой, які вывеў ты з Егіпта; хутка пакінулі яны шлях, які загадаў Я ім, і зрабілі сабе ідала з металу”.

І сказаў мне Гасподзь: бачу Я народ гэты, вось, ён народ цьвёрдахрыбетны;
 
І зноў сказаў Госпад мне: “Бачу, што гэты народ ёсць цвёрдага карку,

ня стрымлівай Мяне, і Я зьнішчу іх і згладжу імя іхняе з-пад нябёсаў, а ад цябе выведу народ, які будзе мацнейшы і большы ў ліку за іх.
 
дазволь Мне, каб Я знішчыў іх і сцёр іх імя з-пад неба, а з цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты”.

Я павярнуўся і пайшоў з гары, а гара гарэла агнём; дзьве скрыжалі запавета былі ў абедзьвюх руках у мяне;
 
І, павярнуўшыся, сышоў я з палаючай гары, і трымаў я аберуч дзве каменныя табліцы запавету.

і бачыў я, што вы зграшылі супроць Госпада, Бога вашага, зрабілі сабе літае цяля, хутка ўхіліліся з дарогі, наказанае вам Госпадам;
 
І калі я ўбачыў, што вы зграшылі супраць Госпада, Бога вашага, і што зрабілі сабе літае цяля ды што хутка сышлі з дарогі Яго, якую Госпад вам загадаў,

і ўзяў я абедзьве скрыжалі, і кінуў іх з абедзьвюх рук сваіх, і разьбіў іх перад вачыма вашымі.
 
схапіў я абедзве табліцы і кінуў іх рукамі сваімі, і разбіў іх перад абліччам вашым;

І ўпаўшы прад Госпадам, маліўся я, як раней, сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў, за ўсе грахі вашыя, якімі вы зграшылі, зрабіўшы ліхое ў вачах Госпада і раздражніўшы Яго;
 
і ўпаў я перад Госпадам, як раней, сорак дзён і начэй не еў хлеба і не піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, якіх вы дапусціліся супраць Госпада і раздражнілі Яго да гневу,

бо я баяўся гневу і лютасьці, якімі Гасподзь прагневаўся на вас і хацеў пагубіць вас. І паслухаў мяне Гасподзь і гэтым разам.
 
бо баяўся я абурэння і гневу Яго, у якім, на вас разгневаны, Ён хацеў вас знішчыць. І выслухаў мяне Госпад нават у гэты раз.

І на Аарона вельмі прагневаўся Гасподзь і хацеў пагубіць яго; але я маліўся і за Аарона ў той час.
 
Таксама быў Ён надта разгневаны на Аарона і хацеў яго вынішчыць, але і за яго тады я памаліўся.

А грэх ваш, у які вы дапусьціліся, — цяля я ўзяў, спаліў яго ў агні, разьбіў яго і ўсяго сьцёр да таго, што ён стаў дробны, як пыл, і я кінуў пыл гэты ў паток, які цячэ з гары.
 
А грэх ваш, які вы ўчынілі, гэта значыць цяля, я, схапіўшы, спаліў агнём і, разбіўшы на кавалкі, дашчэнту сцёр на попел і кінуў у ручай, які сцякаў з гары.

І ў Тавэры, у Масе і ў Кіброт-Гатааве вы дражнілі Госпада.
 
І ў Табэры, і ў Масе, і ў Кіброт-Гатаве яшчэ раздражнялі вы Госпада.

І калі пасылаў вас Гасподзь з Кадэс-Варні, кажучы: ідзеце, авалодайце зямлёю, якую Я даю вам, — дык вы ўсупрацівіліся загаду Госпада, Бога вашага, і не паверылі яму і не паслухаліся голасу Ягонага.
 
І калі пасылаў вас Госпад з Кадэс-Барнэ, кажучы: “Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую Я даў вам”, то вы супрацівіліся волі Госпада, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не захацелі паслухацца голасу Яго.

Вы былі непакорныя Госпаду з таго самага дня, як я ўведаў вас.
 
Вы заўсёды працівіліся Госпаду, ад дня, як пачаў я вас ведаць.

І ўпаўшы прад Госпадам, маліў я сорак дзён і сорак ночаў, у якія я маліўся, бо Гасподзь хацеў пагубіць вас;
 
І ляжаў я перад Госпадам сорак дзён і начэй, на працягу якіх пакорна маліў, каб Ён не нішчыў вас, як прыгразіў.

І маліўся я Госпаду і казаў: Валадару Госпадзе, не загубі народу Твайго і долі Тваёй, якую Ты выкупіў велічнасьцю Тваёю, якую Ты вывеў зь Егіпта рукою моцнаю;
 
І ў малітве прасіў: “Госпадзе, Божа, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Сваёй, бо вывеў з Егіпта дужаю рукой.

успомні рабоў Тваіх Абрагама, Ісаака і Якава; не зважай на жорсткасьць народу гэтага і на нявернасьць ягоную і на грахі ягоныя,
 
Памятай пра паслугачоў Сваіх, Абрагама, Ізаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласць народа гэтага і на бязбожнасць, а таксама грэх,

каб у той зямлі, адкуль Ты вывеў нас, не сказалі: «Гасподзь ня мог увесьці іх у зямлю, якую абяцаў ім, і, зьненавідзеўшы іх, вывеў Ён іх, каб усьмерціць іх у пустыні».
 
каб часам жыхары зямлі, з якой Ты вывеў нас, не казалі: “Не мог Госпад увесці іх у зямлю, якую абяцаў ім, і ўзненавідзеў іх; з гэтай прычыны і вывеў, каб забіць іх у пустыні”.

А яны Твой народ і Твая доля, іх Ты вывеў сілаю Тваёю вялікаю і мышцаю высокаю.
 
А яны ж — Твой народ і спадчына Твая, тыя, якіх Ты вывеў Сваёй вялікай сілаю і ўзнятым плячом Сваім”.