Марка 10 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Выправіўшыся адтуль, прыходзіць у межы Юдэйскія за Ярданам. Зноў зьбіраюцца да Яго людзі; і паводле звычаю Свайго, Ён зноў вучыў іх.
 
І адтуль, устаўшы, прыйшоў за Ярданам у граніцы Юдэі. І зыйшліся ізноў да яго грамады, і ён, як меў звычай, ізноў навучаў іх.

Падышлі фарысэі і спыталіся, спакушаючы Яго: ці дазволена разводзіцца мужу з жонкаю?
 
І прыступіўшы фарызэі пыталіся ў яго, прабуючы яго: Ці можна мужу пакінуць жонку?

Ён сказаў ім у адказ: што наказаў вам Майсей?
 
А ён адказваючы, сказаў ім: Што вам загадаў Майсей?

Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца.
 
Яны сказалі: Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць.

А Ісус сказаў ім у адказ: за жорсткае сэрца вашае ён напісаў вам гэтую запаведзь;
 
Езус, адказваючы ім, сказаў: Дзеля закамянеласьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты загад;

а ў пачатку стварэньня, Бог мужчыну і жанчыну стварыў іх.
 
але на пачатку стварэньня Бог учыніў іх мужчынай і жанчынай.

Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
 
«Дзеля гэтага чалавек пакіне бацьку свайго і матку і прыстане да жонкі сваей;

і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адною плоцьцю, так што яны ўжо ня двое, а адна плоць.
 
і будуць двое ў вадным целе. І так ужо ня два, але адно цела» (Гэн. 2:24).

Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
 
Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

У доме вучні Ягоныя зноў спыталіся ў Яго пра тое самае.
 
І ў доме ізноў спыталіся ў яго вучні ягоны аб гэтым-жа.

Ён сказаў ім: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб зь ёю;
 
І сказаў ім: Хто-б пакінуў жонку сваю і ўзяў другую, дапускаецца чужалоства адносна яе.

і калі жонка разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе за другога, пералюб чыніць.
 
І калі-б жонка пакінула свайго мужа і выйшла за другога, чужаложыць.

Прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні не дапускалі тых, што прыносілі.
 
І прыносілі да яго дзяцей, каб ён дакрануўся да іх, а вучні сварыліся на іх, што прыносілі.

Убачыўшы гэта, Ісус разгневаўся і сказаў ім: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такім належыць Царства Божае;
 
Калі ўгледзеў іх Езус, неахвотна знёс і сказаў ім: Дазвольце дзеткам прыходзіць да мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць каралеўства Божае.

праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
 
Сапраўды кажу вам: Хто-б ня прыняў каралеўства Божага, ня ўвойдзе ў яго.

І абняўшы іх, усклаў рукі на іх і дабраслаўляў іх.
 
І абыймаючы іх і кладучы на іх рукі, багаславіў іх.

Калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?
 
І калі выйшоў у дарогу, нехта прыбегшы і ўпаўшы перад ім на калені, пытаўся ў яго: Вучыцелю добры, што мне рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?

Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
 
Езус-жа сказаў яму: Што ты завеш мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; ня крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці.
 
Ведаеш прыказаньні: Не чужалож, не забівай, не крадзі, не гавары фальшывага сьведчаньня, не рабі ашуканства, паважай твайго і матку.

А ён сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.
 
А ён адказваючы сказаў яму: Вучыцель, гэтага ўсяго я пільнаваўся ад моладасьці маей.

Ісус, зірнуўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: аднаго табе не стае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною, узяўшы крыж.
 
Езус-жа, паглядзеўшы на яго, узлюбіў яго і сказаў яму: Аднаго табе не стае: ідзі, прадай, што маеш і дай убогім і будзеш мець скарб у небе, ды прыходзь, ідзі за мною.

А ён, ад гэтага слова сумеўшыся, адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць.
 
Той, засьмуціўшыся дзеля слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікія маемасьці.

І паглядзеўшы навакол, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!
 
І глянуўшы навакол, Езус сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў каралеўства Божае!

Вучні жахнуліся ад словаў Ягоных. Але Ісус зноў кажа ім у адказ: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацьце, увайсьці ў Царства Божае!
 
Вучні-ж вельмі зьдзівіліся са слоў яго. Але Езус ізноў адказваючы сказаў ім: Дзеткі, як цяжка тым, што маюць надзею ў грашах, увайсьці ў каралеўства Божае.

лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
 
Лягчэй вярблюду прайсьці праз вуха ігольнае, чым багатаму ўвайсьці ў каралеўства Божае.

А яны вельмі моцна зьдзіўляліся і гаварылі паміж сабою: хто ж можа ўратавацца?
 
Яны тым болей дзівіліся, гаворачы самі да сябе: І хто-ж можа збавіцца?

Ісус, зірнуўшы на іх, кажа: людзям гэта немагчыма, але ня Богу; бо ўсё магчымае Богу.
 
А Езус, паглядзеўшы на іх, сказаў: Немагчыма ў людзей, але ня ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.

І пачаў Пётр гаварыць Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.
 
І пачаў яму Пётр гаварыць: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за табою.

Ісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Мяне і Дабравесьця,
 
Езус адказваючы сказаў: Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто-б пакінуў дом, або сёстраў, або бацьку, або матку, або дзяцей, або поле дзеля мяне і дзеля эванэліі,

і не атрымаў бы сёньня, у час гэты, сярод ганеньняў, устакроць больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і мацярок, і дзяцей, і земляў, а ў веку будучым жыцьця вечнага;
 
які-б не атрымаў у сто раз столькі цяпер, у гэтым часе, дамоў, і братоў, і сёстраў, і матак, і дзяцей, і палёў з прасьледамі, а ў будучым веку жыцьцё вечнае.

а многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.
 
А многа першых будуць апошнімі, а апошніх першымі.

Калі былі яны ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў паперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы сьледам за Ім, былі ў страху. Паклікаўшы дванаццаць, Ён зноў пачаў ім казаць пра тое, што будзе зь Ім:
 
Былі-ж яны ў дарозе, ідучы ў Ерузалім. І Езус ішоў перад імі, а яны вельмі дзівіліся і, ідучы ззаду, баяліся. І ўзяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з ім мела стацца.

вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго язычнікам;
 
Што вось ідзём у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы архісьвятарам і кніжнікам і старшым, і асудзяць яго на сьмерць, і выдадуць яго паганам;

і паглумяцца зь Яго, і біцьмуць Яго, і аплююць Яго, і заб’юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
 
і будуць зьдзекавацца над ім, і будуць пляваць на яго, і будуць бічаваць яго, і заб’юць яго, і на трэці дзень уваскрэсьне.

Тады падышлі да Яго сыны Зевядзеевыя, Якаў і Ян, і сказалі: Настаўнік! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім.
 
І прыступілі да яго Якуб і Ян, сыны Зэбэдэявы, кажучы: Вучыцель, мы хочам, каб што-колечы будзем прасіць, ты зрабіў нам.

Ён сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам?
 
А ён сказаў ім: Што вы хочаце, каб я вам зрабіў?

Яны сказалі Яму: дай нам сесьці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе Тваёй.
 
І сказалі: Дай нам, каб мы сядзелі адзін па тваей правай, а другі па тваей левай руцэ ў славе тваей.

Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я п’ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?
 
Езус-жа сказаў ім: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці вы можаце піць келіх, які я піў, або быць ахрышчанымі хростам, якім я хрысьціўся.

Яны адказвалі: можам. А Ісус сказаў ім: чару, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца;
 
Яны-ж сказалі яму: Можам. А Езус сказаў ім: Келіх, які я піў, то вы піць будзеце, і хростам, якім я хрысьціўся, будзеце ахрышчаны;

а даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч — не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана.
 
але сядзець па правай руцэ маей або па левай не мая справа даць вам, але каму прыгатавана.

І пачуўшы, дзесяцёра пачалі абурацца Якавам і Янам.
 
І пачуўшы дзесяцёх пачалі абурацца на Якуба і Яна.

А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхнія ўладараць над імі;
 
Езус-жа, пакілкаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца валадарамі народаў, пануюць над імі, і іх князі маюць над імі ўладу.

але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча быць большым між вамі, хай будзе вам слугою;
 
А паміж вамі ня так; але хто-б хацеў быць большым, будзе вашым слугою;

і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе ўсім рабом;
 
і хто-б хацеў быць першым між вамі, будзе слугою ўсіх.

бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.
 
Бо і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх.

Прыходзяць у Ерыхон. І калі выходзіў Ён зь Ерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам людзей, Варцімей, сын Цімееў, сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
 
І прыйшлі ў Ерыхон. І калі ён выходзіў з Ерыхону і ягоныя вучні і вялікая грамада, сядзеў каля дарогі жабруючы сьляпы Бартымэй, сын Тымэя.

Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.
 
Ён, калі пачуў, што ёсьць Езус Назарэнскі, пачаў крычаць і казаць: Езусе, сыне Давіда, зжалься нада мною!

Многія змушалі яго замоўкнуць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіваў! памілуй мяне.
 
І многія сварыліся на яго, каб маўчаў. Але ён яшчэ болей крычаў: Сыне Давіда, зжалься нада мною!

Ісус спыніўся і загадаў паклікаць яго. Клічуць сьляпога і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе.
 
І Езус стаўшы загадаў паклікаць яго. І клікнулі яго, кажучы яму: Надзейся, устань, кліча цябе.

Ён скінуў зь сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.
 
Ён, пакінуўшы сваю вопратку ускочыўшы, прыйшоў да яго.

Адказваючы яму, Ісус спытаўся: чаго ты хочаш ад Мяне? Сьляпы сказаў Яму: Настаўнік! каб зноў бачыць.
 
І адказваючы Езус сказаў яму: Што хочаш, каб я табе зрабіў? А сьляпы сказаў яму: Вучыцель, каб мне відзець.

Ісус сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе.
 
Езус-жа сказаў яму: ідзі, вера твая зрабіла цябе здаровым. І зараз-жа відзеў і пайшоў за ім дарогаю.