Данііла 11 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

І вось я зь першага года Дарыя Мідзяніна стаўся апораю і падмацаваньнем.
 

А зараз абвяшчу табе праўду: вось, яшчэ тры цары паўстануць у Персіі; потым чацьвёрты перабольшыць усіх вялікім багацьцем, і калі падсіліцца багацьцем сваім, дык падыме ўсіх супроць царства Грэцкага.
 

І паўстане цар магутны, які будзе валадарыць зь вялікаю ўладаю і будзе дзейнічаць па сваёй волі.
 

Але калі ён паўстане, царства яго разваліцца і падзеліцца па чатырох вятрах і не да ягоных нашчадкаў пяройдзе, і не з тою ўладаю, зь якою ён валадарыў, бо раздробніцца царства ягонае і дастанецца іншым, а ня ім.
 

І ўзмоцніцца паўднёвы цар, а адзін з князёў ягоных перасіліць яго і будзе валадарыць, і вялікае будзе валадарства ў яго.
 

Але празь некалькі гадоў яны паяднаюцца, і дачка паўднёвага цара прыйдзе да цара паўночнага, каб устанавіць правільныя стасункі паміж імі; але яна ня ўтрымае сілы ў руках сваіх, ня ўстоіць і род яе, а здраджаны будуць як яна, так і тыя, што ішлі разам зь ёю, і народжаныя ёю, і што памагалі ёй у тыя часіны.
 

Але паўстане парастак ад кораня яе, выйдзе да войска і ўвойдзе ў цьвярдыні цара паўночнага, і будзе дзейнічаць у іх, і апануе іх,
 

і нават багоў іхніх, ідалаў іхніх з каштоўным посудам іхнім, срэбным і залатым, зьвязе ў няволю ў Егіпет і некалькі гадоў будзе стаяць вышэй за цара паўночнага.
 

Хоць ён і ўчыніць нашэсьце на царства паўднёвага цара, але вернецца ў сваю зямлю.
 

Потым узброяцца сыны ягоныя і зьбяруць шматлікае войска, і адзін зь іх хутка пойдзе, апануе і пройдзе, і потым, вяртаючыся, будзе ваяваць зь ім аж да яго цьвярдыні.
 

І раз’ятрыцца паўднёвы цар і выступіць, уступіць у бойку зь ім, царом паўночным, і выставіць вялікае войска, і аддадзена будзе войска ў рукі яго.
 

І ўзбадзёрыцца войска, і сэрца царова ўзьнясецца; ён кіне многія тысячы, але ад гэтага ня будзе мацнейшы;
 

бо паўночны цар вернецца і выставіць войска большае за ранейшае і празь некалькі гадоў мусова прыйдзе зь вялізарным войскам і вялікім багацьцем.
 

У тыя часы многія паўстануць супроць паўднёвага цара, і мяцежнікі з сыноў твайго народу падымуцца, каб спраўдзілася ўява, і загінуць.
 

І прыйдзе цар паўночны, насыпле вал і авалодае ўмацаваным горадам, і ня ўстояць мышцы поўдня, ні адборнае войска яго; і ня хопіць сілы супроцьстаяць.
 

І хто выйдзе да яго, будзе дзейнічаць па волі ягонай, і ніхто ня ўстоіць перад ім; і на славутай зямлі паставіць стан свой, і будзе пагібель у ягонай руцэ.
 

І возьме намер увайсьці з усёю сілаю царства свайго, і праведныя зь ім, і ўчыніць гэта; і дачку за жонку аддасьць яму, на пагібель ягоную, але з гэтым намыслам не пашанцуе, і ня будзе яму карысьці з таго.
 

Потым паверне аблічча сваё да астравоў і здабудзе многія; але нейкі правадыр спыніць учыненую ім ганьбу і нават сваю ганьбу аберне на яго.
 

Потым ён паверне аблічча сваё на цьвярдыні сваёй зямлі; але спатыкнецца, упадзе і ня станецца яго,
 

На яго месца стане той, які пашле зборшчыка падаткаў прайсьці на царства славы; але і ён празь некалькі дзён загіне, і не ад абурэньня і ня ў бітве.
 

І паўстане на месца яго пагарджаны, і не ўшануюць яго па-царску; але ён прыйдзе няпрыкметна і лёсткамі апануе царствам,
 

і ўсепатопныя войскі будуць патоплены і зьнішчаны ім, нават і сам правадыр запавету.
 

Бо пасьля таго, як ён уступіць у саюз зь ім, ён будзе дзейнічаць ашуканствам, і ўзыдзе і возьме верх з малым народам.
 

Ён увойдзе ў мірныя і ўрадлівыя краіны і ўчыніць тое, чаго не рабілі бацькі яго і бацькі бацькоў яго; здабычу, нарабаваную маёмасьць і багацьце будзе раздаваць сваім і на цьвярдыні будзе мець свае намыслы, але толькі да часу.
 

Потым абудзіць сілу сваю і дух свой зь вялізным войскам супроць паўднёвага цара, і цар паўднёвы выступіць на вайну зь вялікім і яшчэ мацнейшым войскам, але ня ўстоіць, бо намысьліцца супроць яго падступнасьць.
 

І тыя трапезьнікі, што ядуць зь ім, загубяць яго, і войска ягонае разьліецца і многія будуць забітыя.
 

На сэрцы ў абодвух цароў гэтых будзе падступнасьць, і за адным сталом гаварыцьмуць няпраўду, але ня будзе посьпеху, бо канец яшчэ адкладзены да свайго часу.
 

І вернецца ён у свой край зь вялікім багацьцем і з варожым намыслам супроць сьвятога запавету, і ён выканае яго і вернецца на сваю зямлю.
 

І ў назначаны час зноў пойдзе ён на поўдзень; але апошні паход не такі будзе, як ранейшы,
 

бо ў адзін зь ім час прыйдуць Кітымскія караблі; і ён падупадзе духам і вернецца, і азлобіцца на сьвяты запавет і зьдзейсьніць свой намер і зноў увойдзе ў згоду з адступнікамі ад сьвятога запавету.
 

І дадзена ім будзе частка войска, якая зьняславіць сьвятыню магутнасьці і спыніць штодзённую ахвяру і паставіць гідоту спустошанасьці.
 

Тых, якія несправядліва ўчыняць супроць запавета, ён завабіць да сябе лёсткамі; а людзі, якія шануюць свайго Бога, узмоцняцца і будуць дзеяць.
 

І разумныя з народу навядуць на розум многіх, хоць будуць некаторы час пакутаваць ад меча і агню, ад палону і рабунку;
 

і ў час пакутніцтва свайго будуць мець пэўную дапамогу, і многія далучацца да іх, але няшчыра.
 

Пацерпяць некаторыя і з разумных, каб выпрабаваць сябе, каб ачысьціцца і каб адбяліцца да апошняга часу; бо ёсьць яшчэ час да вызначанага часу.
 

І будзе рабіць цар той паводле свайго ўпадабаньня, і ўзьнясецца і ўзьвялічыцца вышэй за ўсякае божышча, і на Бога багоў гаварыцьме непатрэбнае і мецьме посьпех, пакуль не давершыцца гнеў: бо што наперад вызначана, тое споўніцца.
 

І пра багоў сваіх бацькоў ён не падумае, ні пра пажадлівасьць жанчын; ні нават божышча ніякага ня ўважыць; бо ўзьвялічыць сябе над усімі.
 

Але богу цьвярдыняў на ягоным месцы ён будзе аддаваць пашану, і бога, якога ня ведалі ягоныя бацькі, будзе ўшаноўваць золатам і срэбрам, і дарагімі камянямі і рознымі рэчамі каштоўнымі,
 

і зладзіць цьвярдыню з чужым богам: хто прызнае яго, тым пабольшыць пашану і дасьць уладу над многімі, і зямлю раздасьць, як узнагароду.
 

А пад канец часу ўступіць у бой зь ім цар паўднёвы, і цар паўночны кінецца на яго, як бура, з калясьніцамі, вершнікамі і шматлікімі караблямі, і нападзе на землі, заліе іх і пройдзе церазь іх.
 

І ўвойдзе ён у найцудоўнейшую зямлю, і многія вобласьці пацерпяць, і ўратуюцца ад рукі ягонай толькі Эдом, Мааў і большая частка сыноў Амонавых.
 

І працягне сваю руку на розныя краіны, не ўратуецца і зямля Егіпецкая.
 

І завалодае ён скарбамі залатымі і срэбнымі і рознымі каштоўнасьцямі Егіпта; Лівійцы і Эфіопцы пойдуць за ім.
 

Але чуткі з усходу і поўначы ўстрывожаць яго, і ён выйдзе зь вялікаю лютасьцю, каб нішчыць і забіваць многіх,
 

і паставіць ён царскія намёты свае паміж морам і гарою славутай сьвятыні; але прыйдзе да свайго канца, і ніхто не дапаможа яму.