1 царстваў 5 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
А Філістымляне ўзялі каўчэг Божы і прынесьлі яго з Авэн-Эзэра ў Азот.
А філістынцы ўзялі каўчэг Божы і занеслі яго з Абэн-Эзэра ў Азот.
І ўзялі Філістымляне каўчэг Божы, і ўнесьлі яго ў храм Дагона, і паставілі яго каля Дагона.
Панеслі філістынцы каўчэг Божы і занеслі яго ў храм Дагона, і паставілі яго каля Дагона.
І ўсталі Азацяне рана на другі дзень, і вось, Дагон ляжыць тварам сваім да зямлі перад каўчэгам Гасподнім. І ўзялі яны Дагона і зноў паставілі яго на сваё месца.
І калі на другі дзень азотцы ўсталі, вось, Дагон ляжаў на зямлі, схіліўшыся перад каўчэгам Божым; і паднялі яны Дагона, і паставілі на сваё месца.
І ўсталі яны раніцай на другі дзень, і вось, Дагон ляжыць ніцма на зямлі перад каўчэгам Гасподнім; галава Дагонава і абедзьве нагі яго і абедзьве рукі ягоныя адцятыя, кожная асобна, на парозе, засталося толькі тулава Дагонава.
І зноў на другі дзень, рана ўстаўшы, знайшлі Дагона, што ляжаў тварам сваім уніз перад каўчэгам Бога Ізраэля; галава ж Дагона і дзве далоні рук яго, адсечаныя, ляжалі на парозе: а толькі тулава Дагона засталося пры ім.
Таму жрацы Дагонавы і ўсе, хто прыходзіў у капішча Дагона ў Азот, ня ступаюць на парог Дагонаў да сёньня.
З-за гэтае прычыны святары Дагона і ўсе, хто ўваходзіць у яго храм, не ступаюць на парог Дагона ў Азоце па сённяшні дзень.
І ацяжэла рука Гасподняя над Азацянамі, і Ён пабіваў іх і пакараў іх пакутлівымі нарасьцямі, у Азоце і ў навакольлі яго.
І рука Госпада была ў цяжар жыхарам Азота, і Ён напалохаў іх, і пакараў Ён нарывамі: як Азот, так і яго ваколіцы.
І ўгледзелі гэта Азацяне і сказалі: хай не застанецца каўчэг Бога Ізраілевага ў нас, бо цяжкая рука ў Яго і для нас і для Дагона, бога нашага.
А людзі Азота, бачачы такую кару, казалі: «Хай не застаецца каўчэг Божы ў нас, бо жорсткая Яго рука на нас і на Дагоне, богу нашым».
І паслалі, і сабралі да сябе ўсіх уладароў Філістымскіх, і сказалі: што нам рабіць з каўчэгам Бога Ізраілевага? І сказалі: няхай каўчэг Бога Ізраілевага пяройдзе ў Гэт. І адправілі каўчэг Бога Ізраілевага ў Гэт.
І праз пасланцоў сабралі яны ў сябе ўсіх кіраўнікоў філістынскіх, і сказалі: «Што маем зрабіць з каўчэгам Бога Ізраэля?» І яны адказалі: «Трэба каўчэг Божы перавезці ў Гет». І перанеслі яны каўчэг Бога Ізраэля.
Пасьля таго, як адправілі яго, была рука Гасподняя на горадзе — жудасьць вельмі вялікая, і пабіў Гасподзь жыхароў горада ад малога да вялікага, і паказаліся на іх нарасьці.
Калі ж перанеслі яго, сталася рука Госпада над горадам, і страх надта вялікі; і ўдарыў Госпад жыхароў горада ад малога да вялікага; і з’явіліся на іх нарывы.
І паслалі яны каўчэг Божы ў Аскалон. І калі прыйшоў каўчэг Божы ў Аскалон, заенчылі Аскаланіцяне, кажучы: прынесьлі да нас каўчэг Бога Ізраілевага, каб аддаць сьмерці нас і народ наш.
Дык адаслалі яны каўчэг Божы ў Акарон. І, калі прыбыў каўчэг Божы ў Акарон, паднялі крык акаронцы, кажучы: «Яны прынеслі да нас каўчэг Божы Ізраэля, каб выгубіць нас і народ наш!»
І паслалі, і сабралі ўсіх уладароў Філістымскіх, і сказалі: вышліце каўчэг Бога Ізраілевага; няхай ён вернецца на сваё месца, каб ня ўсьмерціў ён нас і народ наш. Бо сьмяротная жудасьць была на ўсім горадзе: вельмі ацяжэла рука Божая на іх.
І праз пасланцоў сабралі яны ўсіх кіраўнікоў філістынскіх, і казалі: «Адашліце каўчэг Бога Ізраэля, хай вяртаецца ён на месца сваё і хай не забівае нас з народам нашым».
І тыя, якія не памерлі, пакараныя былі нарасьцямі, так што енк горада падымаўся да нябёсаў.
Апанаваў бо страх смерці ўвесь горад, і занадта цяжкая стала рука Божая. Таксама людзі, якія не паўміралі, былі пакрытыя нарывамі, і лямант у горадзе падымаўся ў неба.