2 да Карынфянаў 11 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

О, калі б вы хоць крыху ўмілажаліліся з маёй неразумнасьці! Але вы і мілажальныя да мяне.
 
О, калі б вы маглі сцярпець хоць трохі маю неразумнасць! Але вы і церпіце́ мяне.

Бо я руплюся за вас руплівасьцю Божаю, таму што я заручыў вас з адзіным мужам, каб зьявіць Хрысту чыстаю дзевай.
 
Бо я раўную вас Божай раўнівасцю, таму што я заручы́ў вас адзінаму Мужу, каб паставіць перад Хрыстом як дзеву чыстую.

Але баючыся, каб, як зьмей хітрасьцю сваёй змусьціў Еву, так і вашыя думкі каб не панесьлі шкоды і вы ня збочылі ад прастаты і чысьціні ў Хрысьце.
 
Але баюся, каб, як Еву ашукаў змей хітрасцю сваёю, так і розум ваш не быў спаку́шаны, адхілíўшыся ад прастаты́ ў Хрысце.

Бо, калі б хто прыйшоў і пачаў прапаведаваць другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, альбо калі б атрымалі іншага Духа, якога не атрымалі, альбо іншае Дабравесьце, якога ня прымалі, — дык вы былі б вельмі мілажальныя да таго.
 
Бо калі б нехта прыйшоў і прапаведаваў іншага Іісуса, якога мы не прапаведавалі, альбо вы атрымалі іншага духа, якога не атрымлівалі, альбо іншае дабравесце, якога не прымалі, — то вы б гэта цярпліва зносілі.

Але я думаю, што я ні ў чым не адстаў ад тых «вышэйшых апосталаў»:
 
Але я лічу, што ні ў чым не маю недахопу ў параўнанні з тымі вышэйшымі Апосталамі:

хоць я і невук у слове, але не ў спазнаньні. Урэшце, мы ва ўсім дасканала вядомыя вам.
 
хоць я і няўмелы ў слове, але не ў пазнанні; зрэшты, мы ва ўсім цалкам вядомы вам.

Ці зграшыў я тым, што прыніжаў сябе, каб узвысіць вас: бо без узнагароды вам прапаведаваў Дабравесьце Божае?
 
Ці саграшы́ў я тым, што прыніжа́ў сябе, каб узвы́сіць вас, бо я да́рам прапаведаваў вам Евангелле Божае́

Другім цэрквам я нарабіў выдаткаў, бяручы зь іх утрыманьне на служэньне вам; і, калі быў у вас, хоць і трываў нястачу, нікому не дакучаў,
 
Іншыя Цэрквы я абабра́ў, прымаючы ад іх плату для служэння вам; і калі быў у вас, хоць і цярпеў нястачу, але нікому не дакучаў,

бо нястачы мае пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім я стараўся і пастараюся ня быць вам цяжарам.
 
бо нястачу маю́ пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім я стараўся і буду стара́цца не абцяжарваць вас.

Па праўдзе Хрыстовай ува мне скажу, што пахвала гэтая не адымецца ў мяне ў землях Ахаіі.
 
Ісцінай Хрыстовай, якая ўва мне, скажу, што пахвала́ гэтая не адымецца ў мяне ў землях Ахаіі.

Чаму ж так раблю? Ці таму, што ня люблю вас? Богу вядома! Але як раблю, так і буду рабіць,
 
Чаму я так раблю́ Ці таму, што не люблю вас? Богу вядома! Але як раблю, так і буду рабіць,

каб ня даць прычыны тым, якія шукаюць поваду, каб яны, чым хваляцца, у тым аказаліся такімі самымі, як і мы.
 
каб не даць нагоды тым, хто шукае нагоды, каб у тым, чым яны хва́ляцца, яны аказаліся такімі, як і мы.

Бо такія ілжэапосталы, падступныя работнікі, што ўдаюць зь сябе апосталаў Хрыстовых.
 
Бо такія лжэапосталы, дзеячы хітрыя, прымаюць выгляд Апосталаў Хрыстовых.

І якое тут дзіва: бо сам сатана строіць зь сябе анёла сьвятла,
 
І не дзіўна: таму што сам сатана прымае выгляд Ангела святла,

а таму не вялікая справа, калі і слугі ягоныя ўдаюць зь сябе слуг праведнасьці; але канец іхні будзе паводле дзеяў іхніх.
 
а таму няма нічога надзвыча́йнага, калі і служыцелі яго прымаюць выгляд служыцеляў праведнасці; канец іх будзе паводле спраў іх.

Яшчэ скажу: хай не палічыць хто-небудзь мяне неразумным; а калі ня так, дык прымеце мяне, хоць якога неразумнага, каб і мне хоць крыху пахваліцца.
 
Зноў кажу: няхай не палíчыць нехта мяне неразумным; а калі і палíчыце, то хоць як неразумнага прымíце мяне, каб і я крыху́ чым-небудзь пахвалíўся.

Што скажу, тое скажу ня ў Госпадзе, а як бы ва ўтрапёнасьці, якая дадае мне адвагі хваліцца.
 
Што скажу, тое не ў Госпадзе скажу, а нíбы ў неразумнасці, з такою адвагаю на пахвалу́;

Як многія хваляцца з прычыны цялеснай, так і я буду хваліцца.
 
паколькі многія хва́ляцца паводле плоці, то і я буду хвалíцца.

Бо вы, людзі разумныя, ахвоча церпіце неразумных,
 
Бо вы ахвотна церпіце́ неразумных, будучы разумнымі:

вы церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вас за нікчэмнасьць мае, калі хто б’е вас па твары.
 
вы церпіце́, калі вас хто заняво́львае, калі хто аб’яда́е, калі хто абіра́е, калі хто ўзвышаецца, калі хто б’е вас па твары.

На сорам кажу, што на гэта ў нас неставала сілы; а калі хто мае адвагу хваліцца чым-небудзь, дык скажу зь неразуменьня, набяруся адвагі і я.
 
На сорам кажу, што мы аказаліся сла́бымі. А калі хтосьці на нешта адва́жваецца, то — скажу па неразумнасці — адва́жваюся і я.

Яны Габрэі? і я. Ізраільцяне? і я. Насеньне Абрагамавае? і я.
 
Яны Яўрэí і я. Яны Ізраільцяне́ і я. Яны семя Аўраамава́ і я.

Хрыстовыя слугі? у неразуменьні кажу: я больш. Я намнога больш быў у працы, бязьмерна больш у ранах, больш у цямніцах і шмат разоў пры сьмерці.
 
Яны служыцелі Хрыста́ у безразважнасці кажу: я тым больш. У працы — значна больш, у ранах — намнога больш, у турмах — значна больш, у смяротнай небяспецы — шматразова.

Ад Юдэяў пяць разоў далі мне былі па сорак удараў без аднаго.
 
Ад Іудзеяў атрымаў я пяць разоў па сорак удараў без аднаго;

тройчы мяне білі палкамі, аднойчы камянямі пабівалі, тры разы я цярпеў караблекрушэньне, ноч і дзень прабыў у бездані марской;
 
тройчы мяне білі кія́мі, адзін раз білі камяня́мі, тройчы я цярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень прабыў у адкрытым моры;

шмат разоў быў у падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад адзінапляменцаў, у небясьпеках ад язычнікаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках сярод фальшывых братоў,
 
шмат разоў быў у падарожжах, у небяспецы на рэках, у небяспецы ад разбойнікаў, у небяспецы ад супляменнікаў, у небяспецы ад язычнікаў, у небяспецы ў горадзе, у небяспецы ў пустыні, у небяспецы на моры, у небяспецы сярод ілжэбратоў,

у працы і ў зьнемажэньні, часта ў недасыпаньні, у голадзе і смазе, часта ў посьце, на сьцюжы і ў галечы.
 
у працы і знясіленасці, часта без сну, у голадзе і сма́зе, часта у по́сце, у холадзе і галечы.

Акрамя згаданых прыгодаў, у мяне штодзень зборы людзей, клопат за ўсе цэрквы.
 
Акрамя ўсяго іншага, у мяне штодзень сходы, клопат пра ўсе цэрквы.

Хто зьнемагае, з кім бы і я не зьнемагаў? Хто ўпадае ў змусты, за каго б я не ўспалымняўся?
 
Хто́ знемага́е, з кім бы я не знемага́ў? Хто́ спакуша́ецца, за каго б я не згара́ў?

Калі мусова мне хваліцца, дык буду хваліцца нямогласьцю маёю.
 
Калі трэба хвалíцца, то буду хвалíцца слабасцю сваёю.

Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, дабраславёны навекі, ведае, што я не маню.
 
Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, благаславёны навекі, ведае, што я не лгу.

У Дамаску абласны правіцель цара Арэты пільнаваў горад Дамаск, каб схапіць мяне; і я ў кашы быў спушчаны з вакна па сьцяне і пазьбег ягоных рук.
 
У Дамаску намеснік цара Арэты ахоўваў горад Дамаскійцаў, каб схапіць мяне; і я ў кашы́ быў спу́шчаны праз акно па сцяне і пазбег рук яго.