Выхад 40 разьдзел
Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І прамовіў Госпад да Майсея, гаворачы:
«У дзень першага месяца, першага дня месяца ўстанаві вітальню будану збору,
«У першы дзень першага месяца паставіш скінію, палатку сустрэчы,
І пастанаві там скрыню сьветчаньня, і закрый скрыню запінахаю,
і паставіш у ёй каўчэг сведчання, накрый яго пакрывалам; і, калі
І ўнясі стол, і разлажы паложанае на ім, і ўнясі сьветач, і запалі лянпы яго;
ўнясеш стол, пакладзі на яго тое, што прадпісана па традыцыі, падсвечнік хай стаіць з лямпамі сваімі
І пастанаві залаты аброчнік да кадзеньня перад скрыняю сьветчаньня; і запні запону ля ўходу ў вітальню;
і залаты ахвярнік для каджэння хай стаіць перад каўчэгам сведчання, і памясці пакрывала пры ўваходзе ў скінію,
І пастанаві аброчнік усепаленьня перад уходам у вітальню будану збору;
а ахвярнік цэласпалення — перад палаткай сустрэчы,
І пастанаві мыцельнік памеж вітальні збору й аброчніка, і налі ў яго вады.
і пастаў таз між палаткай сустрэчы і ахвярнікам, і напоўні яго вадою.
І расстанаві панадворак наўкола, і запні запону ў браме панадворку.
І акружы панадворак пакрываламі, і размясці пакрывала ў браме яго.
І вазьмі алею памазаньня, і памаж вітальню і ўсе, што ў ёй, і пасьвяці яе й усі рэчы яе, і будзе сьвятая.
І, узяўшы алею намашчэння, памажаш скінію і ўсё, што ў ёй, і асвяці яе з яе пасудзінамі, і будзе яна святыняй.
І памаж аброчнік усепаленьня й усе судзьдзе яго, і пасьвяці аброчнік, і будзе аброчнік сьвятое сьвятых.
Памаж таксама ахвярнік цэласпалення і ўсе яго пасудзіны, і асвяці ахвярнік, і будзе ён святым з святых.
І памаж мыцельнік а падложак яго, і пасьвяці яго.
І памажаш таз з падножжам яго, і асвяці яго.
І дабліж Аарона а сыноў ягоных да ўходу будану збору, і ўмый іх вадою.
І прывядзі Аарона і яго сыноў да ўваходу ў палатку сустрэчы; абмытых вадою,
І адзень Аарона ў сьвятыя адзецьці, і памаж яго й пасьвяці, і будзе Імне сьвятарстваваць.
апрані Аарона ў святыя шаты, намасці і пасвяці яго, каб служыў Мне святаром.
І сыноў ягоных дабліж, і адзень іх у хітоны,
Прывядзі сыноў яго, і апрані ў шаты,
І памаж іх, як памазаў ты айца іхнага, і будуць сьвятарстваваць Імне, і будзе ім памазаньне іхнае на сьвятарстваваньне на векі ў вусіх родах іхных».
і намасці іх, як намасціў іх бацьку, каб служылі яны Мне святарамі, і намашчэнне іх будзе ім у вечнае святарства ў іх пакаленнях».
І зрабіў Масей усе; як расказаў яму СПАДАР, так і зрабіў.
І Майсей зрабіў усё, як яму загадаў Госпад; так і зрабіў.
І было, што першага месяца другога году, першага дня месяца выстаўлена вітальня.
Такім чынам, у першы месяц другога года, у першы дзень месяца паставілі скінію.
І выставіў Масей вітальню, палажыў падложкі яе, пастанавіў дошкі яе, і палажыў завалы, і пастанавіў стаўпы яе,
І паставіў яе Майсей, і паклаў падножжы, і дошкі, і жэрдкі, і слупы паставіў,
І разапнуў будан над вітальняю, і палажыў пакрыцьце будану зьверху над ім, як расказаў СПАДАР Масею.
і разбіў палатку над скініяй, накрыўшы яе пакрыццем зверху, як загадаў Госпад Майсею.
І ўзяў і палажыў сьветчаньне ў скрыню, і палажыў нашулкі ў скрыню, і палажыў века на скрыню зьверху.
Ён узяў сведчанне і паклаў яго ў каўчэг, і, прасунуўшы скрозь жэрдкі, накрыў зверху перамольняй.
І ўнёс скрыню ў вітальню, і запяў запінаху запоны, і запяў над скрыняю сьветчаньня, як расказаў СПАДАР Масею.
І, калі ўнёс каўчэг у скінію, ён павесіў перад ім пакрывала, як загадаў Госпад Майсею.
І пастанавіў стол у будан збору, на паўночным баку вітальні, вонках запінахі.
Паставіў і стол у палатцы сустрэчы на паўночным баку скініі перад пакрывалам,
І разлажыў хлябы ў парадак перад Відам СПАДАРОВЫМ, як расказаў СПАДАР Масею.
разлажыўшы перад абліччам Госпада па парадку хлябы пакладныя, як загадаў Госпад Майсею.
І пастанавіў сьветач у будан збору супроці столу, на паўднявым баку вітальні.
Паставіў і падсвечнік у палатцы сустрэчы насупраць стала ў паўднёвай частцы,
І запаліў лянпы перад СПАДАРОМ, як расказаў СПАДАР Масею.
размясціўшы лямпы па парадку, як загадаў Госпад Майсею.
І пастанавіў залаты аброчнік у будане збору перад запінахаю.
Паставіў і залаты ахвярнік у палатку сустрэчы перад перамольняй,
І кадзіў на ім пахнючымі кадзіламі, як расказаў СПАДАР Масею.
і на ім спаліў кадзіла з вострых духмяных рэчаў, як загадаў Госпад Майсею.
І запяў запону ля ўходу вітальні.
Размясціў і пакрывала ля ўваходу ў скінію,
І аброчнік усепаленьня пастанавіў ля ўходу ў вітальню будану збору, і аброк на ім усепаленьне а аброк хлебны, як расказаў СПАДАР Масею.
і ахвярнік цэласпалення паставіў перад уваходам у скінію, у палатку сустрэчы, ахвяруючы на ім цэласпаленне і ахвяру, як загадаў Госпад Майсею.
І пастанавіў мыцельнік памеж будану збору й аброчніка, і наліў у яго вады да ўмываньня.
Паставіў таксама таз між палаткай сустрэчы і ахвярнікам, напоўніўшы яго вадою;
І ўмывалі ў ім Масей а Аарон а сынове ягоныя рукі свае а ногі свае.
і мылі ў ім рукі і ногі свае Майсей, Аарон і сыны яго,
І, уходзячы ў будан збору, бліжачыся да аброчніка, умываліся, як расказаў СПАДАР Масею.
калі ўваходзілі ў палатку сустрэчы і набліжаліся да ахвярніка, як загадаў Госпад Майсею.
І выставіў панадворак наўкола вітальні й аброчніка, і запяў запону ў браме панадворку. І скончыў Масей работу.
Паставіў ён і панадворак вакол скініі і ахвярніка, пры яго ўваходзе павесіўшы пакрывала. Такім чынам, Майсей закончыў работу.
І пакрыў булак вітальню збору, і слава СПАДАРОВА напоўніла вітальню.
І воблака накрыла скінію разам з палаткай сустрэчы, і слава Госпада напоўніла скінію.
І ня мог Масей увыйсьці ў будан збору, бо вітаў над ім булак, і слава СПАДАРОВА напаўняла вітальню.
І не мог Майсей увайсці ў палатку сустрэчы, бо спачывала на ёй воблака, і слава Госпада напоўніла скінію.
І як падыймаўся булак ад вітальні, тады пушчаліся ў дарогу сынове Ізраелявы ў вусіх падарожжах сваіх.
Калі воблака падымалася над палаткай, сыны Ізраэля пускаліся ў дарогу ва ўсякіх абставінах;
А як не падыймаўся булак, то яны ня пушчаліся ў дарогу, пакуль ён не падыймаўся.
а калі воблака не падымалася, не пускаліся яны ў дарогу аж да дня, пакуль не падымалася воблака.
Бо булак СПАДАРОЎ над вітальняю ўдзень, і агонь быў ночы ў ёй перад ачмі ўсяго дому Ізраелявага ў вусіх падарожжах іхных.
Бо ўдзень пакрывала скінію воблака Госпада, а ўночы свяціла, быццам бляск агню, на вачах усяго дома Ізраэля ў час усіх іх вандровак.