Выхад 7 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Але Гасподзь сказаў Майсею: глядзі, Я паставіў цябе Богам фараону; а Аарон, брат твой, будзе тваім прарокам:
 
І сказаў Госпад Майсею: «Вось, Я прадставіў цябе богам для фараона, а Аарон, брат твой, будзе тваім прарокам.

ты будзеш гаварыць усё, што Я загадаю табе, а Аарон, брат твой, будзе гаварыць фараону, каб ён адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй;
 
Ты скажаш, што Я табе даручу; а ён будзе гаварыць фараону, каб той адпусціў сыноў Ізраэля з зямлі сваёй.

але Я зраблю і ачарсьцьвее сэрца фараонавае і акажу мноства азнакаў Маіх і цудаў Маіх у зямлі Егіпецкай;
 
Але Я зраблю цвёрдым сэрца яго і павялічу знакі і цуды Мае ў зямлі Егіпецкай.

фараон не паслухаецца вас, і Я накладу руку Маю на Егіпет і выведу войска Маё, народ Мой, сыноў Ізраілевых, зь зямлі Егіпецкай — судамі вялікімі;
 
Але ён не паслухае вас; Я пакладу руку Сваю на Егіпет і выведу войска Маё і народ Мой, сыноў Ізраэля, з зямлі Егіпецкай праз суды найвялікшыя.

тады ўведаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь, калі працягну руку Маю на Егіпет і выведу сыноў Ізраілевых з асяродзьдзя іхняга.
 
І хай ведаюць егіпцяне, што Я — Госпад, Які працягнуў руку Сваю над Егіптам і вывеў сыноў Ізраэля з іх грамады».

І зрабілі Майсей і Аарон: як загадаў ім Гасподзь, так яны і зрабілі.
 
Тады Майсей і Аарон зрабілі, як загадаў Госпад; такім чынам выканалі.

Майсею было восемдзесят, а Аарону восемдзесят тры гады, калі пачалі гаварыць яны фараону.
 
Майсей жа меў восемдзесят гадоў, а Аарон восемдзесят тры, калі яны выказаліся перад фараонам.

І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
 
І казаў Госпад Майсею і Аарону:

калі фараон скажа вам: зрабеце цуд, дык ты скажы Аарону: вазьмі посах твой і кінь перад фараонам, — ён зробіцца зьмеем.
 
«Калі скажа вам фараон: “Дайце знак”, скажаш Аарону: “Вазьмі кій твой і кінь яго перад фараонам, і ён ператворыцца ў змяю”».

Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і зрабілі так, як сказаў ім Гасподзь. І кінуў Аарон посах свой перад фараонам і перад рабамі ягонымі, і ён зрабіўся зьмеем.
 
Такім чынам, Майсей і Аарон, што прыйшлі да фараона, зрабілі, як загадаў Госпад; і Аарон кінуў перад фараонам і паслугачамі яго кій, які ператварыўся ў змяю.

І паклікаў фараон мудрацоў і чарадзеяў; і гэтыя магі зрабілі тое самае сваімі чарамі:
 
А фараон склікаў мудрацоў і чараўнікоў, і тыя варажбіты егіпецкія таксама зрабілі падобнае з дапамогай сваіх заклінанняў.

кожны зь іх кінуў свой посах, і яны зрабіліся зьмеямі; але посах Ааронаў праглынуў іхнія посахі.
 
І кожны з іх кінуў палкі свае, якія ператварыліся ў змей; але кій Аарона праглынуў іх палкі.

Сэрца фараонава ачарсьцьвела, і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.
 
Аднак зацвярдзела сэрца фараона і не паслухаў іх, як і прадказваў Госпад.

І сказаў Гасподзь Майсею: зацялося сэрца фараонавае: ён ня хоча адпусьціць народ.
 
І сказаў Госпад Майсею: «Зацвярдзела сэрца фараона; не хоча ён адпусціць народ.

Ідзі да фараона заўтра, вось, ён выйдзе да вады, ты стань на дарозе ў яго, на беразе ракі, і посах, які ператвараецца ў зьмея, вазьмі ў руку тваю,
 
Ідзі да яго зранку. Вось, ён выйдзе да вады; а ты ўстань перад ім на беразе ракі. І вазьмі ў руку сваю кій, які ператварыўся ў змяю,

і скажы яму: Гасподзь, Бог Габрэяў, паслаў мяне сказаць табе: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне ў пустыні: але вось, ты дагэтуль не паслухаўся.
 
і скажы яму: “Госпад, Бог гебраяў, паслаў мяне да цябе, гаворачы: “Адпусці народ Мой, каб учыніў Мне ахвярапрынашэнне ў пустыні”; але да гэтага моманту не хацеў ты паслухаць.

Так кажа Гасподзь: з гэтага ўведаеш, што Я Гасподзь: вось гэтым посахам, які ў руцэ маёй, я ўдару па вадзе, якая ў рацэ, і яна ператворыцца ў кроў,
 
Такім чынам, гэта кажа Госпад: “З гэтага даведаешся, што Я — Госпад; вось, кіем, які ў руцэ маёй, удару па вадзе ў рацэ, і ператварыцца яна ў кроў.

і рыба ў рацэ памрэ, і рака засьмярдзіць, і Егіпцянам агідна будзе піць ваду з ракі.
 
І рыбы, якія ў рацэ, памруць, а вада засмярдзіць, так што егіпцяне будуць брыдзіцца піць ваду з ракі”».

І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: вазьмі посах твой і працягні руку тваю на воды Егіпцянаў: на рэкі іхнія, на патокі іхнія, на азёры іхнія і на ўсякае зьмясьцілішча водаў іхніх, — і ператворацца ў кроў, і будзе кроў па ўсёй зямлі Егіпецкай і ў драўляным і ў каменным посудзе.
 
Сказаў таксама Госпад Майсею: «Скажы Аарону: “Вазьмі кій твой і працягні руку сваю над водамі Егіпта, над рэкамі яго і ручаямі, а таксама над багнамі і азёрамі яго, каб ператварыліся яны ў кроў; і хай будзе кроў ва ўсёй зямлі Егіпецкай, як у драўляных пасудзінах, так і ў каменных”».

І зрабілі Майсей і Аарон, як сказаў Гасподзь. І падняў посах і ўдарыў па вадзе рачной на вачах у фараона і на вачах у рабоў ягоных, і ўся вада ў рацэ ператварылася ў кроў,
 
І зрабілі так Майсей і Аарон, як загадаў Госпад. І, узнімаючы кій, ударыў ваду ў рацэ ў прысутнасці фараона і паслугачоў яго; ператварылася яна ў кроў.

і рыба ў рацэ вымерла, і рака засьмярдзела, і Егіпцяне не маглі піць з ракі; і была кроў на ўсёй зямлі Егіпецкай.
 
І рыбы, якія былі ў рацэ, памерлі, і рака засмярдзела, і егіпцяне не маглі піць рачной вады; і кроў была ва ўсёй зямлі Егіпецкай.

І магі Егіпецкія чарамі сваімі зрабілі тое самае. І зацялося сэрца ў фараона, і не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.
 
Але падобнае зрабілі чараўнікі егіпецкія сваімі заклінаннямі; і зацвярдзела сэрца фараона, і не паслухаў ён іх, як сказаў Госпад.

І павярнуўся фараон і пайшоў у дом свой; і сэрца ягонае не пранялося і гэтым.
 
І павярнуўся ён, і пайшоў у дом свой, і не дадаў да гэтага сэрца сваё.

І пачалі капаць усе Егіпцяне каля ракі, каб знайсьці ваду на піцьцё, бо не маглі піць вады з ракі.
 
А ўсе егіпцяне капалі вакол ракі, шукаючы вады для піцця; бо не маглі піць вады з ракі.

І споўнілася сем дзён пасьля таго, як Гасподзь ударыў раку.
 
І мінула сем дзён пасля таго, як Госпад ударыў раку.