Выхад 34 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сказаў СПАДАР Масею: «Вычашы сабе дзьве табліцы каменныя, падобныя да першых, і Я напішу на тых табліцах словы, якія былі на першых табліцах, каторыя ты разьбіў.
 
І сказаў Госпад Майсею: «Вычашы сабе дзве каменныя табліцы, падобныя папярэднім, а Я напішу на іх словы, якія мелі табліцы, што ты разбіў.

І будзь гатовы да раньня; і ўзыйдзі нараніцы на гару Сынай, і стань перад Імною там на версе гары.
 
Будзь гатовы раніцай, каб узысці зараз жа на гару Сінай; і стань там перада Мною на вяршыні гары.

Але ні водная людзіна няхай ня ўзыйдзе з табою, і таксама ніякая людзіна няхай не паказуецца на ўсёй гары; нават статак, драбны й буйны, ня мае пасьціцца супроці гары тае».
 
Ніхто хай не ўзыходзіць з табою, і ніхто хай не паказваецца на ўсёй гары; таксама авечкі і валы хай не пасвяцца насупраць».

І вычасаў Масей дзьве табліцы каменныя, падобныя да першых, і ўстаў рана нараніцы, і ўзышоў на гару Сынай, як расказаў яму СПАДАР; і ўзяў у рукі свае дзьве табліцы каменныя.
 
Такім чынам, Майсей вычасаў дзве каменныя табліцы, як раней былі; і, падняўшыся зацемна, узышоў на гару Сінай, як яму загадаў Госпад, несучы з сабой табліцы.

І зышоў СПАДАР у булаку, і стаў там, і галасіў у імя СПАДАРОВА.
 
Калі Госпад сышоў у воблаку, ён стаў каля Яго, прызываючы імя Госпада.

І прайшоў СПАДАР перад відам ягоным, і галасіў: "СПАДАР, СПАДАР, БОГ спагадлівы а ласкучынюшчы, памальны да гневу, найміласарнейшы а праўдзівы,
 
І, праходзячы перад ім, ён усклікнуў: «Госпадзе, Госпадзе Божа, міласэрны і літасцівы, цярплівы і з вялікай літасцю, і праўдзівы,

Заховуе міласэрдзе тысячам, даруе бяспраўе а выступ а грэх, але не звальняе ад віны, давядаецца да бяспраўя бацькоў на дзяцёх а на дзяцёх дзяцей да трэйцяга а чацьвертага пакаленьня».
 
Які захоўвае міласэрнасць на тысячы [пакаленняў], Які прабачае беззаконні, і злачынствы, і грахі, але не пакідае нічога беспакараным, Які вяртае правіннасць бацькоў сынам і ўнукам у трэцім і чацвёртым пакаленні».

І пабарзьдзіў Масей, і сьхінуўся да зямлі, і пакланіўся,
 
І зараз жа Майсей пакланіўся, нахіляючыся да зямлі, і сказаў, кланяючыся:

І сказаў: «Калі я прыдбаў ласку ў ваччу Тваім, Спадару, няхай ідзець Спадар сярод нас, бо люд гэты калянага завыйку; і даруй бяспраўі нашы а грахі нашы, і май нас за спадак».
 
«Калі я знайшоў ласку перад абліччам Тваім, Госпадзе, малю, каб Ты пайшоў з намі; народ, што праўда, цвёрдага карка, але Ты прабач правіннасці нашыя і грахі і зрабі нас Сваёй спадчынай».

І сказаў: «Вось, Я ўчыню змову: перад усім людам тваім учыню чудосы, якія ня былі створаны па ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў; і абача ўвесь люд, сярод каторага ты, справу СПАДАРОВУ, бо страшнае будзе тое, што я ўчыню табою.
 
Адказаў Госпад: «Я заключаю запавет перад усім народам тваім; буду чыніць цуды, ніколі яшчэ не бачаныя на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, каб убачыў увесь народ, у якім ты пражываеш, справу Госпадаву страшную, якую Я маю зрабіць з табою.

Захавай гэта, што я раскажу табе цяпер: вось, Я жану ад віду твайго Аморэя, Канааняніна, Гэціча, Ферэзэя, Гэвея а Евусея;
 
Захавай усё, што Я табе загадваю сёння, і Я Сам выганю перад абліччам тваім амарэя, хананея, хетэя, феразея, гівея і евусея.

Сьцеражыся, ня чыні змовы із жыхарам тае зямлі, у каторую ўвыйдзеш, каб ён ня стаў пасткаю сярод цябе.
 
Сцеражыся, каб з жыхарамі зямлі, у якую ўвойдзеш, ніколі не заключаць пагаднення, якое будзе табе на загубу;

Але аброчнікі іхныя абурыце, і стаўпы іхныя паламіце, і высячыце гаі іхныя;
 
але знішчы іх ахвярнікі, разбі іх камяні і ссячы святыя гаі.

Бо ты ня маеш кланяцца богу іншаму, апрача СПАДАРА; "Завіднік" імя ягонае, Бог ё завіднік;
 
Не пакланяйся богу чужому: Госпад, імя Якога — руплівы апякун, Ён — Бог апякун, Які любіць.

Каб, учыніўшы змову із жыхарам тае зямлі, не пачаў бязуліць, ідучы за багамі іхнымі, і абракаць багом іхным, і ня гукнулі цябе, і ня еў з аброкаў ягоных,
 
Не заключай пагаднення з людзьмі гэтых земляў, каб, калі будуць яны распуснічаць са сваімі багамі і складаць ім ахвяры, не запрасіў цябе хто-небудзь і каб ты не еў ахвяры іх.

І возьмеш із дачок ягоных сыном сваім, і дачкі іхныя будуць бязуліць подле багоў сваіх, і ўвядуць у бязулства сыноў тваіх подле багоў сваіх.
 
Не бяры з іх дачок сынам сваім жонак, каб, калі будуць яны распуснічаць са сваімі багамі, не прымусілі і сыноў тваіх распуснічаць з багамі сваімі.

Багоў літых не рабі сабе.
 
Не рабі сабе багоў літых.

Сьвята праснакоў дзяржы: сем дзён еж прэсны хлеб, каторы я расказаў табе, у прызначаным часе месяца Авіва; бо ў месяцу Авіве вышаў ты зь Ягіпту.
 
Захоўвай урачыстасць праснакоў: сем дзён еж праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб; бо ў месяцы Абіб веснавой пары выйшаў ты з Егіпта.

Усе, дзетніцу рашчыняючае Імне, і ўвесь статак твой з памеж самцоў, што рашчыняе дзетніцу, вол гэта ці авечка.
 
Усё, што разрывае ўлонне, мужчынскга роду хай будзе Маім; ад усяго статка твайго, як з валоў, так і з авечак, хай Маім будзе.

Рашчыняючага дзетніцу з аслоў выкупляй баранчыкам; а калі ня выкупіш, то зламі яму завыек. Усіх першакоў із сыноў сваіх выкупляй. І няхай ня бачаць віду Майго пустыя.
 
Першароднага асла выкупі авечкай, а калі не дасі за яго цану, то скруці яму шыю. Першароднага з сыноў сваіх выкупляй і не з’яўляйся перад абліччам Маім з пустымі рукамі.

Шэсьць дзён рабі а сёмага дня супачынь; і ў часе сяўбы й жніва супачынь.
 
Шэсць дзён працуй, а ў дзень сёмы пакінь нават араць і жаць.

І сьвята тыдняў чыні сабе, першы плод зажынкаў пшонкі і сьвята дажынкаў у канцу году.
 
Учыні сабе свята сёмага дня ў час пяршыняў жніва твайго пшанічнага і свята збораў, калі ўсё збіраецца ў канцы года.

Трэйчы ў год маюць станавіцца ўсі мужчыны твае перад відам Спадара, СПАДАРА Бога Ізраелявага.
 
Тры разы ў год хай кожны мужчына твой з’явіцца перад абліччам Усемагутнага Госпада, Бога Ізраэля.

Як я пражану народы ад віду твайго, і пашыру граніцы твае, і ні хто не пажадае зямлі твае, як ты ўзыйдзеш перад від СПАДАРА, Бога Свайго, трэйчы ў год.
 
Бо калі Я выганю народы ад твару твайго і пашыру твае межы, ніхто не будзе наладжваць засаду на зямлю тваю, калі тры разы ў год ты пойдзеш і пакажашся перад абліччам Госпада, Бога твайго.

Не зарэж над кіслым крыві аброкаў Маіх, і хай не начуе да раньня аброк сьвята Пасхі.
 
Не пускай кроў ахвяры Маёй над рошчынаю; і хай нічога не застаецца да раніцы наступнага дня з ахвяры пасхальнай.

Найпершыя плады зямлі свае прынось да дому СПАДАРА, Бога свайго. "Не вары казяняці ў малаццэ маці яго"».
 
Пяршыні пладоў зямлі тваёй прынясі ў дом Госпада, Бога твайго. Не вары казляня ў малацэ маці яго».

І сказаў СПАДАР Масею: «Напішы сабе словы гэтыя, бо подле гэтых словаў Я чыню змову з табою а з Ізраелям».
 
І сказаў Госпад Майсею: «Занатуй гэтыя словы сабе, якімі Я заключыў запавет з табою і з Ізраэлем».

І прабыў там у СПАДАРА сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў, і напісаў на табліцах словы змовы, дзесяць словаў.
 
Такім чынам, быў там з Госпадам сорак дзён і сорак начэй; не еў хлеба і не піў вады; і напісаў [Бог] на табліцах словы запавету, дзесяць слоў.

І было, што як зыходзіў Масей з гары Сынаю, — і дзьве табліцы сьветчаньня ў руццэ ў Масея пры зыходзе яго з гары, — то Масей ня ведаў, што зьзяла скура віду ягонага, бо гутарыў ізь Ім.
 
І, калі Майсей сыходзіў з гары Сінай, ён трымаў дзве табліцы сведчання, і не ведаў ён, што скура твару яго ззяла з-за размовы яго з Госпадам.

І абачыў Аарон і ўсі сынове Ізраелявы Масея, і вось, зьзяла скура віду ягонага, і баяліся дабліжыцца да яго.
 
А Аарон і сыны Ізраэля, бачачы здалёк, што скура твару яго ззяла, пабаяліся падысці бліжэй;

І гукнуў іх Масей, і зьвярнуліся да яго Аарон а ўсі княжаты грамады, і гукаў Масей ізь імі.
 
і, пакліканыя ім, вярнуліся і Аарон, і ўсе кіраўнікі грамады. І, калі Майсей гаварыў з імі,

І просьле гэтага дабліжыліся ўсі сынове Ізраелявы, і ён паведаў ім усе, што СПАДАР гутарыў ізь ім на гары Сынаю.
 
прыйшлі да яго таксама ўсе сыны Ізраэля; ім ён загадаў зрабіць усё, што чуў ад Госпада на гары Сінай.

І як скончыў Масей гукаць ізь імі, запяў на від свой запінашку.
 
Па заканчэнні размоў паклаў ён пакрывала на твар свой,

А як Масей уходзіў перад СПАДАРА, каб гутарыць ізь Ім, тады здыймаў запінашку, пакуль ня выходзіў. І вышаў, і казаў сыном Ізраелявым, што расказана было яму.
 
якое здымаў, уваходзячы да Госпада і размаўляючы з Ім, пакуль не выходзіў; і тады расказваў сынам Ізраэля ўсё, што яму было Госпадам загадана.

І бачылі сынове Ізраелявы від Масеяў, што зьзяла скура віду Масеявага, і Масей ізноў запінаў запінашку на від свой, пакуль ня ўходзіў гутарыць ізь Ім.
 
Яны бачылі, што скура твару Майсея ззяла, але ён закрываў зноў твар свой, аж пакуль, увайшоўшы, размаўляў з Ім.