Марка 15 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І адразу раніцай першасьвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён зрабілі нараду і, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату.
 
І зараз нараніцы, зрабіўшы нараду, архісьвятары з старшымі і кніжнікамі і ўсей Радай, зьвязаўшы Езуса, павялі і перадалі Пілату.

Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? А Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
 
І спытаўся ў яго Пілат: Ты ёсьць кароль Юдэйскі? Ён-жа адказваючы сказаў яму: Ты кажаш.

І першасьвятары вінавацілі Яго ў многім.
 
І вінавацілі яго архісьвятары ў многім.

А Пілат зноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? бачыш, як многа супроць Цябе скаргаў.
 
Пілат-жа ізноў спытаўся ў яго, кажучы: Не адказваеш нічога? Глядзі, у якіх вялікіх справах цябе вінавацяць!

Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, так што Пілат зьдзіўляўся.
 
Езус-жа болей не адказаў нічога, так што дзівіўся Пілат.

А на кожнае сьвята ён адпускаў ім аднаго вязьня, за якога прасілі.
 
А на дзень сьвяточны меў звычай выпушчаць ім аднаго з вязьняў, каго-б загадалі.

Тады быў у кайданах нейкі Варава, са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства.
 
Быў-жа, каторы называўся Барабба, каторы з бунтаўнікамі быў у вязьніцы, каторы ў бунце ўчыніў забойства.

І люд пачаў крычаць і прасіць у Пілата таго, што ён заўсёды рабіў ім.
 
І калі прыйшла грамада, пачала прасіць, каб учыніў ім, як заўсёды.

Ён сказаў ім у адказ: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?
 
Пілат-жа адказаў ім і сказаў: Хочаце, выпушчу вам караля Юдэйскага?

Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго з зайздрасьці.
 
Бо ведаў, што архісьвятары выдалі яго дзеля завісьці.

Але першасьвятары падбухторылі людзей прасіць, каб адпусьціў ім лепей Вараву.
 
Але архісьвятары падбурылі грамаду, каб лепш пусьціў ім Бараббу.

Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: а што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Якога вы называеце Царом Юдэйскім?
 
Пілат-жа адказваючы ізноў сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў каралю Юдэйскаму?

Яны зноў закрычалі: укрыжуй Яго!
 
А яны ізноў закрычылі: Укрыжуй яго!

Пілат сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго!
 
Пілат-жа сказаў ім: Што-ж ён зрабіў благое? Але яны тым болей крычалі: Укрыжуй яго!

Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусьціў ім Вараву, а Ісуса, бічаваўшы, аддаў на крыжаваньне.
 
І Пілат, хочучы дагадзіць народу, пусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага аддаў, каб быў укрыжаваны.

А воіны завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца, у прэторыю, і сабралі цэлы полк;
 
А жаўнеры завялі яго ў дварышча суду і сабралі ўсю роту.

і апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго;
 
І апранулі яго ў пурпур, і сплёўшы цярновы вянок узлажылі на яго.

і пачалі вітаць Яго: радуйся, Цару Юдэйскі!
 
І пачалі вітаць яго: Будзь прывітаны, кароль Юдэйскі!

І білі яго па галаве кіем, і плявалі на Яго і, кленчачы, кланяліся Яму.
 
І білі яго па галаве трысьцінаю, і плявалі на яго, і станавячыся на калені, кланяліся яму.

А калі насьмяяліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру, адзелі Яго ў Ягонае адзеньне і павялі Яго, каб крыжаваць Яго.
 
І калі насьмяяліся з яго, зьнялі з яго пурпур і апранулі яго ў ягонае адзеньне і вывелі яго, каб яго ўкрыжаваць.

І прымусілі праходжага нейкага Кірынеяніна Сымона, бацьку Аляксандравага і Руфавага, які ішоў з поля, несьці крыж Ягоны.
 
І прымусілі нейкага праходзячага міма, Сымона Кірэнэйца, які ішоў з вёскі, бацьку Александра і Руфа, каб нёс крыж ягоны.

І прывялі Яго на месца Галгофу, што азначае: «месца чарапоў».
 
І прывялі яго на месца Голгота, што значыць месца Трупнога Чэрапу.

І давалі яму піць віно зь сьмірнаю; але Ён ня ўзяў.
 
І давалі яму піць віно зьмяшанае з міррай, але ён ня прыняў.

Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць.
 
І ўкрыжаваўшы яго, падзялілі адзеньне ягонае, кідаючы жэраб над ім, хто што меў узяць.

Была гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго.
 
Была-ж трэцяя гадзіна; і ўкрыжавалі яго.

І быў надпіс віны Яго: Цар Юдэйскі.
 
І быў надпіс віны яго напісаны: Кароль Юдэйскі.

Зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, другога зь левага боку ад Яго.
 
І з ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго па правай, а другога па левай руцэ яго.

І збылося слова Пісаньня: «і да зладзеяў залічаны».
 
І споўнілася Пісаньне, каторае кажа: «І з злачынцамі ён палічаны» (Із. 53:12).

Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: э! Той, Хто храм разбурае і за тры дні будуе!
 
А праходзячыя міма блюзьнілі яму, ківаючы галавамі сваімі і кажучы: Во, што развальваеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш,

уратуй Сябе Самога і сыйдзі з крыжа.
 
ратуй самога сябе, зыходзячы з крыжа.

Падобна і першасьвятары з кніжнікамі, насьміхаючыся, казалі адзін аднаму: іншых ратаваў, а Сябе ня можа ўратаваць!
 
Таксама і архісьвятары, насьміхаючыся, адзін да другога з кніжнікамі гаварылі: Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа паратаваць.

Хрыстос, Сын Ізраілеў, хай сыйдзе цяпер з крыжа, каб мы бачылі, і ўверуем. І ўкрыжаваныя зь Ім ганілі Яго.
 
Няхай-жа цяпер Хрыстус, кароль Ізраільскі, зыйдзе з крыжа, каб мы бачылі і паверылі. І тыя, што былі з ім укрыжаваныя, наругаліся з яго.

А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
 
І калі настала шостая гадзіна, зрабілася цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай.

На дзявятай гадзіне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам: «Элоі, Элоі! ламма савахфані!», што азначае: «Божа, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?».
 
А ў дзевятай гадзіне закрычаў Езус вялікім голасам, кажучы: «Елоі, Елоі, ламма сабахтані»? што значыць: Божа мой, Божа мой, чаму-ж Ты мяне пакінуў?

Некаторыя, што стаялі тут, пачуўшы, казалі: вось, Ільлю кліча.
 
А некаторыя з тых, што стаялі навакол, чуючы гаварылі: Вось Гальяша кліча.

А адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.
 
Адзін-жа, пабегшы і напоўніўшы губку воцтам і насадзіўшы на трысьціну, даваў яму піць, кажучы: Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш, каб зьняць яго.

А Ісус, ускрыкнуўшы моцна, выпусьціў дух.
 
Езус-жа, закрычаўшы вялікім голасам, сканаў.

І завеса ў храме разадралася напалам, зьверху данізу.
 
І заслона сьвятыні разьдзёрлася надвое ад верху аж да нізу.

Сотнік, які стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што Ён, так ускрыкнуўшы, выпусьціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы.
 
А сотнік, каторы стаяў напроціў, бачачы, што гэтак крычачы, сканаў, сказаў: Сапраўды гэты чалавек быў Сынам Божым.

Былі тут і жанчыны, якія глядзелі здалёк; сярод іх была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава меншага і Ясіі, і Саломія,
 
Былі-ж і жанчыны, углядаючыся здалёку, паміж каторымі была Марыя Магдалена, і Марыя, матка Якуба Малодшага і Язэпа, і Саламея;

якія і тады, як Ён быў у Галілеі, ішлі сьледам за Ім і служылі Яму, і іншыя многія, што разам зь Ім прыйшлі ў Ерусалім.
 
і калі быў у Галілеі, хадзілі за ім і служылі яму, і многа іншых, каторыя разам з ім былі прыйшоўшы у Ерузалім.

І як ужо зьвечарэла, бо была пятніца, гэта значыць — перадсубоцьце,
 
І калі ўжо настаў вечар, (бо быў дзень Прыгатаўленьня, які бывае перад суботай),

прыйшоў Язэп з Арымафеі, знакаміты сябра рады, які і сам чакаў Царства Божага, адважыўся ўвайсьці да Пілата і прасіў Цела Ісусавага.
 
прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны радны, каторы і сам чакаў каралеўства Божага, і сьмела ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Езуса,

Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр; і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго: ці даўно памёр?
 
а Пілат зьдзівіўся, ці ўжо памёр. І клікнуўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці ўжо памёр.

І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу.
 
І калі даведаўся ад сотніка, дараваў цела Язэпу.

Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй.
 
Язэп-жа, купіўшы палатно і зьняўшы яго, завярцеў у палатно і палажыў яго ў гробе, які быў высечаны з скалы, і прываліў камень да ўваходу ў гроб.

А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі.
 
Марыя Магдалена і Марыя Язэпава глядзелі, дзе яго палажылі.