3 царстваў 6 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І было на чатырыста асьмідзясятым годзе па выхадзе сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае, на чацьвертым годзе гаспадарстваваньня Салямона над Ізраелям, месяца зыфа, — а гэта другі месяц, што пачаў ён ставіць дом СПАДАРУ.
І дом, каторы пастанавіў кароль Салямон СПАДАРУ, быў удаўжкі шасьцьдзясят локцяў, ушыркі дваццаць і ўвышкі трыццаць локцяў.
І сені перад сьвятыняю дому дваццаць локцяў удаўжкі, подле шырыні сьвятыні, і дзесяць локцяў ушыркі перад сьвятыняю.
І зрабіў ён да дому вокны з абсадамі й зачыняныя.
І збудаваў ён пятравую прыбудоўку ля сьцяны дому, навокал сьценаў дому, навокал сьвятыні а Сьвятога Сьвятых; і зрабіў пакоі навокал.
Прыземле было пяцёх локцяў ушыркі, сярэдняя часьць шасьцёх локцяў ушыркі, а трэйцяя часьць сямёх локцяў ушыркі; бо ўступы зрабіў дому знадворку навокал, каб балькі ня ўходзілі да сьценаў дому.
Як станавілі дом, на будоўлю ўжывалі цэлых часаных камянёў; ані молата, ані цяслы, ані ўсялякага іншага зялезнага снадзіва ня чуваць было ў сьвятыні пры станаўленьню яе.
Дзьверы сярэдніх пакояў былі з правага боку дому. Пакручастымі ўсходамі ўзыходзілі на сярэднюю часьць, а ізь сярэдняе на трэйцюю.
І пастанавіў ён дом, і скончыў яго, і накрыў дом крохвамі кедравымі а драніцамі.
І прыбудаваў пятру да ўсёга дому ўвышкі пяць локцяў, і прымацаваў да дому кедравымі бёрнамі.
І было слова СПАДАРОВА Салямону, кажучы:
«Узглядам дому гэтага, каторы ты становіш, то калі ты будзеш хадзіць у вуставах Маіх, і выпаўняць суды Мае, і дзяржаць усі расказаньні Мае, каб хадзіць у іх, то Я споўню табе слова Мае, каторае Я казаў Давіду, айцу твайму
І буду перабываць сярод сыноў Ізраелявых, і не пакіну люду Свайго Ізраеля».
І пастанавіў Салямон дом, і скончыў яго.
І пастанавіў сьцены сьвятыні ў сярэдзіне зь кедравых дашчок, ад мосту дому аж да балькаў столі ў сярэдзіне ашаляваў дзервам, а мост дому масьціў кіпрысавамі дошкамі.
І ён пастанавіў зь кедравага дзерва сьцяну дваццацёх локцяў удаўжкі ад мосту аж да столі, і ён пастанавіў гэтую сьцяну ўнутры дзеля палацу — дзеля Сьвятога Сьвятых.
І сорак локцяў быў дом, значыцца дом сьпераду.
На кедрах дому ўнутры былі выразаны пупушкі а кветкі расквіцелыя; усе было прыкрыта кедрам, каменя ня відаць было.
І палац унутры дому ён прыгатаваў, каб пастанавіць там скрыню змовы СПАДАРОВАЕ.
І палац унутры быў удаўжкі дваццаць локцяў, ушыркі дваццаць локцяў і ўвышкі дваццаць локцяў; ён ашаляваў яго ачышчаным золатам; ашаляваў таксама й кедравы аброчнік.
І ашаляваў Салямон дом унутры ачышчаным золатам, і правёў залатыя ланцугі перад палацам, і ашаляваў яго золатам.
Увесь дом ён шаляваў золатам, пакуль ня скончыў увесь дом; і ўвесь аброчнік, каторы перад палацам, ашаляваў золатам.
І зрабіў у палацу двух херуваў з аліўнага дзерва, увышкі дзесяць локцяў.
Адно крыло херува было пяцёх локцяў і другое крыло херува пяцёх локцяў; дзесяць локцяў было ад аднаго канца крылаў яго да другога канца крылаў яго.
Дзесяцёх локцяў і другі херуў; аднолькавае меры і аднолькавае хормы абодва херувы.
Увышкі адзін херуў дзесяць локцяў, таксама й другі херуў.
І пастанавіў ён херуваў сярод дому ўнутры. Крылы ж херуваў былі распушчаныя, і датыкалася крыло аднаго да сьцяны, а крыло другога херува датыкалася да другое сьцяны; другія ж крылы іх сярод дому датыкаліся крыло да крыла.
І пацягнуў ён херуваў золатам.
І на ўсіх сьценах дому навокал ён выплеў адкрытыя пляцёнкі херуваў і пальмавых дзерваў і расквіцелых кветак, унутры й знадворку.
І мост у доме ашаляваў золатам у нутры й знадворку.
Да ўходу да палацу зрабіў дзьверы з аліўнага дзерва, зь пяцьсьценнаю абсадаю.
На дзьвюх дзьвярынах дзьвярэй з аліўнага дзерва ён выплеў пляценьні херуваў а пальмы а расквіцелыя кветкі, і пацягнуў золатам, і спусьціў золата на херувы а пальмы.
І таксама ён зрабіў уход да сьвятыні з чатырасьценнай абсадаю з аліўнага дзерва,
І дзьве дзьвярыны зь кіпрысавага дзерва; дзьве дошкі адных дзьвярэй былі ссуваныя, таксама дзьве заслоны другіх дзьвярэй былі ссуваныя.
І выплеў на іх херуваў а пальмы а расквіцелыя кветкі, і пацягнуў гладкім золатам тое, што было выразана.
І збудаваў нутраны панадворак з трох радоў часанага каменя і з раду абробленых кедраў.
На чацьверты год, месяца зыфа, палажыў ён под дому СПАДАРОВАГА.
А на адзінанцатым годзе, у месяцу булю, — гэта восьмы месяц, — ён скончыў дом з усімі часьцьмі яго і подле ўсіх пастановаў празь яго; станавіў яго сем год.