Марка 15 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І адразу раніцай першасьвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён зрабілі нараду і, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату.
І адразу раніцаю першасвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сінедрыён, зрабіўшы змову, звязалі Ісуса, адвялі і перадалі Пілату.
Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? А Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
І спытаўся ў Яго Пілат: «Ці Ты Іудзейскі Цар?» Ён жа кажа яму ў адказ: «Ты кажаш».
І першасьвятары вінавацілі Яго ў многім.
І першасвятары абвінавачвалі Яго ў многім.
А Пілат зноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? бачыш, як многа супроць Цябе скаргаў.
А Пілат зноў спытаўся ў Яго, кажучы: «Ты нічога не адказваеш? Глядзі, як шмат Цябе абвінавачваюць».
Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, так што Пілат зьдзіўляўся.
Ісус жа больш нічога не адказаў, так што Пілат здзіўляўся.
А на кожнае сьвята ён адпускаў ім аднаго вязьня, за якога прасілі.
На свята ж ён адпускаў ім аднаго вязня, якога яны прасілі.
Тады быў у кайданах нейкі Варава, са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства.
А быў адзін, якога звалі Варава, зняволены разам з паўстанцамі, што ў часе паўстання учынілі забойства.
І люд пачаў крычаць і прасіць у Пілата таго, што ён заўсёды рабіў ім.
І, падняўшыся, натоўп пачаў прасіць аб тым, што ён звычайна рабіў для іх.
Ён сказаў ім у адказ: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?
Пілат жа спытаўся ў іх кажучы: «Хочаце, адпушчу вам Цара Іудзейскага?»
Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго з зайздрасьці.
Бо ён ведаў, што праз зайздрасць выдалі Яго першасвятары.
Але першасьвятары падбухторылі людзей прасіць, каб адпусьціў ім лепей Вараву.
А першасвятары падбухторылі натоўп, каб лепш ён адпусіў ім Вараву.
Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: а што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Якога вы называеце Царом Юдэйскім?
Пілат жа ў адказ зноў сказаў ім: «Што ж мне рабіць з Тым, Каго вы называеце Іудзейскім Царом?»
Яны зноў закрычалі: укрыжуй Яго!
Яны ж зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
Пілат сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго!
А Пілат казаў ім: «Што ж зрабіў Ён благое?» А яны яшчэ мацней закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусьціў ім Вараву, а Ісуса, бічаваўшы, аддаў на крыжаваньне.
Пілат жа, хочучы дагадзіць натоўпу, адпусціў ім Вараву і выдаў Ісуса пасля бічавання, каб укрыжавалі.
А воіны завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца, у прэторыю, і сабралі цэлы полк;
Воіны ж адвялі Яго ў сярэдзіну двара, гэта значыць, прэторыю і склікаюць усю кагорту.
і апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго;
І апранаюць Яго ў баграніцу і, сплёўшы з церняў вянок, надзяваюць на Яго;
і пачалі вітаць Яго: радуйся, Цару Юдэйскі!
І пачалі вітаць Яго: «Радуйся, Цар Іудзейскі!»
І білі яго па галаве кіем, і плявалі на Яго і, кленчачы, кланяліся Яму.
І білі Яго па галаве шастом і плявалі на Яго і, апускаючыся на калені, кланяліся Яму.
А калі насьмяяліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру, адзелі Яго ў Ягонае адзеньне і павялі Яго, каб крыжаваць Яго.
І калі наглуміліся з Яго, знялі з Яго баграніцу і апранулі Яго ў Ягонае адзенне. І выводзяць Яго, каб укрыжаваць Яго.
І прымусілі праходжага нейкага Кірынеяніна Сымона, бацьку Аляксандравага і Руфавага, які ішоў з поля, несьці крыж Ягоны.
І прымушаюць нейкага прахожага Сімана Кірынеяніна, які ішоў з поля, бацьку Аляксандра і Руфа, каб узяў Яго крыж.
І прывялі Яго на месца Галгофу, што азначае: «месца чарапоў».
І прыводзяць Яго на месца Галгофу, што ў перакладзе значыць: лобнае месца.
І давалі яму піць віно зь сьмірнаю; але Ён ня ўзяў.
І давалі Яму запраўленага смірнай віна, але Ён не ўзяў.
Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць.
І ўкрыжоўваюць Яго і дзеляць між сабою вопратку Яго, кінуўшы жэрабя на яе, каму што дастанецца.
Была гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго.
Было ж тры гадзіны, і Яго ўкрыжавалі.
І быў надпіс віны Яго: Цар Юдэйскі.
І было напісана абазначэнне Яго віны: Цар Іудзейскі.
Зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, другога зь левага боку ад Яго.
І з ім укрыжоўваюць двух разбойнікаў, аднаго праваруч, другога леваруч Яго.
І збылося слова Пісаньня: «і да зладзеяў залічаны».
[І спраўдзілася Пісьмо, што кажа: «І да злачынцаў Яго залічылі.»]
Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: э! Той, Хто храм разбурае і за тры дні будуе!
І тыя, што побач праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы сваімі галовамі і кажучы: «Гэй, Ты, што храм руйнуеш і за тры дні будуеш,
уратуй Сябе Самога і сыйдзі з крыжа.
Уратуй Самога Сябе, зыдзі з крыжа!»
Падобна і першасьвятары з кніжнікамі, насьміхаючыся, казалі адзін аднаму: іншых ратаваў, а Сябе ня можа ўратаваць!
Гэтаксама і першасвятары глуміліся разам з кніжнікамі, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, Сябе Самога не можа ўратаваць!
Хрыстос, Сын Ізраілеў, хай сыйдзе цяпер з крыжа, каб мы бачылі, і ўверуем. І ўкрыжаваныя зь Ім ганілі Яго.
Хрыстос, Цар Ізраілеў, няхай цяпер зыдзе з крыжа, каб мы ўбачылі і ўверавалі!» Нават укрыжаваныя разам з Ім бэзцілі Яго.
А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
І калі надышло шэсць гадзін, настала цемра па ўсёй зямлі аж да дзевяці гадзін.
На дзявятай гадзіне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам: «Элоі, Элоі! ламма савахфані!», што азначае: «Божа, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?».
І ў дзевяць гадзін ускрыкнуў Ісус моцным голасам: «Элаі, Элаі! лама савахфані!», што ў перакладзе значыць: «Божа Мой, Божа Мой! Навошта пакінуў Мяне Ты!»
Некаторыя, што стаялі тут, пачуўшы, казалі: вось, Ільлю кліча.
І некаторыя з тых, што стаялі пры ім, пачуўшы, казалі: «Вось, Іллю кліча».
А адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.
А нехта, пабегшы і намачыўшы губку воцатам, насадзіў на мерны шост і даваў яму, кажучы: «Давайце паглядзім, ці прыйдзе Ілля зняць Яго».
А Ісус, ускрыкнуўшы моцна, выпусьціў дух.
Ісус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, аддаў дух.
І завеса ў храме разадралася напалам, зьверху данізу.
І заслона храма разадралася надвое ад верху аж да нізу.
Сотнік, які стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што Ён, так ускрыкнуўшы, выпусьціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы.
А сотнік, што стаяў насупроць Яго, убачыўшы, што Ён гэтак аддаў дух, сказаў: «Сапраўды Гэты Чалавек быў Сын Божы!»
Былі тут і жанчыны, якія глядзелі здалёк; сярод іх была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава меншага і Ясіі, і Саломія,
Былі ж і жанчыны, што назіралі здалёк, між іх і Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якава Меншага і Іасіта, і Саламея,
якія і тады, як Ён быў у Галілеі, ішлі сьледам за Ім і служылі Яму, і іншыя многія, што разам зь Ім прыйшлі ў Ерусалім.
Тыя, што ішлі ўслед за Ім і прыслугоўвалі Яму, калі Ён быў у Галілеі, і шмат іншых, што разам з Ім узыходзілі ў Ерусалім.
І як ужо зьвечарэла, бо была пятніца, гэта значыць — перадсубоцьце,
І калі ўжо настаў вечар, бо быў падрыхтоўчы дзень, гэта значыць, перад-вечар суботы,
прыйшоў Язэп з Арымафеі, знакаміты сябра рады, які і сам чакаў Царства Божага, адважыўся ўвайсьці да Пілата і прасіў Цела Ісусавага.
Прыйшоў Іосіф з Арымафеі, паважаны радца, што і сам чакаў Божага Царства, і, адважыўшыся, увайшоў да Пілата і папрасіў Ісусава цела.
Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр; і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго: ці даўно памёр?
Пілат жа здівіўся, што Ён памёр ужо; і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно Ён памёр.
І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу.
І, даведаўшыся ад сотніка, ён падараваў цела Іосіфу.
Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй.
І, купіўшы кужэльнага палатна, той зняў Яго, абгарнуў тым кужалем і паклаў Яго ў магілу, што была высечана ў скале, і прываліў камень да ўваходу ў магілу.
А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі.
А Марыя Магдалена і Марыя Іасітава [маці] глядзелі, дзе паклалі Яго.