Марка 14 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Праз два дні мелася быць сьвята Пасхі і праснакоў; і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы ўзяць Яго хітрасьцю і забіць;
А праз два дні была Пасха і Свята Праснакоў; і шукалі першасвятары і кніжнікі, як Яго хітрасцю схапіць і забіць;
але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.
Бо яны казалі: «Не ў свята, каб не было замяшання ў народзе».
І калі быў Ён у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў, — прыйшла жанчына з алавастравай пасудзінай міра з нарду чыстага, каштоўнага, і, разьбіўшы пасудзіну, паліла Яму на галаву.
І калі Ён быў у Віфаніі, у доме пракажонага Сімана і ўзлягаў, прыйшла жанчына, маючы алябастравую пляшачку міра з чыстага і дарагога нарда; разбіўшы пляшачку, яна ўзліла Яму на галаву.
А некаторыя абурыліся і казалі паміж сабою: навошта гэтае марнатраўства міра?
А былі ж некаторыя, што абураліся між сабою: «Навошта гэтая трата міра?
бо можна было прадаць яго больш, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім. І дакаралі яе.
Бо гэтае міро можна было б прадаць больш за трыста дынарыяў і раздаць убогім.» І сурова выгаворвалі ёй.
Але Ісус сказаў: пакіньце яе; што яе бянтэжыце? яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.
Ісус жа сказаў: «Пакіньце яе: што вы ёй прыкрасць робіце? Добры ўчынак яна Мне зрабіла.
Бо заўсёды ўбогіх маеце пры сабе, і калі захочаце, можаце ім дабрачыніць; а Мяне не заўсёды маеце.
Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою і, калі хочаце, можаце добра ім рабіць, Мяне ж не заўсёды маеце.
Яна зрабіла, што магла: загадзя памазала Цела Маё на пахаваньне.
Што магла, яна зрабіла: загадзя памазала Маё цела для пахавання.
Праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць пра яе, і пра тое, што зрабіла яна.
Папраўдзе кажу вам: дзе ні будзе аб’яулена Дабравесце ва ўсім свеце, дык і пра тое, што зрабіла яна, будзе сказана ў яе памяць».
І пайшоў Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім.
І Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, падаўся да першасвятароў, каб ім выдаць Яго.
А яны, пачуўшы, узрадаваліся і абяцаліся даць яму срэбранікі. І ён намышляў, як бы ў зручны час выдаць Яго.
А яны, пачуўшы, усцешыліся і абяцалі яму даць срэбранікаў. І ён шукаў, як бы пры зручным выпадку выдаць Яго.
У першы дзень праснакоў, калі калолі пасхальнае ягня, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе хочаш есьці пасху? мы пойдзем і прыгатуем.
І ў першы дзень Праснакоў, калі ў ахвяру прыносілі Пасху, кажуць Яму Яго вучні: «Хочаш, каб мы, пайшоўшы, падрыхтавалі Табе спажыць пасху?»
І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: ідзеце ў горад: і сустрэнецца вам чалавек, які нясьціме збанок вады: пойдзеце сьледам за ім,
І пасылае двух Сваіх вучняў і кажа ім: «Ідзіце ў горад і сустрэне вас чалавек, што будзе несці гляк вады; ідзіце ўслед за ім.
і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дома таго: «Настаўнік кажа: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?».
І куды ён увойдзе, скажыце гаспадару таго дома: «Настаўнік кажа: «Дзе Мой пакой, у якім спажыў бы пасху з Маімі вучнямі?»
І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую, гатовую; там прыгатуеце нам.
І ён вам пакажа на гары вялікую залу, усланую, гатовую: там і падрыхтуйце нам».
І пайшлі вучні ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі пасху.
І пайшлі вучні і прыйшлі ў горад і знайшлі, як Ён казаў ім, і падрыхтавалі пасху.
Калі зьвечарэла, Ён прыходзіць з дванаццацьцю.
І калі надышоў вечар, прыходзіць ён з дванаццаццю.
І калі яны ўзьляжалі і елі, Ісус сказаў: праўду кажу вам, адзін з вас, які есьць са Мною, выдасьць Мяне.
І калі яны ўзлягалі і елі, Ісус сказаў: «Папраўдзе кажу вам: адзін з вас прадасць Мяне: ён есць са Мною».
Яны засмуціліся і пачалі казаць Яму, адзін за адным: ці ня я? І другі: ці ня я?
Яны пачалі сумаваць і казаць Яму адзін за адным: «Няужо я?»
А Ён сказаў ім у адказ: адзін з дванаццацёх, што мачае са Мною ў місцы.
Ён жа сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, што мачае ў міску са Мною.
Бо Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б таму чалавеку не радзіцца.
Хоць Чалавечы Сын адыходзіць, як напісана пра Яго, ды бяда таму чалавеку, праз якога Чалавечы Сын будзе прададзены; лепш было б яму, калі б ён не радзіўся».
І калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў, даў ім і сказаў: прымеце, ежце; гэта Цела Маё.
І, калі яны елі, Ён, узяўшы хлеб, паблаславіўшы, паламаў і даў ім і сказаў: «Вазьміце, [ешце], гэта цела Маё.»
І ўзяўшы чару, падзякаваўшы, падаў ім; і пілі зь яе ўсе.
І, узяўшы келіх, узнёс падзяку, падаў ім: і пілі з яго ўсе.
І сказаў ім: гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная.
І Ён сказаў ім: «Гэта Мая кроў Згоды, што праліваецца за многіх.
Праўду кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плоду лазы вінаграднае да таго дня, калі буду піць новае віно ў Царстве Божым.
Папраўдзе кажу вам, што не буду больш піць ад плоду вінаграднай лазы аж да таго дня, калі буду піць яго новым у Божым Царстве».
І засьпяваўшы пайшлі на гару Аліўную.
І, адспяваўшы хвалебную песню, выйшлі на Аліўную гару.
І кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч: бо напісана: «паражу пастыра, і расьсеюцца авечкі»,
І кажа ім Ісус: «Усе вы адступіцеся [у гэтую ноч], бо напісана: «Удару пастуха і рассыплюцца авечкі».
а пасьля ўваскрэсеньня Майго Я запабягу вас у Галілеі.
Але калі ўваскрэсну, Я пайду перад вамі ў Галілею».
Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца, дык ня я.
Пятро ж сказаў Яму: «Хоць усе адступяцца, але не я».
І кажа яму Ісус: праўду кажу табе, што ты сёньня, гэтае ночы, перш чым двойчы засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
І кажа яму Ісус: «Папраўдзе кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы запяе певень, тройчы ад Мяне адрачэшся».
Але ён яшчэ больш настойліва казаў: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Тое самае і ўсе казалі.
А ён з яшчэ большым націскам казаў: «Хоць бы я павінен памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Гэтаксама казалі і ўсе.
Прыйшлі ў селішча, якое называлася Гефсіманія: і Ён сказаў вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль Я памалюся.
І прыходзяць яны да сядзібы, званай Гефсіманія.
І ўзяў з Сабою Пятра, Якава і Яна; і пачаў смуткаваць і журыцца.
І бярэ з Сабою Пятра, Якава і Іаана. І пачаў Ён жахацца і тужыць.
І сказаў ім: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут, і чувайце.
І кажа ім: «Збалела Мая душа аж да смерці; астаньцеся тут і не спіце».
І, адышоўшы крыху, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі можна, мінула Яго гадзіна гэтая;
І, адышоўшы крыху, упаў на зямлю і маліўся, каб яго, калі можна, абмінула гэтая гадзіна.
і казаў: Авва Войча! усё магчыма Табе; пранясі чару гэтую міма Мяне; але не чаго Я хачу, а чаго Ты.
І сказаў: «Авва Ойча! Усё мажліва Табе; пранясі гэты келіх міма Мяне; ды не чаго Я хачу; але чаго Ты.»
Вяртаецца і знаходзіць, што яны сьпяць; кажа Пятру: Сымоне! ты сьпіш? ня мог ты чуваць аднае гадзіны?
І прыходзіць і знаходзіць іх сплючы і кажа Пятру: «Сімане, ты спіш? Аднае гадзіны не змог не паспаць?
чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.
Не спіце і маліцеся, каб не трапіць у спакусу: дух моцны, а цела кволае».
І зноў адышоўшы маліўся, сказаўшы тое самае слова.
І зноў, адышоўшыся, маліўся, кажучы тое ж слова.
І вярнуўшыся, зноў знайшоў, што яны сьпяць: бо ў іх вочы ацяжэлі; і яны ня ведалі, што яму адказаць.
І зноў, падышоўшы, знайшоў іх сплючы, бо іх вочы абцяжэлі; і не ведапі яны, што Яму адказаць.
І прыходзіць трэйці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіце і спачываеце? годзе; настала гадзіна; вось, аддаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікам;
І прыходзіць трэці раз і кажа ім: «Вы ўсё спіце і спачываеце? Годзе! Надышла гадзіна: вось выдаецца Чалавечы Сын у рукі грэшнікаў.
устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто выдае Мяне.
Уставайце, хадзем, вось наблізіўся мой прадажнік».
І адразу, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і кніжнікаў і старэйшын.
І адразу, пакуль Ён яшчэ казаў, прыходзіць Юда, адзін з Дванаццаці, і з ім натоўп з мячамі і каламі — ад першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын.
А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць; вазьмеце Яго, і вядзеце пільна.
А Яго здраднік падаў ім умоўны знак, кажучы: «Каго пацалую, Той і ёсць: хапайце Яго і вядзіце ўзмоцнена».
І прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равьві, Равьві! І пацалаваў Яго.
І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: «Равві!» і пацалаваў Яго.
А яны ўсклалі на Яго рукі свае і ўзялі Яго.
А тыя ж налажылі рукі на Яго і схапілі Яго.
А адзін з тых, што стаялі тут, дастаў меч, ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму вуха.
Адзін з тых, што стаялі пры ім, выхапіўшы меч, ударыў першасвятаровага слугу і адсек яму вуха.
Тады Ісус сказаў ім: як на грабежніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне;
І, азваўшыся, Ісус сказаў ім: «Як на разбойніка выйшлі з мячамі і каламі, каб схапіць Мяне;
кожны дзень бываў Я з вамі ў храме і вучыў, і вы не ўзялі мяне; але хай збудуцца Пісаньні.
Штодня быў Я з вамі у святыні, навучаючы, і не ўзялі Мяне; але няхай спраўдзіцца Пісьмо».
Тады, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
Адзін хлопец, захінуўшыся па голым целе пакрывалам, ішоў сьледам за Ім; і воіны схапілі яго.
Нейкі юнак ішоў далей за Ім, ахінуўшы голае цела кужэльным пакрывалам. І яны хапаюць яго.
Але ён, пакінуўшы пакрывала, голы ўцёк ад іх.
Ён жа, пакінуўшы пакрывала, голы ўцёк.
І прывялі Ісуса да першасьвятара; і сабраліся да яго ўсе першасьвятары і старэйшыны і кніжнікі.
І адвялі Ісуса да першасвятара; і сходзяцца ўсе першасвятары і старэйшыны і кніжнікі.
Пётр зводдаль ішоў сьледам за Ім, нават усярэдзіну двара першасьвятаровага; і сядзеў са службітамі, і грэўся каля вагню.
І Пятро здалёку ішоў услед за Ім аж у сярэдзіну на падворак першасвятара; і сядзеў разам са службаю і грэўся пры агні.
А першасьвятары і ўвесь сінэдрыён шукалі сьведчаньня на Ісуса, каб аддаць Яго сьмерці, і не знаходзілі,
А першасвятары і ўвесь сінедрыён шукалі супроць Ісуса сведчанняў, каб асудзіць на смерць, і не знаходзілі.
Бо многія сьведчылі ілжыва на Яго, але сьведчаньні гэтыя ня былі дастатковыя.
Бо многія фальшыва сведчылі супроць Яго, але сведчанні іх не супадалі.
І некаторыя, устаўшы, сьведчылі ілжыва супроць яго; казалі:
І некаторыя, устаўшы, фальшыва сведчылі супроць Яго, кажучы:
мы чулі, як Ён казаў: «Я разбуру храм гэты рукатворны і праз тры дні ўзьвяду другі, нерукатворны».
Мы чулі як Ён казаў: «Я зруйную гэты рукатворны храм і за тры дні збудую іншы, нерукатворны».
Але і такое сьведчаньне іхняе ня было дастатковае.
Але і ў гэтым сведчанне не супала.
Тады першасьвятар стаў пасярэдзіне і спытаўся ў Ісуса: што Ты нічога не адказваеш? што яны супроць Цябе сьведчаць?
Тады першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, пытаўся ў Ісуса, кажучы: «Ты нічога не адказваеш, што сведчаць яны супроць Цябе?»
Але Ён маўчаў і не адказваў нічога. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і сказаў Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага?
Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар спытаўся ў Яго і сказаў Яму: «Ці Хрыстос ты, сын Блаславёнага?»
Ісус сказаў: Я; і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
Ісус жа сказаў: «Я; і вы ўбачыце Чалавечага Сына, што ўсядае праваруч [Божай] Сілы і прыходзіць з нябесным воблакам.»
Тады першасьвятар, разадраўшы адзеньне сваё, сказаў: навошта нам яшчэ сьведкі?
Першасвятар жа, разарваўшы шаты свае, кажа: «Якую яшчэ патрэбу мы маем у сведчаннях?
вы чулі блюзьнерства; як вам здаецца? А яны ўсе прызналі Яго вінаватым да сьмерці.
Вы чулі богазнявагу? Як вам здаецца?» Яны ж усе асудзілі Яго, што варты смерці.
І некаторыя пачалі пляваць на Яго і, закрываючы твар Яму, біць Яго і казаць Яму: прароч. І слугі білі Яго па шчоках.
І пачалі некаторыя пляваць на Яго і закрываць Яму твар, і білі па шчоках і казаць Яму: «Прароч», і службоўцы білі ў твар.
Калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прыйшла адна служанка першасьвятаровая
І калі Пятро быў унізе на падворку, падыходзіць адна з першасвятаровых служанак
і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, і ўгледзеўшы яго, сказала: і ты быў зь Ісусам Назаранінам.
і, убачыўшы, што Пятро грэецца, угледзелася ў яго і кажа: «І ты з Назаранінам, з Ісусам.»
Але ён адрокся, сказаўшы: ня ведаю і не разумею, што ты кажаш. І выйшаў на пярэдні двор; і засьпяваў певень.
Ён жа адрокся, кажучы: «Я не ведаю і не разумею, што ты кажаш». І выйшаў на пярэдні двор [і запяяў певень].
Служанка, убачыўшы яго зноў, пачала казаць тым, што стаялі тут: гэты зь іх.
А служанка ўбачыўшы яго, зноў пачапа казаць да тых, што стаялі там: «Гэты з іх».
Ён зноў адрокся. Крыху пазьней тыя, што стаялі тут, зноў пачалі гаварыць Пятру: і праўда, ты зь іх; бо ты Галілеянін, і гаворка твая падобная.
Ён жа зноў адрокся. І неўзабаве зноў тыя, што там стаялі, казалі Пятру: «Сапраўды ты з іх, ты ж і галлеянін».
А ён пачаў прысягаць і бажыцца: ня ведаю Чалавека гэтага, пра Якога кажаце.
Ён жа пачаў заракацца і клясціся: «Не ведаю я гэтага чалавека».
Тады певень засьпяваў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, сказанае яму Ісусам: «перш чым певень засьпявае двойчы, тройчы адрачэшся ад Мяне». І заплакаў.
І адразу паўторна запяяў певень. І ўспомніў Пятро слова, сказанае яму Ісусам: «Перш, чым двойчы прапяе певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І выбухнуў плачам.