Выхад 23 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Ня прыймай манлівае дзейкі і не давай рукі свае ліхому, каб быць сьветкаю заглабаньня.
 
Не прымай ілжывай весткі і не давай рукі бязбожнаму, каб сведчыць ілжыва.

Ня будзь за бальшынёй на ліха і ня сьветч у судовой справе, каб павярнуць за бальшынёй у перакручаваньню.
 
Не хадзі за натоўпам, каб зрабіць ліха; не згаджайся на судзе з рашэннем многіх, каб не ўхіліцца ад праўды.

І ўбогаму не патурай у судовай справе.
 
Не шкадуй таксама беднага на судзе.

Калі лучыш на блуднага вала непрыяцеля свайго альбо на асла ягонага, канечне зьвярні яго да яго.
 
Калі сустрэнеш вала ворага свайго або асла, што блукае, завядзі да яго.

Калі абачыш асла ворага свайго ўпалага пад цяжарам сваім, то ўзьдзяржыся пакінуць яго: канечне заставайся зь ім.
 
Калі ўбачыш, што асёл ненавісніка твайго ляжыць пад цяжарам сваім, не абміні, але разам з ім прыйдзі з дапамогай.

Не перакручуй суду беднага свайго ў ягонай справе.
 
Не абвяргай суд беднага ў справе яго.

Здаляйся ад рэчы манлівае, і не забівай нявіннага а справядлівага, бо я неапраўлю благога.
 
Пазбягай хлусні. Бязвіннага і справядлівага не забівай, бо Я выракуся бязбожнага.

Лапаноў ня прымай, бо лапаны нявіснымі робяць відучых і перакручуюць словы справядлівых.
 
Не прымай падарункаў, якія асляпляюць нават разважных і абвяргаюць словы справядлівых.

І прыходнага ня ўціскай: гэта ж вы знаеце душу прыходнага, бо самы былі прыходнымі ў зямлі Ягіпецкай.
 
Не крыўдзі чужынца, бо вы ведаеце душы чужынцаў, бо і самі былі чужынцамі ў зямлі Егіпецкай.

І шэсьць год засявай зямлю сваю і зьбірай урод яе;
 
Шэсць гадоў будзеш засяваць зямлю сваю і збіраць яе плады.

А сёмага вывальні яе й пакінь яе, і будуць жывіцца бедныя з твайго народу, а астачамі просьле іх будуць жывіцца зьвяры палявыя. Так рабі зь вінішчам сваім і з аліўнікам сваім.
 
А ў сёмы год занядбаеш яе і не будзеш збіраць пладоў, каб елі бедныя твайго народа; а што яшчэ застанецца, хай ядуць звяры палявыя. Тое ж самае зробіш у вінаградніку і ў аліўніку тваім.

Шэсьць дзён рабі справы свае, а сёмага дня перастань рабіць, каб супачыў вол твой а асёл твой і аддыхнуў сын служэбкі твае і прыходны.
 
Шэсць дзён будзеш працаваць; у сёмы дзень спынішся, каб адпачылі вол твой і асёл твой і адпачыў сын нявольніцы тваёй і чужынец.

І ўсе, што Я сказаў вам, заховуйце сабе; і імені іншых багоў не мянуйце: няхай ня чуецца з вуснаў тваіх.
 
Усё, што Я сказаў вам, споўніце, і імя чужых багоў не прызывайце, і хай не чуецца яно ў вуснах тваіх.

Трэйчы ў год сьвяткуй Імне.
 
Тры ўрачыстыя святы будзеце святкаваць дзеля Мяне штогод.

Сьвята праснакоў дзяржаць будзеш; сем дзён еж праснакі, як Я расказаў табе, у прызначаным часе месяца Авіва, бо ў гэтым ты вышаў зь Ягіпту; і хай ня бачаць від Мой пустыя.
 
Выконвай урачыстасць праснакоў: сем дзён будзеш есці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб, калі ты выйшаў з Егіпта. Не з’яўляйся перада Мною з пустымі рукамі.

І сьвята жніва першых пладоў працы свае, каторыя ты сеяў на полю, і сьвята збору пры сходу году, як зьбярэш працу сваю з поля.
 
І ўрачыстасць жніва пяршыняў працы тваёй з таго, што ты пасеяў на полі; таксама ўрачыстасць збораў на зыходзе года, калі збярэш усе свае плады з поля.

Трэйчы ў год мае зьяўляцца кажны мужчына твой перад від Спадара СПАДАРА.
 
Тры разы ў год кожны твой мужчына хай пакажацца перад абліччам Госпада, Бога свайго.

Не абракай над кіслым крыві аброку Майго, і хай не начуе тук сьвяточны да раньня.
 
Не пускай кроў ахвяры Маёй над рошчынаю, і хай не застаецца да раніцы тлушч ад свята Майго.

Першыя плады ўроду зямлі свае прынось да дому СПАДАРА, Бога свайго. Не вары казяняці ў малаццэ маці ягонае.
 
Прынось у дом Госпада, Бога твайго, пяршыні пладоў зямлі тваёй. І не вары казляня ў малацэ маці яго.

Вось, Я пасылаю перад табою Ангіла сьцерагчы цябе на дарозе і ўвесьці цябе ў тое месца, каторае Я прыгатаваў.
 
Вось, Я пасылаю анёла, які будзе ісці паперадзе цябе, і будзе сцерагчы ў дарозе, і падвядзе да месца, якое Я прыгатаваў.

Шануйся перад відам Ягоным і слухай голасу Ягонага; не паўставай супроці Яго, бо Ён не даруе грэху вашага; бо імя Мае ў Ім.
 
Паважай яго, і слухай голас яго, і не ўздумай пагарджаць ім, таму што ён не даруе, калі вы зграшыце, бо ў ім — імя Маё.

Калі ты будзеш уважліва слухаць голасу Ягонага і паўніць усе, што скажу, то ворагам буду варагоў тваіх і праціўнікам праціўнікаў тваіх.
 
Калі будзеце слухаць голас яго і будзеце рабіць усё, што Я кажу, то буду ворагам для вашых ворагаў і буду пераследаваць тых, што цябе пераследуюць.

Як пойдзе Ангіл Мой перад табою, і прывядзець цябе да Аморэя, Гэціча, Перэзэя, Канаана, Гэвея а Евусэя, і выгублю іх.
 
Бо пойдзе наперадзе цябе анёл Мой і завядзе цябе да амарэя і хетэя, феразея і хананея, і гівея, і евусея, якіх Я знішчу.

Ня кланяйся багом іхным, і ня служы ім, і не рабі подле ўчынкаў іхных; але сусім здрузґачы іх, і чыста паламі помнікі іхныя.
 
Не будзеш пакланяцца багам іх і не будзеш служыць ім; не будзеш рабіць, як яны рабілі, але знішчыш іх і паразбіваеш камяні іх.

І служыце СПАДАРУ, Богу свайму, і Ён дабраславе хлеб твой і ваду тваю; і адхіну хваробы з пасярод цябе.
 
Будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, каб дабраславіў Я хлябы вашыя і воды і адхіліў хваробу ад грамады вашай.

Ня будзе ськіданьня й бясплоднае ў зямлі тваёй; лік дзён тваіх напоўню.
 
Не будзе выкідашаў і бясплоднасці ў зямлі тваёй; і Я павялічу колькасць дзён іх.

Жах Свой пашлю перад табою і стрывожу кажны люд, да каторага ты прыдзеш, і абярну да цябе завыек усіх варагоў тваіх.
 
Трывогу ад Мяне Я пашлю наперадзе цябе і патрывожу кожны народ, да якога прыйдзеш; і прымушу ўцякаць ад цябе ўсіх ворагаў тваіх, пасылаючы

І пашлю перад табою шаршні, і яны пажануць перад табою Гэвея, Канаана а Гэціча.
 
наперадзе шэршняў, што выганяць гівея, і хананея, і хетэя перш, чым ты прыйдзеш.

Ня выжану іх ад віду твайго за адзін год, каб зямля ня спусьцела, і не памнажыўся супроці цябе зьвер палявы,
 
Не выганю іх перад табою ў адзін год, каб зямля не ператварылася ў пустыню і каб не павялічыліся на шкоду тваю дзікія звяры.

Памалу, памалу буду праганяць іх ад цябе, пакуль ты не размножышся і ня возьмеш у дзяржаньне зямлі гэтае.
 
Памалу выганю іх з вачэй тваіх, пакуль не памножышся ты і не завалодаеш зямлёю.

Пастанаўлю граніцы твае ад мора Чырвонага аж да мора Пілісцкага і ад пустыні аж да Ракі; бо дам у рукі вашы жыхараў гэтае зямлі, і пражанеш іх ад віду свайго.
 
Я ж пакладу межы твае ад Чырвонага мора аж да мора Філістынскага і ад пустыні аж па раку. Аддам у рукі вашыя жыхароў зямлі гэтай і выганю іх з вачэй вашых.

Не рабі змовы зь імі ані з багамі іхнымі.
 
Не заключай запавету ані з імі, ані з багамі іх.

Ня маюць яны жыць у зямлі тваёй, каб яны не ўвялі цябе ў грэх супроці Мяне; бо калі ты будзеш служыць багом іхным, дык гэта будзе табе сецьцю"».
 
Не будуць яны жыць у зямлі тваёй, каб не ўвесці вас у грэх адносна Мяне, калі будзеце служыць іх багам; бо, канешне, будзе табе гэта на згаршэнне».