Марка 7 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І збіраюцца да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма.
 
І зыходзяцца да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерусаліма.

І, убачыўшы, што некаторыя з Яго вучняў ядуць хлеб нячыстымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, [папракнулі],
 
І, убачыўшы, што некаторыя з Яго вучняў ядуць хлеб нячыстымі, гэта значыць, няўмытымі рукамі, —

бо фарысеі і ўсе іудзеі, калі не вымыюць старанна рук, не ядуць, пільнуючыся падання старэйшых,
 
Бо фарысеі і ўсе іудзеі, калі не вымыюць старанна рук, не ядуць, пільнуючыся паданняў старэйшых,

і, вярнуўшыся з рынку, калі не абмыюцца, не ядуць і ёсць шмат іншага, чаго яны прынялі пільнавацца: мыцця чашаў, і кубкаў, і меднага посуду, [і лавак] —
 
І (вярнуўшыся) з рынку, калі не абмыюцца, не ядуць і ёсць шмат іншага, чаго яны прынялі пільнавацца: мыцця чараў, і кубкаў, і меднага посуду, [і тапчаноў] —

і пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму Твае вучні не жывуць паводле падання старэйшых, а нячыстымі рукамі ядуць хлеб?
 
І пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму Твае вучні не жывуць паводле паданняў старэйшых, але нячыстымі рукамі ядуць хлеб?»

Ён жа сказаў ім: Добра прарочыў Ісаія пра вас, крывадушных, як напісана: «Гэты народ вуснамі шануе Мяне, сэрца ж іх далёка адстаіць ад Мяне;
 
Ён жа сказаў ім: «Добра прарочыў Ісая пра вас, крывадушных, як напісана: «Гэты народ вуснамі шануе Мяне, сэрца ж іх далёка ад Мяне;

але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнням чалавечым запаведзям.
 
Але марна ўшаноўваюць Мяне, навучаючы навукам — загадам чалавечым».

Пакінуўшы запаведзь Божую, вы трымаецеся чалавечага падання [абмывання кубкаў і чашаў і шмат іншага, падобнага да такога, робіце вы].
 
Занядбаўшы Божую запаведзь, вы пільнуецеся чалавечых паданняў [абмываеце кубкі і чары і шмат іншага, падобнага да гэтага, робіце вы]».

І казаў ім: Вы спрытна адхіляеце запаведзь Божую, каб ваша паданне захоўваць.
 
І казаў ім: «Адхіляеце добра вы Божую запаведзь, каб ваша паданне захоўваць.

Бо Маісей казаў: «Шануй свайго бацьку і сваю маці» і: «Хто ліхасловіць бацьку ці маці, няхай смерцю памрэ».
 
Бо Майсей сказаў: «Шануй бацьку свайго і маці сваю» і: «Хто знеслаўляе бацьку ці маці, няхай смерцю памрэ».

Вы ж кажаце: «Калі чалавек скажа бацьку ці маці: Карван (гэта значыць дар Богу) тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся», —
 
Вы ж кажаце: «Калі скажа чалавек бацьку ці маці: Карван [гэта значыць дар Богу] тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся», —

вы ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі ці маці,
 
Вы ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі ці маці,

адмяняючы слова Божае вашым паданнем, якое вы перадаяце; і шмат падобнага да гэтага вы робіце.
 
Касуючы Божае слова вашым паданнем, якое вы перадаеце; і шмат падобнага да гэтага вы робіце».

І, паклікаўшы зноў натоўп, Ён казаў ім: Пачуйце Мяне ўсе і зразумейце!
 
І, паклікаўшы зноў натоўп, Ён казаў ім: «Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце!

Няма нічога звонку чалавека, што, уваходзячы ў яго, можа апаганіць яго, але што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека.
 
Няма нічога вонкі чалавека, што, уваходзячы ў яго, магло б зрабіць нячыстым яго, але тое, што з чалавека выходзіць, робіць нячыстым чалавека.

[Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе]17.
 
[Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае].

І калі ад нотоўпу Ён увайшоў у дом, Яго вучні спыталіся ў Яго аб прыпавесці.
 
І калі ад натоўпу Ён увайшоў у дом, Яго вучні спыталіся ў Яго пра ўпадабненне.

І Ён кажа ім: Няўжо і вы такія някемлівыя? Не разумееце, што ўсё тое, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа апаганіць яго,
 
І Ён кажа ім: «Няўжо і вы не даўмеліся? Не разумееце, што ўсё тое, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа зрабіць нячыстым яго,

бо ўваходзіць яму не ў сэрца, а ў жывот і ў адыходнае месца выходзіць, чым ачышчаецца ўсялякая ежа.
 
Бо ўваходзіць яму не ў сэрца, а ў жывот і выходзіць вонкі, ачышчаючы ўсякую спожыць?»

Ён жа казаў: Што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека.
 
Ён жа казаў: «Тое, што з чалавека зыходзіць, тое робіць нячыстым чалавека.

Бо з сярэдзіны, з сэрца людзей, ліхія развагі выходзяць, распуста, крадзеж, забойствы,
 
Бо з сярэдзіны, з сэрца людзей, ліхія думкі выходзяць, блуд, крадзеж, забойствы,

чужаложства, хцівасць, зласлівасць, подступ, распушчанасць, ліхое вока, блюзнерства, пыха, дурнота;
 
Пералюб, хцівасць, злосць, подступ, распушчанасць, ліхое вока, блюзнерства, пыха, дурнота;

усё гэтае ліха з сярэдзіны выходзіць і апаганьвае чалавека.
 
Ўсе гэтае ліха з сярэдзіны выходзіць і робіць нячыстым чалавека».

І, устаўшы, Ён пайшоў адтуль у ваколіцы Тыра [і Сідона]. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ўведаў, ды не змог утаіцца;
 
І, падняўшыся адтуль, пайшоў Ён у межы Тыра. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ведаў, ды не змог утаіцца;

бо адразу пачула пра Яго жанчына, у чыёй дачкі быў нячысты дух, і, прыйшоўшы, прыпала да Яго ног;
 
Бо адразу пачула пра Яго жанчына, дачка якой мела нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упала да Яго ног;

а была жанчына грачанка, сірафінікіянка родам; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з яе дачкі.
 
А была жанчына грачанка, сірафінікіянка родам; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з яе дачкі.

І Ён казаў ёй: Пусці спярша наесціся дзецям, бо нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
 
І Ён казаў ёй: «Дай спярша наесціся дзецям, бо нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».

Яна ў адказ Яму кажа: [Так], Госпадзе, [але] і шчаняты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
 
Яна ў адказ Яму кажа: «Госпадзе, і шчаняты пад сталом ядуць ад дзіцячых крошак»,

І Ён сказаў ёй: За гэтае слова — ідзі, выйшаў дэман з твае дачкі.
 
І Ён сказаў ёй: «За гэтае слова ідзі, выйшаў дэман з твае дачкі».

І, пайшоўшы ў свой дом, яна знайшла, што дзіця ляжыць на ложку і дэман выйшаў.
 
І, пайшоўшы ў свой дом, яна знайшла, што дачка ляжыць на ложку і што дэман выйшаў.

І, зноў выйшаўшы з межаў Тыра, Ён прыйшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дзесяцігораддзя.
 
І, зноў, выйшаўшы з межаў Тыра, пайшоў Ён праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод Дзесяцігароддзя.

І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасцю гаварыў, і просяць Яго, каб усклаў руку на яго.
 
І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасцю гаварыў, і просяць Яго, каб усклаў руку на яго.

І, адвёўшы яго асобна ад натоўпу, Ён уклаў Свае пальцы яму ў вушы і, плюнуўшы, дакрануўся да яго языка,
 
І, адвеўшы яго ў бок ад натоўпу, Ён улажыў Свае пальцы яму ў вушы і, сплюнуўшы, дакрануўся да яго языка.

і, узвёўшы вочы ў неба, Ён цяжка ўздыхнуў і кажа яму: «Эффафа», гэта значыць: «Расчыніся».
 
І, паглядзеўшы на неба, глыбока ўздыхнуў і кажа яму: «Эффафа», гэта значыць; «Расчыніся»,

І адразу адчыніліся яго вушы, і развязаліся путы яго языка, і ён пачаў гаварыць чыста.
 
І [адразу] адчыніліся яго вушы, і развязаліся путы яго языка, і ён пачаў правільна гаварыць.

І Ён загадаў ім, каб яны нікому не казалі; але чым больш загадваў, тым больш яны разносілі вестку.
 
І Ён загадаў ім, каб яны нікому не казалі; але чым больш загадваў, тым больш яны абвяшчалі.

І надзвычай дзівіліся, кажучы: Добра ўсё Ён робіць: і глухім дае слых, і нямым — мову.
 
І надзвычай дзівіліся, кажучы: «Добра ўсё Ён зрабіў: і глухім дае чуць і нямым — гаварыць».