2 да Карынфянаў 11 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

О, калі б вы хоць крыху ўмілажаліліся з маёй неразумнасьці! Але вы і мілажальныя да мяне.
 
О, каб вы хоць крыху пацярпе́лі маю неразумнасьць! Але вы й це́рпіце мяне́!

Бо я руплюся за вас руплівасьцю Божаю, таму што я заручыў вас з адзіным мужам, каб зьявіць Хрысту чыстаю дзевай.
 
Бо я руплюся аб вас рупнасьцяй Божай, бо я заручыў вас з адным мужам, каб паставіць перад Хрыстом чыстую дзе́ву.

Але баючыся, каб, як зьмей хітрасьцю сваёй змусьціў Еву, так і вашыя думкі каб не панесьлі шкоды і вы ня збочылі ад прастаты і чысьціні ў Хрысьце.
 
Але баюся, каб, як зьме́й хітрасьцяй свае́й зьвёў Еву, гэтак і вашыя думкі не папсаваліся, (адыйшоўшы) ад прастаты ў Хрысьце́.

Бо, калі б хто прыйшоў і пачаў прапаведаваць другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, альбо калі б атрымалі іншага Духа, якога не атрымалі, альбо іншае Дабравесьце, якога ня прымалі, — дык вы былі б вельмі мілажальныя да таго.
 
Бо, калі-б хто, прыйшоўшы, пачаў абвяшчаць другога Ісуса, якога мы не абвяшчалі, ці калі-б вы прынялі іншага духа, якога ня прымаеце, або іншае Эвангельле, якога не дасталі, дык вы былі-б ве́льмі цярплівымі.

Але я думаю, што я ні ў чым не адстаў ад тых «вышэйшых апосталаў»:
 
Але я думаю, што я ні ў чым не адстаў ад вышэйшых Апосталаў,

хоць я і невук у слове, але не ў спазнаньні. Урэшце, мы ва ўсім дасканала вядомыя вам.
 
бо, хоць я дурны ў слове, але ня ў ве́дзе, бо-ж мы ў-ва ўсім зусім ве́дамы вам.

Ці зграшыў я тым, што прыніжаў сябе, каб узвысіць вас: бо без узнагароды вам прапаведаваў Дабравесьце Божае?
 
Ці саграшыў я тым, што паніжаў сябе́, каб узвысіць вас, бо задарма навучаў вас Эвангельля Божага?

Другім цэрквам я нарабіў выдаткаў, бяручы зь іх утрыманьне на служэньне вам; і, калі быў у вас, хоць і трываў нястачу, нікому не дакучаў,
 
У другіх цэркваў браў я, дастаючы́ ўтрыманьне дзеля служэньня вам, і, быўшы ў вас, ды це́рпячы недастатак, нікому не дакучаў, бо недастатак мой папоўнілі браты, што прыйшлі з Македоніі;

бо нястачы мае пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім я стараўся і пастараюся ня быць вам цяжарам.
 
дый у-ва ўсім я стараўся і пастараюся быць вам не цяжкім.

Па праўдзе Хрыстовай ува мне скажу, што пахвала гэтая не адымецца ў мяне ў землях Ахаіі.
 
Ёсьць праўда Хрыстовая ў-ва мне́, дык пахвала гэтая ня будзе аднята ў мяне́ ў зе́млях Ахайі.

Чаму ж так раблю? Ці таму, што ня люблю вас? Богу вядома! Але як раблю, так і буду рабіць,
 
Дзеля чаго? Ці што ня люблю вас? Богу ве́дама!

каб ня даць прычыны тым, якія шукаюць поваду, каб яны, чым хваляцца, у тым аказаліся такімі самымі, як і мы.
 
Але, што ро́блю, і буду рабіць, каб адрэзаць по́вад жадаючым поваду, каб, чым хваляцца, у тым аказаліся такімі ж, як і мы.

Бо такія ілжэапосталы, падступныя работнікі, што ўдаюць зь сябе апосталаў Хрыстовых.
 
Бо гэтакія фальшывыя апосталы, крывадушныя працаўнікі, прыкідаюцца Апосталамі Хрыстовымі.

І якое тут дзіва: бо сам сатана строіць зь сябе анёла сьвятла,
 
І ня дзіва: бо-ж і сам шатан прыкідаецца ангелам сьве́тласьці,

а таму не вялікая справа, калі і слугі ягоныя ўдаюць зь сябе слуг праведнасьці; але канец іхні будзе паводле дзеяў іхніх.
 
дык невялікая рэч, калі і служкі яго прыкідываюцца служкамі праўды; але кане́ц іх будзе водле іх учынкаў.

Яшчэ скажу: хай не палічыць хто-небудзь мяне неразумным; а калі ня так, дык прымеце мяне, хоць якога неразумнага, каб і мне хоць крыху пахваліцца.
 
Ізноў кажу: няхай ніхто не палічыць мяне́ дурным; а калі не, дык прыме́це мяне́ хоць як дурнога, каб і мне́ крыху чым пахваліцца.

Што скажу, тое скажу ня ў Госпадзе, а як бы ва ўтрапёнасьці, якая дадае мне адвагі хваліцца.
 
Што́ кажу, тое кажу не паводле Госпада, але як-бы ў дурноце пры гэткай адвазе на пахвалу.

Як многія хваляцца з прычыны цялеснай, так і я буду хваліцца.
 
Як многія хваляцца паводле це́ла, дык і я буду хваліцца.

Бо вы, людзі разумныя, ахвоча церпіце неразумных,
 
Бо вы людзі разумныя, ахвотна це́рпіце дурных;

вы церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вас за нікчэмнасьць мае, калі хто б’е вас па твары.
 
це́рпіце, калі хто вас паняволівае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вывышшаецца, калі хто б’е́ вас па твару.

На сорам кажу, што на гэта ў нас неставала сілы; а калі хто мае адвагу хваліцца чым-небудзь, дык скажу зь неразуменьня, набяруся адвагі і я.
 
На сорам кажу, што мы як-быццам абяссілелі. А калі хто адважаецца ў чым (кажу па дурноце), дык адважаюся і я.

Яны Габрэі? і я. Ізраільцяне? і я. Насеньне Абрагамавае? і я.
 
Яны Жыды? і я. Яны Ізраільцяне? і я. Яны насе́ньне Аўраамавае? і я.

Хрыстовыя слугі? у неразуменьні кажу: я больш. Я намнога больш быў у працы, бязьмерна больш у ранах, больш у цямніцах і шмат разоў пры сьмерці.
 
Хрыстовыя служкі? (здурэўшы кажу) я бале́й: шмат бале́й у працы, бязьме́рна ў ранах, бале́й у вастрогах і многа разоў пры сьме́рці.

Ад Юдэяў пяць разоў далі мне былі па сорак удараў без аднаго.
 
Ад Юдэяў пяць разоў дастаў па сорак без аднаго (ўдараў);

тройчы мяне білі палкамі, аднойчы камянямі пабівалі, тры разы я цярпеў караблекрушэньне, ноч і дзень прабыў у бездані марской;
 
тройчы білі мяне́ кіямі, аднойчы каменавалі; тры разы разьбіваўся карабе́ль, ноч і дзе́нь прабыў у глыбіні.

шмат разоў быў у падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад адзінапляменцаў, у небясьпеках ад язычнікаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках сярод фальшывых братоў,
 
Многа быў у падарожжах, у небясьпе́ках на рэках, у небясьпе́ках ад разбойнікаў, у небясьпе́ках ад зямлякоў, у небясьпе́ках ад паганаў, у небясьпе́ках у ме́сьце, у небясьпе́ках між фальшывымі братамі,

у працы і ў зьнемажэньні, часта ў недасыпаньні, у голадзе і смазе, часта ў посьце, на сьцюжы і ў галечы.
 
у працы і ў зьнемажэньні, часта ня сплючы, у голадзе і смазе, часта ў пастох, у холадзе й нагаце́.

Акрамя згаданых прыгодаў, у мяне штодзень зборы людзей, клопат за ўсе цэрквы.
 
Апрача пабочных (спраў), у мяне́ што-дня зборка, турбота аб усіх цэрквах.

Хто зьнемагае, з кім бы і я не зьнемагаў? Хто ўпадае ў змусты, за каго б я не ўспалымняўся?
 
Хто зьнямагаецца, каб і я не зьнямагаўся? Хто спакушаецца, каб і я не гарэў?

Калі мусова мне хваліцца, дык буду хваліцца нямогласьцю маёю.
 
Калі мне́ трэба хваліцца, дык буду хваліцца маім бяссільлем.

Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, дабраславёны навекі, ведае, што я не маню.
 
Бог і Аце́ц Госпада нашага Ісуса Хрыста, багасла́ўлены наве́кі, ве́дае, што я ня лгу.

У Дамаску абласны правіцель цара Арэты пільнаваў горад Дамаск, каб схапіць мяне; і я ў кашы быў спушчаны з вакна па сьцяне і пазьбег ягоных рук.
 
У Дамаску наме́сьнік цара Арэты пілнаваў ме́ста Дамашчанаў, жадаючы схапіць мяне́;