1 да Цімафея 6 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганараваць гаспадароў сваіх як годных усялякае пашаны, каб ня было наганы імю Божаму і вучэньню.
 
Рабы́, што пад ярмом, павінны лічыць паноў сваіх годнымі ўсякае пашаны, каб ня было ганьбаваньня на імя Божае і на навуку.

Тыя, якія маюць гаспадарамі веруючых, не павінны абыходзіцца зь імі нядбайна, бо яны браты; але тым болей павінны служыць ім, бо яны веруючыя і любасныя і дабрачыняць ім. Вучы гэтаму і ўмаўляй.
 
Тыя-ж, што ве́рных маюць за паноў, няхай ня будуць нядбалымі, бо яны — браты; але тым бале́й няхай паслугуюць ім, што яны ве́рныя і ўмілаваныя, прымаючы дабро. Гэтага навучай і заклікай.

Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць,
 
Калі-ж хто навучае інакш і ня йдзе́ за здаровымі словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і за навукай аб багабойнасьці,

той — гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недавярства,
 
той загардзе́ў, нічога ня ве́даючы, але хворы на змаганьне і спрэчкі, ад чаго бывае зайздрасьць, сварка, лаянкі, благія падазрэньні,

пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі ісьціну, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх.
 
пустыя гутаркі між людзьмі папсаванага розуму, што згубілі праўду і думаюць, быццам багабойнасьць служыць дзеля прыбытку. Ухіляйся ад гэтакіх.

Вялікі набытак — быць пабожным і задаволеным.
 
Вялікі-ж набытак быць багабойным і здаволеным.

Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.
 
Бо мы нічога ня прыне́сьлі на сьве́т; дык ясна, што й нічога вы́нясьці ня можам.

Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.
 
Маючы-ж ежу і вопратку, будзем здаволены гэтым.

А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;
 
Тыя-ж, што жадаюць узбага́чвацца, па́даюць у спакушэньне і ў се́ці, і ў многія неразумныя і шкадлівыя пажаданьні, што топяць людзе́й у зьніштажэньні й загубе;

бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.
 
бо корань усяго благога ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому некаторыя ўхіліліся ад ве́ры і самі сябе́ аддалі на многія мукі.

А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці;
 
Ты-ж, чалаве́ча Божы, уцякай ад гэтага, але пасьпява́й у праўдзе, багабойнасьці, ве́ры, любві, цярплівасьці, ціхасьці;

пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнаў добрую споведзь перад многімі сьведкамі.
 
змагайся добрым змаганьнем ве́ры, дзяржыся за жыцьцё ве́чнае, да якога ты і пакліканы, дый ты вызнаў добрае вызна́ньне перад многімі сьве́дкамі.

Перад Богам жыцьцядайным і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, наказваю табе
 
Перад Богам, усё ажыўляючым, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьве́дчыў перад Понцкім Пілатам добрае вызнаньне, загадываю табе́

захаваць запаведзь чыста і бездакорна аж да прышэсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
захаваць гэту запаведзь чыстай, беззаганнай, аж да зьяўле́ньня Госпада нашага Ісуса Хрыста,

якое ў свой час адчыніць дабрашчасны і адзіны моцны Цар над царамі і Гасподзь над гаспадарамі,
 
якое ў свой час адкрые шчасьлівы й адзіны магутны Цар Цароў і Госпад гаспадароў,

адзіны несьмяротны, Які жыве ў недаступным сьвятле, Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму гонар і ўлада вечная! Амін.
 
адзіны, што ма́е несьмяротнасьць, жыве́ ў сьвятле́ недаступным, якога ніхто із людзе́й ня бачыў і бачыць ня можа. Яму чэсьць і дзяржава ве́чная. Амін.

Багатых у сёньняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды;
 
Багатым у гэтым ве́ку загадывай, каб яны ня думалі шмат аб сабе́, ані спадзяваліся на багацьце няпэўнае, але на Бога Жывога, што дае́ нам усё шчодра дзеля ўслады;

каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся,
 
каб яны рабілі дабро, багаце́лі добрымі ўчынкамі, былі шчодрыя, дзяліліся,

зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця.
 
зьбіраючы сабе́, як скарб, добры грунт дзеля будучыны, каб дастаць жыцьцё ве́чнае.

О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі,
 
О, Цімахве́ю, захоўвай пераданае табе́, ухіляючыся ад паганага пустаслоўя і перакорлівасьці фальшывага знаньня,

аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Мілата з табою. Амін.
 
пахваляючыся якім, некаторыя ўхіліліся ад ве́ры. Ласка з табою. Амін.