Да Галятаў 6 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003
Браты! калі запраўды людзіне луча выступ, вы духоўныя праўце таковага ў духу лагоднасьці, назіраючы кажны за сабою, каб ня быць спакушаным.
Браты, калі б і правініўся чалавек якім праступкам, вы, духоўныя, навучайце такога ў духу ласкавасці, зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці.
Насіце цяжары адзін аднаго і гэтак вы споўніце закон Хрыстоў.
Насіце цяжары адзін аднаго і гэтым выконвайце закон Хрыстовы.
Бо хто ўважае сябе за што-колечы, будучы нішто, тый ашукуе сам сябе.
Бо калі хто думае, што ён штосьці, хоць ён нішто, той самога сябе ашуквае.
Кажны няхай спробуе свой учынак, і тады будзе мець пахвалу толькі ў сабе, а ня ў другім;
Хай кожны праверыць сваю дзейнасць, і так толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў другім.
Бо кажны панясець свой цяжар.
Кожны бо панясе свой ўласны цяжар.
Навучаны словам дзяліся кажным дабром із навучаючым.
Хай той, хто навучаецца словам, дзеліцца ўсякім дабром з тым, які яго навучае.
Ня дайся зводзіць; Бога не асьмяеш. Бо што пасее людзіна, тое й пажнець.
Не памыляйцеся: з Бога не пасмяешся. Што чалавек пасее, тое і пажне;
Бо хто сее ў цела свае, пажнець расклад; а хто сее ў Дух, з Духа пажнець жыцьцё вечнае.
бо хто сее ў цела сваё, з цела і пажне знішчэнне; а хто сее ў дух, з духа пажне жыццё вечнае.
Робячы дабро, не безнадзейся; бо ўпару пажнем, калі ня скволеем.
Не спыняймася рабіць дабро, бо у свой час і жаць будзем, не слабеючы.
Дык, пакуль ё час, рабіма дабро ўсім, і пагатове хатнім зь веры.
Дык вось, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш блізкім па веры.
Бачыце, якімі вялікімі літарамі я напісаў вам сваёй рукою.
Гляньце, якімі літарамі напісаў я вам сваёй рукою.
Зычачыя хваліцца целам сіляць вас абразацца адно дзеля таго, каб ня быць перасьледаванымі за крыж Хрыстоў;
Якія хочуць падабацца вам целам, тыя змушаюць вас абразацца, каб толькі не цярпець пераследу за крыж Хрыстовы.
Бо й самы тыя, што абразаюцца, не дзяржаць Закону, але хочуць, каб вы абразаліся, каб пахваліцца целам вашым.
А тыя, што абразаюцца, самі не пільнуюць закон, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца целам вашым.
Але што да мяне, я ня буду хваліцца, хіба адно крыжам Спадара нашага Ісуса Хрыста, Каторым дзеля мяне сьвет укрыжаваны, і я дзеля сьвету.
А мне не трэба хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны і я для свету.
Бо ў Хрысту Ісусу нічога ня знача ані абразаньне, ані неабразаньне, але новы стварэнец.
Для Ісуса Хрыста не мае значэння ані абразанне, ані неабразанне, а новае стварэнне.
Тым, што ходзяць подле гэтага правіла, супакой ім а міласэрдзе, і Ізраелю Божаму.
I хто будзе трымацца гэтага правіла, таму супакой і міласэрнасць, і Iзраэлю Божаму.
Наапошку, няхай ніхто не цяжарыць мяне, бо я нашу на целе сваім болькі Спадара Ісуса Хрыста.
Урэшце, няхай ніхто мне не робіць цяжару, бо я нашу на сваім целе раны Ісуса.
Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.