Ераміін Плач 3 разьдзел
Ераміін Плач
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Я муж, што дазнаў гора ад посаха гневу Ягонага.
Я чалавек, які ведае нядолю сваю ад дубца гневу Яго.
Ён вёў мяне і прывёў да цемрадзі, а не на сьвятліню.
Ён мяне падганяў і завёў у цемру, а не ў святло.
Пэўне ад мяне Ён адвярнуўся. Ён абарачае руку сваю на мяне ўвесь дзень.
Толькі на мяне ўвесь дзень звяртаў руку Сваю.
Прычыніў, што цела мае а скура мая знасіліся, патрышчыў косьці мае.
Вынішчыў скуру маю і цела маё, сцёр косці мае.
Забудаваў мяне й абкружыў жоўцяй а гаротаю.
Убудаваў у коле маім і акружыў мяне горыччу і мукай.
Пасадзіў мяне ў цемнае месца, як даўна памерлага.
Памясціў мяне ў цемры, быццам мёртвых, на вечнасць.
Агарадзіў мяне, каб я ня вышаў; ацяжарыў мядзяныя путы мае.
Аббудаваў мяне кругом, каб я не выйшаў, абцяжарыў мае кандалы.
Таксама, як я крычу й малю, загараджае малітву маю.
Але і калі б я крычаў і прасіў, зацішыў маю малітву.
Агарадзіў дарогі мае часаным каменьням, скрывіў сьцежкі мае.
Чатырохкутнымі камянямі закрыў маю дарогу ды перакрыў сцежкі мае.
Ён быў імне як мядзьведзь у засадзе, як леў у патайных месцах.
Стаўся Ён для мяне цікуючым мядзведзем і львом у сховішчы.
Зьвёў мяне з дарогаў маіх і разарваў мяне, спустошыў мяне.
Сцежкі мае паблытаў і разбіў мяне, пакінуў мяне адзінокім.
Напяў лук свой і пастанавіў мяне за мэту страле.
Напяў лук Свой і паставіў мяне як прыцэл для стрэлаў.
Пусьціў у ныркі мае стрэлы із сагайдака Свайго.
Упусціў у ныркі мае стрэлы калчана Свайго.
Я стаў пасьмехам усяму люду свайму, песьняю іхнаю ўвесь дзень.
Стаўся я на пасмяянне для ўсяго майго народа ды іх песенькай кплівай паўсядзённай.
Напоўніў мяне гарчэляй, насыціў палыном.
Ён мяне перапоўніў гаркатою, ап’яніў мяне палыном.
Пакрышыў зубы мае жвірам, пакачаў мяне ў попеле.
Паламаў мне на жвіры зубы мае, пагрузіў мяне ў попел.
І Ты аддаліў душу маю ад супакою, я забыўся дабра.
І душа мая пазбылася супакою, забыўся я пра добрае.
І сказаў я: «Загінула сіла а спадзева мая ад СПАДАРА».
Дык сказаў: «Прапала дастойнасць мая, ды надзея мая ў Госпадзе.
Успомні гора мае а муку маю, палын а жоўць.
Прыпамяні гора і пілігрымаванне маё — палын і атруту.
Помне, помне і ўгбалася ў імне душа мая.
Памяць памятлівая, і нішчэе ўва мне душа мая.
Вось, гэта я зварачаю да сэрца свайго, затым маю надзею.
Гэтак разважаць буду ў сэрцы сваім, дзеля таго буду мець надзею».
Зь міласэрдзя Ягонага мы не загінем, бо жаласьць Ягоная не перастала.
Ласка Госпада, што мы не папрападалі, бо не спынілася Яго літасцівасць.
Яна аднаўляецца кажнае раніцы; вялікая вернасьць Твая.
Новая кожнай раніцы, вялікая вернасць твая.
«СПАДАР дзель мая, — казала душа мая, — затым я маю надзею на Яго».
«Частка мая — Госпад, — кажа душа мая, — таму і чакаць буду Яго».
Добры СПАДАР да тых, што спадзяюцца на яго, да душы, што шукае Яго.
Добры ёсць Госпад для тых, хто спадзяецца на Яго, для душы, што шукае Яго.
Добра спадзявацца й маўкліва чакаць спасеньня СПАДАРОВАГА.
Добра ёсць моўчкі чакаць збаўлення Госпадава.
Добры да чалавека, што носе йго ў маладосьці сваёй;
Добра чалавеку, калі б нёс ярмо ад сваёй маладосці.
Гэткі сядзіць адзінотна й маўкліва, бо Ён узлажыў на яго;
Будзе сядзець адзінокі і маўчаць, калі гэта накладзена на яго.
Паложа вусны свае ў пыл, можа быць яшчэ надзея;
Хай усуне вусны свае ў попел, калі яшчэ ёсць надзея.
Падстанове шчаку б’ючаму яго, насычаны паганьбеньням;
Хай таму, хто б’е, падставіць шчаку, каб той напоўніўся ганьбаю.
Бо не пакідае назаўсёды Спадар.
Не адпіхне бо навечна Госпад.
А хоць прычыне немарасьць, адлі зжаліцца з множасьці міласэрдзя Свайго;
Бо калі нават прынізіў, усё ж пашкадуе паводле мноства міласэрнасці Сваёй.
Бо не засмучае ад сэрца Свайго ані немарасьце сыноў людзкіх.
Не ад сэрца паніжае Ён і карае сыноў чалавечых.
Мяжджуліць пад нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,
Таптаць пад нагамі сваімі ўсіх палонных зямлі,
Адхінаць права ў людзіны перад відам Навышняга,
крывіць права чалавека на віду Найвышэйшага,
Адмаўляць людзіне справядлівасьці ў судзе, — хіба Спадар ня бача гэтага?
ашукваць чалавека на судзе сваім, — ці ж Госпад гэтага не ведае?
Хто тый, што кажа: «І станецца», што Спадар не расказаў?
Хто ж ёсць такі, што сказаў — і сталася? Ці ж Госпад не загадаў?
Ці ня з вуснаў Навышняга паходзе ліха й дабро?
Ці ж з вуснаў Найвышэйшага не выходзяць дабро і зло?
Чаму наракае чалавек жывы, людзіна на грахі свае?
Як можа наракаць чалавек, які жыве, кожны за грахі свае?
Скумайма а прабуйма дарогі свае, і зьвярнімася ізноў да СПАДАРА.
Прасочым за дарогамі сваімі, разгледзім і навернемся да Госпада.
Узьнясіма сэрца з далонямі сваімі да Бога на нябёсах:
Падымем сэрцы нашы разам з рукамі да Госпада ў неба.
Мы выступілі а збунтаваліся, Ты не дараваў.
Мы паводзілі сябе ліха і былі бунтаўнікамі; таму і Ты неперамольны быў.
Ты накрыў Сябе гневам і перасьледаваў вас, забіваў і не пажалеў.
Адзеўся Ты ў гнеў і караў нас, забіваў, не шкадаваў.
Ты накрыўся булаком, каб не даходзіла малітва.
Пакрыўся Ты хмараю, каб не дайшло маленне.
Ты ўчыніў нас шумецьцям а агідаю сярод людаў.
Выдаў нас на выкараненне, як агіду спаміж народаў.
Разявілі на нас раты свае ўсі непрыяцелі нашы.
Разявілі на нас свае вусны ўсе ворагі нашы.
Ляк а пасадка прышлі на нас, спустошаньне а забурэньне.
Удзелам нашым сталіся: страх ды яма, знішчэнне ды разруха.
Рэкі вады цякуць із вока майго па загубе дачкі люду майго.
Ручаі слёз выпускае вока маё над знішчэннем дачкі «народа Майго».
Вока мае цурчыць і не перасьціхае, бязупынку,
Вока маё вылівае слёзы, не спыняецца, бо няма супакою.
Пакуль СПАДАР гляне і абача зь неба.
Пакуль Госпад не зірне і не пабачыць з нябёсаў,
Вока мае ўзрушае душу маю па ўсіх дачках места майго.
вока маё трывожыць душу маю дзеля ўсіх дачок горада майго.
Надта ловяць мяне, як птушку, варагі мае бяз прычыны.
Палявалі на мяне, як на птушку, надарма ворагі мае.
Кінулі ў яму жыцьцё мае й закідалі мяне каменьням.
Губілі ў балоце жыццё маё ды кідалі ў мяне камяні.
Воды паліліся на галаву маю, я сказаў: «Я адцяты».
Падымаліся воды над галавою маёй, я сказаў: «Прападаю».
Гукаў імя Тваё, СПАДАРУ, з найніжшае ямы;
Прызываў я імя Тваё, Госпадзе, з глыбіні ямы.
Ты чуў голас мой: «Не закрывай вуха Свайго ад уздыханьня майго, галашэньня майго».
Чуў Ты мой крык: «Не адварочвай вуха Свайго ад майго плачу і ўмольванняў».
Ты бліжыўся ў дзень, як я прыгукаў Цябе, Ты кажаш: «Ня бойся».
Ты наблізіўся ў той дзень, калі прызываў я Цябе, сказаў Ты: «Не бойся!»
Ты, Спадару, прававаўся за справы душы мае, Ты адкупіў жыцьцё мае;
Разбіраў Ты, Госпадзе, справу душы маёй: адкупіў Ты жыццё маё.
Ты, СПАДАРУ, бачыў крыўду маю, судзі справу маю.
Бачыш, Госпадзе, гора маё, судзі справядліва мяне.
Ты бачыў усю помсту іхную, усі падумкі супроці мяне.
Ты бачыш усю злосць іх, усе іх намеры адносна мяне.
Ты чуў упікі іхныя, СПАДАРУ, усі падумкі іхныя супроці мяне,
Ты чуеш знявагі іх, Госпадзе, усе іх намеры адносна мяне.
Вусны тых, што паўсталі на мяне, і іх падумкі супроці мяне ўвесь дзень.
Вусны цікуючых на мяне і задумкі іх супраць мяне ўвесь дзень.
Глянь на іх сядаючых і на іх устаючых, я — прыпеўка ім.
Зірні на іх сяданні і ўставанні, я — песенька іх.
Адплаці ім заплатаю, СПАДАРУ, подле работы рук іхных.
Адгадзі ім, Госпадзе, па ўчынках рук іх.
Дай ім смутак сэрца, праклён свой на іх.
Дай ім закамянеласць сэрца і праклён Твой .
Перасьлядуй а выгубі іх у гневе з пад нябёс СПАДАРОВЫХ.
Пераследуй іх у гневе і знішчы іх з-пад нябёс Тваіх, Госпадзе!