Выхад 23 разьдзел
Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Не зважай на пустыя чуткі, не давай рукі тваёй бязбожніку, каб ня быць сьведкам няпраўды.
Не прымай ілжывай весткі і не давай рукі бязбожнаму, каб сведчыць ілжыва.
Ня йдзі за большасьцю на благое і не вырашай цяжбіны, адступаючы з большасьцю ад праўды;
Не хадзі за натоўпам, каб зрабіць ліха; не згаджайся на судзе з рашэннем многіх, каб не ўхіліцца ад праўды.
і беднаму не патурай у цяжбіне ягонай.
Не шкадуй таксама беднага на судзе.
Калі знойдзеш вала ворага твайго, альбо асла ягонага, які заблудзіўся, прывядзі яго да яго;
Калі сустрэнеш вала ворага свайго або асла, што блукае, завядзі да яго.
калі ўбачыш асла ворага твайго, што ўпаў пад ношкаю сваёю, дык не пакідай яго: разгрузі яго і заставайся разам зь ім.
Калі ўбачыш, што асёл ненавісніка твайго ляжыць пад цяжарам сваім, не абміні, але разам з ім прыйдзі з дапамогай.
Ня судзі навыварат цяжбіны беднага твайго.
Не абвяргай суд беднага ў справе яго.
Адыходзь далей ад няпраўды і не забівай невінаватага і справядлівага, бо я не апраўдаю благога.
Пазбягай хлусні. Бязвіннага і справядлівага не забівай, бо Я выракуся бязбожнага.
Дарункаў ня прымай, бо дарункі сьляпымі робяць відушчых і перакручваюць словы справядлівых.
Не прымай падарункаў, якія асляпляюць нават разважных і абвяргаюць словы справядлівых.
Прыхадня ня крыўдзі: вы ведаеце душу прыхадня, бо самыя былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай.
Не крыўдзі чужынца, бо вы ведаеце душы чужынцаў, бо і самі былі чужынцамі ў зямлі Егіпецкай.
Шэсьць гадоў засявай зямлю тваю і зьбірай плён яе,
Шэсць гадоў будзеш засяваць зямлю сваю і збіраць яе плады.
а ў сёмы пакідай яе ў спакоі, каб карміліся гаротныя з народу твайго, а рэштаю пасьля іх карміліся зьвяры польныя; гэтак сама рабі зь вінаграднікам тваім і з аліўнікам тваім.
А ў сёмы год занядбаеш яе і не будзеш збіраць пладоў, каб елі бедныя твайго народа; а што яшчэ застанецца, хай ядуць звяры палявыя. Тое ж самае зробіш у вінаградніку і ў аліўніку тваім.
Шэсьць дзён рабі справы твае, а ў сёмы дзень супакойся, каб адпачыў вол твой і асёл твой, і супакоіўся сын рабыні тваёй і прыхадзень.
Шэсць дзён будзеш працаваць; у сёмы дзень спынішся, каб адпачылі вол твой і асёл твой і адпачыў сын нявольніцы тваёй і чужынец.
Шануйце ўсё, што Я сказаў вам, і імя іншых багоў не спамінайце; хай ня чуецца яно з вуснаў тваіх.
Усё, што Я сказаў вам, споўніце, і імя чужых багоў не прызывайце, і хай не чуецца яно ў вуснах тваіх.
Тры разы на год сьвяткуй Мне:
Тры ўрачыстыя святы будзеце святкаваць дзеля Мяне штогод.
сьвяткуй сьвята праснакоў: сем дзён еж прэсны хлеб, як Я загадаў табе, у прызначаны час месяца Авіва, бо ў той час ты выйшаў зь Егіпта; і хай не зьяўляюцца прад аблічча Маё з пустымі рукамі;
Выконвай урачыстасць праснакоў: сем дзён будзеш есці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб, калі ты выйшаў з Егіпта. Не з’яўляйся перада Мною з пустымі рукамі.
сьвяткуй і сьвята жніва першых пладоў працы тваёй, якія ты сеяў на полі, і сьвята збору пладоў у канцы года, калі зьбярэш з поля працу тваю.
І ўрачыстасць жніва пяршыняў працы тваёй з таго, што ты пасеяў на полі; таксама ўрачыстасць збораў на зыходзе года, калі збярэш усе свае плады з поля.
Тры разы на год павінен зьяўляцца ўвесь мужчынскі пол твой перад аблічча Ўладыкі, Госпада.
Тры разы ў год кожны твой мужчына хай пакажацца перад абліччам Госпада, Бога свайго.
Не вылівай крыві ахвяры Маёй на квашанае, і тлушч ад сьвяточнай ахвяры Маёй не павінен заставацца да раніцы.
Не пускай кроў ахвяры Маёй над рошчынаю, і хай не застаецца да раніцы тлушч ад свята Майго.
Пачаткі пладоў зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.
Прынось у дом Госпада, Бога твайго, пяршыні пладоў зямлі тваёй. І не вары казляня ў малацэ маці яго.
Вось, Я пасылаю перад табою анёла ахоўваць цябе на дарозе і ўвесьці цябе ў тую мясьціну, якую Я падрыхтаваў;
Вось, Я пасылаю анёла, які будзе ісці паперадзе цябе, і будзе сцерагчы ў дарозе, і падвядзе да месца, якое Я прыгатаваў.
пільнуй сябе перад абліччам ягоным, і слухай голасу ягонага; не паўставай супроць яго, бо ён не даруе грэху вашага, бо імя Маё ў ім.
Паважай яго, і слухай голас яго, і не ўздумай пагарджаць ім, таму што ён не даруе, калі вы зграшыце, бо ў ім — імя Маё.
Калі ты будзеш слухацца голасу ягонага і выконваць усё, што скажу, дык буду ворагам ворагаў тваіх і супраціўцам супраціўцаў тваіх.
Калі будзеце слухаць голас яго і будзеце рабіць усё, што Я кажу, то буду ворагам для вашых ворагаў і буду пераследаваць тых, што цябе пераследуюць.
Калі пойдзе перад табою анёл Мой і павядзе цябе да Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Хананэяў, Эвэяў і Евусэяў, і зьнішчу іх,
Бо пойдзе наперадзе цябе анёл Мой і завядзе цябе да амарэя і хетэя, феразея і хананея, і гівея, і евусея, якіх Я знішчу.
дык не пакланяйся багам іхнім, і ня служы ім, і не пераймайся дзеямі іхнімі, скрышы іх і разбуры помнікі іхнія:
Не будзеш пакланяцца багам іх і не будзеш служыць ім; не будзеш рабіць, як яны рабілі, але знішчыш іх і паразбіваеш камяні іх.
служэце Госпаду, Богу вашаму, і ён дабраславіць хлеб твой і ваду тваю; і ўхілю ад вас хваробы.
Будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, каб дабраславіў Я хлябы вашыя і воды і адхіліў хваробу ад грамады вашай.
Ня будзе ў зямлі тваёй такіх, што без пары родзяць, і няплодных; лік дзён тваіх зраблю поўным.
Не будзе выкідашаў і бясплоднасці ў зямлі тваёй; і Я павялічу колькасць дзён іх.
Жудасьць Маю пашлю перад табою, і зьбянтэжу кожны народ, да якога ты прыйдзеш і буду адварочваць ад цябе ўсіх ворагаў тваіх;
Трывогу ад Мяне Я пашлю наперадзе цябе і патрывожу кожны народ, да якога прыйдзеш; і прымушу ўцякаць ад цябе ўсіх ворагаў тваіх, пасылаючы
пашлю перад табою шаршнёў, і яны пагоняць ад твару твайго Эвэяў, Хананэяў і Хэтэяў;
наперадзе шэршняў, што выганяць гівея, і хананея, і хетэя перш, чым ты прыйдзеш.
не праганю іх ад твару твайго за адзін год, каб зямля не зрабілася пустая і не памножыліся супроць цябе зьвяры польныя:
Не выганю іх перад табою ў адзін год, каб зямля не ператварылася ў пустыню і каб не павялічыліся на шкоду тваю дзікія звяры.
спакваля буду праганяць іх ад цябе, пакуль не памножышся і ня возьмеш у валоданьне зямлі гэтай.
Памалу выганю іх з вачэй тваіх, пакуль не памножышся ты і не завалодаеш зямлёю.
Правяду межы твае ад мора Чэрмнага да мора Філістымскага і ад пустыні да ракі, бо перадам у рукі вашыя жыхароў гэтай зямлі, і прагоніш іх ад твару твайго;
Я ж пакладу межы твае ад Чырвонага мора аж да мора Філістынскага і ад пустыні аж па раку. Аддам у рукі вашыя жыхароў зямлі гэтай і выганю іх з вачэй вашых.
не рабі ўмовы ні зь імі, ні з багамі іхнімі;
Не заключай запавету ані з імі, ані з багамі іх.
не павінны яны жыць у зямлі тваёй, каб яны не ўвялі цябе ў грэх супроць Мяне; бо калі ты будзеш служыць багам іхнім, дык гэта будзе табе сеткаю.
Не будуць яны жыць у зямлі тваёй, каб не ўвесці вас у грэх адносна Мяне, калі будзеце служыць іх багам; бо, канешне, будзе табе гэта на згаршэнне».