Марка 14 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

А за два дні надыходзіла Пасха і Свята Праснакоў. І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы Яго схапіць хітрасцю і забіць;
 
А праз два дні была Пасха і Свята Праснакоў; і шукалі першасвятары і кніжнікі, як Яго хітрасцю схапіць і забіць;

бо яны казалі: Толькі не ў свята, каб не было замяшання ў народае.
 
Бо яны казалі: «Не ў свята, каб не было замяшання ў народзе».

І калі Ён быў у Віфаніі, у доме пракажонага Сімана і ўзлягаў, прыйшла жанчына з алябастравым флаконікам міра з чыстага, найкаштоўнейшага нарда; [і] разбіўшы флаконік, яна ўзліла Яму на галаву.
 
І калі Ён быў у Віфаніі, у доме пракажонага Сімана і ўзлягаў, прыйшла жанчына, маючы алябастравую пляшачку міра з чыстага і дарагога нарда; разбіўшы пляшачку, яна ўзліла Яму на галаву.

А былі ж некаторыя, што абураліся між сабою, [кажучы]: Навошта рабіць гэткую трату міра?
 
А былі ж некаторыя, што абураліся між сабою: «Навошта гэтая трата міра?

Бо гэтае міро можна было б прадаць больш за трыста дынарыяў і раздаць убогім. — І сурова выгаворвалі ёй.
 
Бо гэтае міро можна было б прадаць больш за трыста дынарыяў і раздаць убогім.» І сурова выгаворвалі ёй.

Ісус жа сказаў: Пакіньце яе; што вы робіце ёй прыкрасць. Добры ўчынак яна Мне зрабіла.
 
Ісус жа сказаў: «Пакіньце яе: што вы ёй прыкрасць робіце? Добры ўчынак яна Мне зрабіла.

Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою і, калі хочаце, можаце ім зрабіць дабро, Мяне ж не заўсёды маеце.
 
Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою і, калі хочаце, можаце добра ім рабіць, Мяне ж не заўсёды маеце.

Што магла, яна зрабіла: загадзя памазала Маё цела для пахавання.
 
Што магла, яна зрабіла: загадзя памазала Маё цела для пахавання.

Праўду ж кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Евангелле ва ўсім свеце, дык і пра тое, што зрабіла яна, будзе сказана ў яе памяць.
 
Папраўдзе кажу вам: дзе ні будзе аб’яулена Дабравесце ва ўсім свеце, дык і пра тое, што зрабіла яна, будзе сказана ў яе памяць».

А Іуда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць Яго ім.
 
І Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, падаўся да першасвятароў, каб ім выдаць Яго.

Яны ж, пачуўшы, усцешыліся і абяцалі даць яму серабра. І ён шукаў, як бы ў зручны час выдаць Яго.
 
А яны, пачуўшы, усцешыліся і абяцалі яму даць срэбранікаў. І ён шукаў, як бы пры зручным выпадку выдаць Яго.

І ў першы дзень Праснакоў, калі ў ахвяру прыносілі пасху35, Яго вучні кажуць Яму: Куды хочаш, каб мы пайшлі і падрыхтавалі Табе спажыць Пасху?
 
І ў першы дзень Праснакоў, калі ў ахвяру прыносілі Пасху, кажуць Яму Яго вучні: «Хочаш, каб мы, пайшоўшы, падрыхтавалі Табе спажыць пасху?»

І Ён пасылае двух са Сваіх вучняў і кажа ім: Ідзіце ў горад і сустрэнецца вам чалавек, што будзе несці збанок вады; ідзіце ўслед за ім;
 
І пасылае двух Сваіх вучняў і кажа ім: «Ідзіце ў горад і сустрэне вас чалавек, што будзе несці гляк вады; ідзіце ўслед за ім.

і куды ён увойдзе, скажыце гаспадару дома: «Настаўнік кажа: «Дзе мой пакой, у якім спажыў бы пасху з Маімі вучнямі?»
 
І куды ён увойдзе, скажыце гаспадару таго дома: «Настаўнік кажа: «Дзе Мой пакой, у якім спажыў бы пасху з Маімі вучнямі?»

І ён вам пакажа вялікі верхні пакой, усланы, гатовы: там і падрыхтуйце нам.
 
І ён вам пакажа на гары вялікую залу, усланую, гатовую: там і падрыхтуйце нам».

І пайшлі вучні і прыйшлі ў горад і знайшлі ўсё, як Ён казаў ім, і падрыхтавалі пасху.
 
І пайшлі вучні і прыйшлі ў горад і знайшлі, як Ён казаў ім, і падрыхтавалі пасху.

І калі настаў вечар, прыходзіць Ён з дванаццаццю.
 
І калі надышоў вечар, прыходзіць ён з дванаццаццю.

І калі яны ўзляглі і елі, Ісус сказаў: Сапраўды кажу вам: адзін з вас выдасць Мяне: ён есць са Мною.
 
І калі яны ўзлягалі і елі, Ісус сказаў: «Папраўдзе кажу вам: адзін з вас прадасць Мяне: ён есць са Мною».

Яны зажурыліся і пачалі казаць Яму адзін за адным: Дык не я ж? [І другі: Дык не я]?
 
Яны пачалі сумаваць і казаць Яму адзін за адным: «Няужо я?»

Ён жа сказаў ім: Адзін з дванаццаці, што мачае са Мною ў міску.
 
Ён жа сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, што мачае ў міску са Мною.

Бо Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, ды бяда таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; лепш было б таму чалавеку, калі б ён не нарадзіўся.
 
Хоць Чалавечы Сын адыходзіць, як напісана пра Яго, ды бяда таму чалавеку, праз якога Чалавечы Сын будзе прададзены; лепш было б яму, калі б ён не радзіўся».

І, калі яны елі, Ён, узяўшы хлеб, добраславіўшы, разламаў і даў ім і сказаў: Вазьміце, [ешце], гэта цела Маё.
 
І, калі яны елі, Ён, узяўшы хлеб, паблаславіўшы, паламаў і даў ім і сказаў: «Вазьміце, [ешце], гэта цела Маё.»

І, узяўшы чашу, падзякаваўшы, даў ім, і пілі з яе ўсе.
 
І, узяўшы келіх, узнёс падзяку, падаў ім: і пілі з яго ўсе.

І Ён сказаў ім: Гэта Мая Кроў [Новага] Запавету, што праліваецца за многіх.
 
І Ён сказаў ім: «Гэта Мая кроў Згоды, што праліваецца за многіх.

Сапраўды кажу вам, што ўжо ні ў якім разе не буду піць ад плоду вінаграднай лазы аж да таго дня, калі буду піць яго новым у Царстве Божым.
 
Папраўдзе кажу вам, што не буду больш піць ад плоду вінаграднай лазы аж да таго дня, калі буду піць яго новым у Божым Царстве».

І, праспяваўшы гімн, яны выйшлі на Аліўную гару.
 
І, адспяваўшы хвалебную песню, выйшлі на Аліўную гару.

І Ісус кажам ім: Усе вы зняверыцеся [ўва Мне ў гэтую ноч], бо напісана: «Удару пастуха і рассеюцца авечкі».
 
І кажа ім Ісус: «Усе вы адступіцеся [у гэтую ноч], бо напісана: «Удару пастуха і рассыплюцца авечкі».

Але пасля таго, як Я буду ўваскрэшаны, Я апярэджу вас у Галілеі.
 
Але калі ўваскрэсну, Я пайду перад вамі ў Галілею».

Пётр жа сказаў Яму: Калі і ўсе зняверацца, але не я.
 
Пятро ж сказаў Яму: «Хоць усе адступяцца, але не я».

І кажа яму Ісус: Сапраўды кажу табе, што ты сёння, гэтай ночы, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы ад Мяне адрачэшся.
 
І кажа яму Ісус: «Папраўдзе кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы запяе певень, тройчы ад Мяне адрачэшся».

А ён з яшчэ большым націскам казаў: Нават калі б мне належала памерці з Табою, ні ў якім разе не адракуся ад Цябе! — Тое самае казалі і ўсе.
 
А ён з яшчэ большым націскам казаў: «Хоць бы я павінен памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Гэтаксама казалі і ўсе.

І прыходзяць яны ў мясцовасць пад назваю Гефсіманія, і Ён кажа Сваім вучням: Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся.
 
І прыходзяць яны да сядзібы, званай Гефсіманія.

І забірае з Сабою Пятра, Іякава і Іаана; і пачаў Ён жахацца і тужыць.
 
І бярэ з Сабою Пятра, Якава і Іаана. І пачаў Ён жахацца і тужыць.

І кажа ім: Вельмі журыцца Мая душа, да смерці; застаньцеся тут і не спіце.
 
І кажа ім: «Збалела Мая душа аж да смерці; астаньцеся тут і не спіце».

І, прайшоўшы крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб Яго, калі можна, абмінула гэтая гадзіна,
 
І, адышоўшы крыху, упаў на зямлю і маліўся, каб яго, калі можна, абмінула гэтая гадзіна.

і казаў: Авва Татухна! Усё мажліва Табе; аднясі гэтую чашу ад Мяне; ды не чаго я хачу, але чаго Ты.
 
І сказаў: «Авва Ойча! Усё мажліва Табе; пранясі гэты келіх міма Мяне; ды не чаго Я хачу; але чаго Ты.»

І прыходзіць і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Сімане, ты спіш? Аднае гадзіны не змог не паспаць?
 
І прыходзіць і знаходзіць іх сплючы і кажа Пятру: «Сімане, ты спіш? Аднае гадзіны не змог не паспаць?

Не спіце і маліцеся, каб не трапіць у спакусу: дух дзейны, а цела нямоглае.
 
Не спіце і маліцеся, каб не трапіць у спакусу: дух моцны, а цела кволае».

І зноў, адышоўшы, Ён памаліўся, кажучы тое самае слова.
 
І зноў, адышоўшыся, маліўся, кажучы тое ж слова.

І зноў, прыйшоўшы, Ён знайшоў, што яны спяць, бо іх вочы ацяжэлі; і яны не ведалі, што Яму адказаць.
 
І зноў, падышоўшы, знайшоў іх сплючы, бо іх вочы абцяжэлі; і не ведапі яны, што Яму адказаць.

І прыходзіць трэці раз і кажа ім: Вы ўсё спіце і адпачываеце? Скончана! Надышла гадзіна: вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
 
І прыходзіць трэці раз і кажа ім: «Вы ўсё спіце і спачываеце? Годзе! Надышла гадзіна: вось выдаецца Чалавечы Сын у рукі грэшнікаў.

Уставайце, хадзем, вось наблізіўся мой здраднік.
 
Уставайце, хадзем, вось наблізіўся мой прадажнік».

І адразу, пакуль Ён яшчэ казаў, прыходзіць Іуда, адзін з дванаццаці, і з ім натоўп з мячамі і каламі — ад першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын.
 
І адразу, пакуль Ён яшчэ казаў, прыходзіць Юда, адзін з Дванаццаці, і з ім натоўп з мячамі і каламі — ад першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын.

А Яго здраднік даў ім умоўны знак, кажучы: «Каго пацалую, Ён і ёсць: схапіце Яго і вядзіце надзейна».
 
А Яго здраднік падаў ім умоўны знак, кажучы: «Каго пацалую, Той і ёсць: хапайце Яго і вядзіце ўзмоцнена».

І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равві! [Равві!] — і пацалаваў Яго.
 
І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: «Равві!» і пацалаваў Яго.

А яны наклалі рукі на Яго і схапілі Яго.
 
А тыя ж налажылі рукі на Яго і схапілі Яго.

А адзін з тых, што стаялі побач, выхапіўшы меч, ударыў першасвятаровага слугу і адсек яму вуха.
 
Адзін з тых, што стаялі пры ім, выхапіўшы меч, ударыў першасвятаровага слугу і адсек яму вуха.

І, азваўшыся, Ісус сказаў ім: Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб узяць Мяне?
 
І, азваўшыся, Ісус сказаў ім: «Як на разбойніка выйшлі з мячамі і каламі, каб схапіць Мяне;

Штодня быў Я з вамі ў святыні, навучаючы, і вы не схапілі Мяне; але няхай спраўдзяцца Пісанні.
 
Штодня быў Я з вамі у святыні, навучаючы, і не ўзялі Мяне; але няхай спраўдзіцца Пісьмо».

І ўсе, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
 
І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.

А адзін юнак ішоў далей за Ім, ахінуты пакрывалам на голае цела; і яны хапаюць яго.
 
Нейкі юнак ішоў далей за Ім, ахінуўшы голае цела кужэльным пакрывалам. І яны хапаюць яго.

Ён жа, пакінуўшы пакрывала, уцёк голы [ад іх].
 
Ён жа, пакінуўшы пакрывала, голы ўцёк.

І адвялі Ісуса да першасвятара; і сходзяцца [да яго] ўсе першасвятары, і старэйшыны, і кніжнікі.
 
І адвялі Ісуса да першасвятара; і сходзяцца ўсе першасвятары і старэйшыны і кніжнікі.

І Пётр здалёку ішоў услед за Ім аж у двор першасвятара; і сядзеў разам са слугамі і грэўся пры агні.
 
І Пятро здалёку ішоў услед за Ім аж у сярэдзіну на падворак першасвятара; і сядзеў разам са службаю і грэўся пры агні.

А першасвятары і ўвесь сінедрыён шукалі супроць Ісуса сведчання, каб аддаць Яго на смерць, і не знаходзілі,
 
А першасвятары і ўвесь сінедрыён шукалі супроць Ісуса сведчанняў, каб асудзіць на смерць, і не знаходзілі.

бо многія лжыва сведчылі супроць Яго, але сведчанні не супадалі.
 
Бо многія фальшыва сведчылі супроць Яго, але сведчанні іх не супадалі.

І некаторыя, устаўшы, ілжыва сведчылі супроць Яго, кажучы:
 
І некаторыя, устаўшы, фальшыва сведчылі супроць Яго, кажучы:

Мы чулі, як Ён казаў: «Я зруйную гэты рукатворны храм і за тры дні збудую іншы, нерукатворны».
 
Мы чулі як Ён казаў: «Я зруйную гэты рукатворны храм і за тры дні збудую іншы, нерукатворны».

Але і ў гэтым іх сведчанне не супала.
 
Але і ў гэтым сведчанне не супала.

І першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: Ты нічога не адказваеш, што сведчаць яны супроць Цябе?
 
Тады першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, пытаўся ў Ісуса, кажучы: «Ты нічога не адказваеш, што сведчаць яны супроць Цябе?»

Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар пытаўся ў Яго, і кажа Яму: Ці Ты Хрыстос, Сын Добраславёнага?
 
Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар спытаўся ў Яго і сказаў Яму: «Ці Хрыстос ты, сын Блаславёнага?»

І Ісус сказаў: Я; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Божай Сілы і прыходзіць з нябеснямі воблакамі.
 
Ісус жа сказаў: «Я; і вы ўбачыце Чалавечага Сына, што ўсядае праваруч [Божай] Сілы і прыходзіць з нябесным воблакам.»

Першасвятар жа, разарваўшы свае шаты, кажа: Якую яшчэ патрэбу мы маем у сведках?
 
Першасвятар жа, разарваўшы шаты свае, кажа: «Якую яшчэ патрэбу мы маем у сведчаннях?

Вы пачулі богазнявагу. Як вам здаецца? — І ўсе асудзілі Яго, што варты смерці.
 
Вы чулі богазнявагу? Як вам здаецца?» Яны ж усе асудзілі Яго, што варты смерці.

І некаторыя пачалі пляваць у Яго, і закрываць Яму твар, і біць па шчоках, і казаць Яму: Прароч! — І слугі, б’ючы ў твар, узялі Яго.
 
І пачалі некаторыя пляваць на Яго і закрываць Яму твар, і білі па шчоках і казаць Яму: «Прароч», і службоўцы білі ў твар.

І калі Пётр быў унізе на двары, прыходзіць адна з першасвятаровых служанак
 
І калі Пятро быў унізе на падворку, падыходзіць адна з першасвятаровых служанак

і, убачыўшы, што Пётр грэецца, угледзелася ў яго і кажа: І ты быў з Назаранінам, Ісусам.
 
і, убачыўшы, што Пятро грэецца, угледзелася ў яго і кажа: «І ты з Назаранінам, з Ісусам.»

Ён жа адрокся, кажучы: Я не ведаю і не разумею, што ты кажаш. — І выйшаў адтуль на пярэдні двор [і запяяў певень].
 
Ён жа адрокся, кажучы: «Я не ведаю і не разумею, што ты кажаш». І выйшаў на пярэдні двор [і запяяў певень].

І служанка, убачыўшы яго, зноў пачала казаць тым, што стаялі побач: Гэты — адзін з іх.
 
А служанка ўбачыўшы яго, зноў пачапа казаць да тых, што стаялі там: «Гэты з іх».

Ён жа зноў адрокся. І неўзабаве зноў тыя, што стаялі побач, казалі Пятру: Сапраўды ты з іх, бо і ты галілеец [і гаворка твая падобная].
 
Ён жа зноў адрокся. І неўзабаве зноў тыя, што там стаялі, казалі Пятру: «Сапраўды ты з іх, ты ж і галлеянін».

Ён жа пачаў заракацца і клясціся: Не ведаю я Гэтага Чалавека, пра Якога вы кажаце.
 
Ён жа пачаў заракацца і клясціся: «Не ведаю я гэтага чалавека».

І адразу другі раз запяяў певень. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш, чым двойчы прапяе певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І выбухнуў плачам.
 
І адразу паўторна запяяў певень. І ўспомніў Пятро слова, сказанае яму Ісусам: «Перш, чым двойчы прапяе певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І выбухнуў плачам.