Выхад 21 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І гэта суды, каторыя ты пастановіш перад імі:
 
Вось прыказанні, якія прадставіш ім:

"Калі купіш слугу Гэбрэя, шэсьць год хай ён робе, а сёмага хай выйдзе на волю дарма.
 
«Калі купіш нявольніка-гебрая, ён будзе служыць табе шэсць гадоў, а ў сёмы ён выйдзе свабодным без выкупу.

Калі адзін ён прышоў, няхай адзін і выйдзе. А калі ён жанаты, хай выйдзе зь ім і жонка ягоная.
 
Калі ён прыйшоў адзін, хай адыдзе адзін; а калі меў жонку, хай разам з ім адыдзе жонка.

Калі гаспадар ягоны даў яму жонку, і яна нарадзіла яму сыноў альбо дачкі, то жонка а дзеці ейныя няхай будуць гаспадару ейнаму, а ён выйдзе адзін.
 
Але калі гаспадар даў яму жонку, і яна нарадзіла сыноў і дачок, то жонка і дзеці будуць належаць гаспадару; а ён адыдзе адзін.

Але калі слуга станаўко скажа: ’Люблю гаспадара свайго, жонку сваю а дзеці свае; не пайду на волю’,
 
Калі ж нявольнік скажа гэта: “Люблю гаспадара свайго, і жонку, і дзяцей, і не хачу адыходзіць свабодным”, —

Дык дабліжа гаспадар яго да багоў (судзьдзяў), і дабліжа яго да дзьвярэй або да вушака, і праколе яму гаспадар ягоны вуха ягонае шылам, і ён застанецца слугою ягоным на векі.
 
хай завядзе яго гаспадар перад Бога, і хай падвядзе яго да дзвярэй або вушака, і хай праколе яму шылам вуха яго; і будзе ён нявольнікам яго назаўжды.

І калі хто прадасьць дачку сваю за служэбку, то хай ня выходзе, як выходзяць слугі.
 
Калі хто прадаў сваю дачку ў нявольніцы, не адыдзе яна, як адыходзяць звычайна іншыя нявольнікі.

Калі ліхая яна ў ваччу гаспадара свайго, каторы не заручыўся зь ёю, то няхай дазволе выкупіць яе; а чужому народу ня мае ўлады яе прадаць, бо зрадзіў яе.
 
А калі б яна не спадабалася вачам гаспадара свайго, якому была аддадзена, хай дазволіць выкупіць яе; але ён не мае ўлады прадаць яе чужому народу з-за таго, што адмовіўся ад яе.

І калі сыну свайму ён заруча яе, то подле ўставы дачок учыне зь ёю.
 
А калі ён прызначыў яе сыну свайму, хай абыходзіцца з ёю па праве дачок.

Калі ж другую возьме за яго, то ейнае ежы, адзежы й права жончынага хай ён ня менша.
 
Калі ж ён возьме сабе іншую, не можа адмовіць ёй у ежы, адзенні і ў сужыцці.

А калі ён гэтых трох рэчаў ня ўчыне ёй, то няхай яна адыйдзе дарма, бяз выкупу.
 
Калі ж не выканае адносна яе гэтых трох умоў, то хай адыдзе яна дарма, без выкупу.

Хто вытне чалавека, і тый памрэць, няхай сьмерцю памрэць.
 
Калі хто ўдарыць чалавека і той памрэ, хай ён будзе пакараны смерцю.

Але калі хто ня цікуе, але Бог дапусьціў у рукі ягоныя, то я прызначу ў цябе месца, куды ўцяцкаць.
 
Калі ж не меў ён намеру забіць, але Бог выдаў таго ў рукі яго, вызначу яму месца, куды ён павінен уцячы.

І калі хто наўмысьля плянуе забіць хітрынёю прыяцеля свайго, то й ад аброчніка Майго бяры яго забіць.
 
Калі хто наўмысна забіў блізкага свайго і падступна, то ад ахвярніка Майго адцягні яго, каб памёр.

І хто вытне айца свайго альбо маці сваю, сьмерцю хай памрэць.
 
Хто ўдарыць бацьку свайго або маці, хай будзе пакараны смерцю.

І хто ўкрадзець чалавека і прадасьць яго, альбо знойдзецца ён у руках у яго, тый сьмерцю памрэць.
 
Хто ўкрадзе чалавека і прадасць яго або будзе трымаць у руках сваіх, хай будзе пакараны смерцю.

Клінучы айца свайго і маці сваю, сьмерцю хай памрэць.
 
Хто гоніць бацьку свайго або маці, хай будзе пакараны смерцю.

І калі людзі вадзяцца, і адзін чалавек вытне другога каменям альбо кулаком, і тый не памрэць але зьляжа ў пасьцелю;
 
Калі пасварыліся людзі і адзін ударыў блізкага свайго каменем або кулаком, і той не памёр, але злёг у ложак,

То, калі ён устане і будзе выходзіць вонкі з посахам, дык будзе нявінен, хто выцяў; толькі хай дасьць за седню дарма і лячэньням хай вылеча яго.
 
то, калі ён падымецца і стане хадзіць па двары з дапамогаю палкі, тады той, што яго ўдарыў, будзе невінаваты, аднак так, каб пакрыць яго страчаныя і ўжытыя на лячэнне сродкі.

А калі хто вытне слугу свайго альбо служэбку сваю кіям, і яны памруць пад рукою яго, то канечне помсьціцца яму.
 
Хто ўдарыць нявольніка свайго або нявольніцу палкай, і памруць яны ад рук яго, той павінен быць пакараны.

Але калі яны дзень або два пражывуць, то ён ня мае быць помшчаны, бо гэта ягонае срэбра.
 
Калі, аднак, нявольнік пражыве яшчэ дзень ці два, то не будзе пакараны, бо гэта яго ўласнасць.

Як б’юцца людзі, і піхнуць цяжарную жонку, і яна ськіне, але ня будзе шкоды, будзе канечне караны, як накладзець на яго муж тае жонкі; і мае заплаціць пры судзьдзях.
 
Калі мужчыны пасварацца і калі хто ўдарыць цяжарную жанчыну і яна прытым скіне, але не здарыцца больш нічога дрэннага, то вінаваты будзе пакараны платаю, якой запатрабуе муж той жанчыны, і хай суддзі рассудзяць.

А калі будзе шкода, то дай душу за душу,
 
А калі здарыцца штосьці дрэннае, хай аддасць ён жыццё за жыццё,

Вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу,
 
вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу,

Апёк за апёк, рану за рану, сіняк за сіняк.
 
апёк за апёк, рану за рану, сіняк за сіняк.

І калі хто вытне ў вока слугу свайго альбо ў вока служэбку сваю, і абязьвеча, то няхай адпусьце іх на волю за вока.
 
Калі хто ўдарыць нявольніка свайго або нявольніцу ў вока і спрычыніць страту яго, хай адпусціць іх на волю за вока.

А калі выб’е зуб слузе свайму або зуб служэбцы сваёй, няхай адпусьце іх на волю за зуб.
 
Таксама, калі выб’е зуб нявольніку або нявольніцы сваёй, хай адпусціць іх на волю за зуб.

І калі вол забадзець мужчыну альбо жонку, і памрэць, то вала канечне ўкаменаваць і мяса ягонага ня есьці; а гаспадар вала ня вінен.
 
Калі ўдарыў рогам бык мужчыну або жанчыну і яны памерлі, то тады бык павінен быць укаменаваны, але мяса яго есці нельга; і гаспадар быка будзе бязгрэшны.

А калі вол бадлівы быў і ўчорах і заўчара, і гаспадара яго папярэдзілі, і ён не сьцярог яго, а ён забіў мужчыну альбо жонку, то вала ўкаменаваць і гаспадар яго хай памрэць.
 
Калі ж бык быў бадлівы і ўчора, і заўчора і была на гэта звяртана ўвага гаспадара яго, але ён яго не замкнуў, і забіў ён мужчыну ці жанчыну, то хай і быка ўкамянуюць, і гаспадара яго заб’юць.

Калі выкуп прызначаць яму, няхай дасьць выкуп за душу сваю, які прызначаны яму.
 
Калі ж будзе ўскладзена на яго спагнанне, то хай аддасць ён усё, што ад яго патрабуюць.

Або сына забадзець, або дачку забадзець, подле гэтага права паступаць ізь ім.
 
Калі ж бык ударыў рогам сына або дачку, хай падпадзе ён пад той жа прысуд.

Калі слугу альбо служэбку забадзець вол, то трыццаць сыкляў срэбла даць гаспадару іхнаму, а вала ўкаменаваць.
 
Калі ж бык накінецца на нявольніка або нявольніцу, то яго гаспадар хай выплаціць іх гаспадару трыццаць сікляў срэбра, а быка хай укамянуюць.

І калі хто адкрые яму, альбо калі выкапае яму і не накрые яе, і ўваліцца ў яе вол або асёл,
 
Калі хто адкрые студню або выкапае і не закрые яе і ўпадзе ў яе вол або асёл,

То гаспадар ямы мае заплаціць, аддаць срэбла гаспадару ягонаму, а забіты будзе ягоны.
 
то гаспадар студні хай выплаціць цану жывёлы, а мёртвая жывёла будзе належаць яму.

І калі забадзець вол людзкі вала прыяцеля ягонага, і здохне, няхай прададуць жывога вала і падзеляць папалам срэбла яго; і таксама й здохлага няхай падзеляць папалам.
 
Калі бык аднаго гаспадара параніць быка іншага гаспадара і той памрэ, хай тады прададуць жывога быка і падзеляць плату за яго; хай падзеляць таксама тушу памерлага вала між сабою.

А калі ведама было, што вол бадлівы з учорах а заўчора, але гаспадар ягоны не сьцярог яго, то мае ён заплаціць вала за вала, а забіты будзе ягоны.
 
Але калі было вядома, што бык той быў бадлівы ўчора і заўчора і гаспадар яго не пільнаваў яго, хай аддасць ён быка за быка і возьме ўсю тушу.