Да Галятаў 5 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Хрыстос вывальніў нас да волі; дык стойце цьверда і не паддавайцеся ізноў пад іго няволі.
 
Гэтай свабодай вызваліў нас Хрыстос; дык стойце і не жадайце зноў трапіць пад ярмо няволі.

Вось, я Паўла кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.
 
Вось я, Паўла, кажу вам, што, калі вы дасцеся абрэзацца, нічым вам Хрыстос не дапаможа.

Яшчэ сьветчу кажнаму чалавеку, каторы абразаецца, што ён мае споўніць увесь Закон.
 
Яшчэ сведчу, што кожны чалавек абрэзаны павінен выконваць увесь закон.

Вы, што правіцеся Законам, спабыліся Хрыста, адпалі ад ласкі,
 
Вы, што шукаеце ў законе апраўдання, ад Хрыста аддаляецеся і ад ласкі адпадаеце.

Бо мы Духам зь веры жджэм справядлівасьці;
 
Мы ж духам ад веры маем надзею апраўдання.

Бо ў Хрысту Ісусу ня мае сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але вера, што дзее міласьцяй.
 
Бо ў Хрысце Ісусе ані абразанне, ані неабразанне не маюць значэння, а толькі вера, што дзейнічае праз любоў.

Вы беглі добра; хто пераказіў вам, каб вы ня слухалі праўды?
 
Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?

Гэтае перакананьне не ад Гукаючага вас.
 
Перакананне гэта не ад Таго, Які вас кліча.

Ад малое закісі кісьне ўсе цеста.
 
Трохі кіслі ўсё цеста квасіць.

Я спадзяюся ўзглядам вас у Спадару, што вы ня будзеце думаць накш; а хто вас парушае, будзе мець рассудак свой, хто б ён ня быў.
 
Я ўпэўнены ў вас у Госпадзе, што інакш гэтага не разумееце; а хто бунтуе вас, той панясе асуджэнне, хто б ён ні быў.

Чаму, браты, мяне яшчэ перасьлядуюць, калі я яшчэ абяшчаю абразаньне? Тады спатыкненьне крыжа было б аддалена.
 
Калі ж я, браты, і далей прапаведую абразанне, дык чаму я цярплю пераслед? Тады знікла б згаршэнне крыжа.

О каб былі нават адрэзаны тыя, што вас парушаюць!
 
О каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць!

Бо вы, браты, пагуканыя да свабоды, адно каб пад прыклепам свабоды не гадзіць целу; але міласьцяй слугуйце адзін аднаму.
 
Бо вы, браты, пакліканы да свабоды; толькі каб свабоду вы не давалі як падставу [для пажадлівасці] цела, але любоўю духа служыце адзін аднаму.

Бо ўвесь Закон у вадным слове замыкаецца: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе».
 
Бо ўвесь закон адным выразам спаўняецца, вось гэтым: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе».

Калі ж вы адны адных грызіце а ясьце, глядзіце, каб ня выгубілі адны адных.
 
Калі ж адзін аднаго будзеце кусаць і губіць, глядзіце, каб вы адзін аднаго не загубілі.

Я кажу: хадзіце Духам, і вы ніяк ня будзеце чыніць досыць жадлівасьцям цела;
 
Кажу вам: кіруйцеся духам, ды не падпадайце пад пажадлівасць цела.

Бо цела жадае напярэк Духа, і Дух —напярэк цела: яны праціўныя адно аднаму, каб вы не рабілі таго, чаго хочаце.
 
Цела бо цягне супраць духа, а дух — супраць цела; яны супрацівяцца адно аднаму, каб не тое, што хочаце, вы рабілі.

Калі ж вы воджаныя Духам, дык вы не пад Законам.
 
Калі будзеце кіравацца духам, вы не пад законам.

Учынкі цела яўныя, яны ё: чужалоства, бязулства, нечысьціня, аблуд,
 
Ведамыя ж учынкі цела, вось яны: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць,

Балвахвалства, чары, ненавіднасьць, сьпярэчкі, завіднасьць, гнеў, нязгода, падманы, падзелы, гэрасі,
 
балванапаклонства, чараванне, варожасць, сварлівасць, зайздрасць, гнеў, звадкі, нязгода, герэзіі,

Завісьць, забіўствы, п’яцства, буянства і да гэтых падобныя. Кажу наперад, як і ўперад казаў, што гэта чынячым не спадзець гаспадарства Божае.
 
забойствы, п’янства, гулянкі і ім падобнае. Аб гэтым я і папярэджваў вас, і папярэджваю, што тыя, якія такое чыняць, Валадарства Божага не атрымаюць.

Плод жа Духа: міласьць, радасьць, супакой, цярплівосьць, зычлівасьць, дабрыня, вернасьць,
 
Плод жа духа — любоў, радасць, супакой, доўгацярплівасць, ласкавасць, добрасць, вера,

Лагоднасьць, валоданьне сабою. На гэткіх няма Закону.
 
сціпласць, стрыманасць. Супраць такіх няма закону.

Але тыя, што Хрыстовы, укрыжавалі цела із жадобамі й жадамі.
 
Тыя ж, што належаць Хрысту Ісусу, укрыжавалі цела з заганамі і пажадлівасцямі.

Калі мы жывем Духам, хадзіма таксама Духам.
 
Калі жывём духам, дык духам і ходзім.

Ня гальмася на пустую славу, квелячы адзін аднаго, завідуючы адзін аднаму.
 
Давайце не імкнуцца да пустой славы, дразнячы адзін аднаго, зайздросцячы адзін аднаму.