Ераміін Плач 3 разьдзел

Ераміін Плач
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Я муж, што дазнаў гора ад посаха гневу Ягонага.
 
Я — той муж, які бачыў гора ад кію гневу Ягонага.

Ён вёў мяне і прывёў да цемрадзі, а не на сьвятліню.
 
Ён вёў мяне і прывёў у цемру, а не ў сьвятло.

Пэўне ад мяне Ён адвярнуўся. Ён абарачае руку сваю на мяне ўвесь дзень.
 
Толькі супраць мяне Ён павярнуўся. Ён зьвярнуў руку Сваю на мяне ўвесь дзень.

Прычыніў, што цела мае а скура мая знасіліся, патрышчыў косьці мае.
 
Ён зьнішчыў цела маё і скуру маю, патрушчыў косткі мае.

Забудаваў мяне й абкружыў жоўцяй а гаротаю.
 
Ён забудаваў [агароджай] мяне і атачыў жоўцю і гаротаю,

Пасадзіў мяне ў цемнае месца, як даўна памерлага.
 
пасадзіў мяне ў месца цёмнае, як памерлых даўно.

Агарадзіў мяне, каб я ня вышаў; ацяжарыў мядзяныя путы мае.
 
Ён абгарадзіў мяне, і я ня выйду; Ён зрабіў цяжкімі кайданы мае.

Таксама, як я крычу й малю, загараджае малітву маю.
 
Нават калі я крычу і малю, Ён спыняе малітву маю.

Агарадзіў дарогі мае часаным каменьням, скрывіў сьцежкі мае.
 
Ён абгарадзіў шляхі мае часанымі камянямі, скрывіў сьцежкі мае.

Ён быў імне як мядзьведзь у засадзе, як леў у патайных месцах.
 
Ён для мяне — як мядзьведзь, што цікуе, як леў у засадзе.

Зьвёў мяне з дарогаў маіх і разарваў мяне, спустошыў мяне.
 
Ён забраў шляхі мае і разьдзёр мяне, пакінуў мяне спустошаным.

Напяў лук свой і пастанавіў мяне за мэту страле.
 
Ён нацягнуў лук свой і паставіў мяне як мэту для стралы,

Пусьціў у ныркі мае стрэлы із сагайдака Свайго.
 
пусьціў у ныркі мае стрэлы з сагайдаку Свайго.

Я стаў пасьмехам усяму люду свайму, песьняю іхнаю ўвесь дзень.
 
Я стаў насьмешкай для ўсяго народу свайго, прыпеўкаю іхняй увесь дзень.

Напоўніў мяне гарчэляй, насыціў палыном.
 
Ён насыціў мяне горкімі травамі, напаіў мяне палыном,

Пакрышыў зубы мае жвірам, пакачаў мяне ў попеле.
 
пакрышыў зубы мае жвірам, выкачаў мяне ў попеле.

І Ты аддаліў душу маю ад супакою, я забыўся дабра.
 
Ён аддаліў душу маю ад супакою, я забыўся пра добрае.

І сказаў я: «Загінула сіла а спадзева мая ад СПАДАРА».
 
І я сказаў: «Загінула сіла мая і спадзяваньне маё на ГОСПАДА».

Успомні гора мае а муку маю, палын а жоўць.
 
Узгадай нядолю маю і гаротнасьць маю, палын і жоўць.

Помне, помне і ўгбалася ў імне душа мая.
 
Узгадваючы, узгадвае [пра Цябе] і гнецца ў-ва мне душа мая.

Вось, гэта я зварачаю да сэрца свайго, затым маю надзею.
 
Я вяртаю гэта да сэрца майго, і дзеля гэтага я спадзяюся.

Зь міласэрдзя Ягонага мы не загінем, бо жаласьць Ягоная не перастала.
 
Гэта міласэрнасьць ГОСПАДА, што мы не загінулі, бо не спынілася літасьць Ягоная.

Яна аднаўляецца кажнае раніцы; вялікая вернасьць Твая.
 
Яна аднаўляецца кожную раніцу; вялікая вернасьць Твая.

«СПАДАР дзель мая, — казала душа мая, — затым я маю надзею на Яго».
 
«ГОСПАД — гэта частка мая, — казала душа мая, — дзеля гэтага я спадзяюся на Яго».

Добры СПАДАР да тых, што спадзяюцца на яго, да душы, што шукае Яго.
 
Добры ГОСПАД да тых, якія на Яго спадзяюцца, да душы, якая шукае Яго.

Добра спадзявацца й маўкліва чакаць спасеньня СПАДАРОВАГА.
 
Добра мець надзею і маўкліва [чакаць] збаўленьня ад ГОСПАДА.

Добры да чалавека, што носе йго ў маладосьці сваёй;
 
Добра для чалавека, які носіць ярмо ў маладосьці сваёй.

Гэткі сядзіць адзінотна й маўкліва, бо Ён узлажыў на яго;
 
Няхай ён сядзіць самотна і маўчыць, бо Ён узлажыў на яго [ярмо].

Паложа вусны свае ў пыл, можа быць яшчэ надзея;
 
Няхай закрые пылам вусны свае, можа, ёсьць [яшчэ] надзея.

Падстанове шчаку б’ючаму яго, насычаны паганьбеньням;
 
Няхай падставіць шчаку таму, які б’е яго, няхай насыціцца ганьбаю,

Бо не пакідае назаўсёды Спадар.
 
бо не адкідае на вякі Госпад,

А хоць прычыне немарасьць, адлі зжаліцца з множасьці міласэрдзя Свайго;
 
бо Ён дае пакуты, але літуецца паводле мноства міласэрнасьці Сваёй,

Бо не засмучае ад сэрца Свайго ані немарасьце сыноў людзкіх.
 
бо не з [жаданьня] сэрца Свайго Ён прыгнятае і дае пакуты сынам чалавечым.

Мяжджуліць пад нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,
 
Калі топчуць пад нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,

Адхінаць права ў людзіны перад відам Навышняга,
 
калі перакручваюць суд для чалавека перад абліччам Найвышэйшага,

Адмаўляць людзіне справядлівасьці ў судзе, — хіба Спадар ня бача гэтага?
 
калі блытаюць чалавека ў справе [судовай], хіба Госпад ня бачыць [гэта]?

Хто тый, што кажа: «І станецца», што Спадар не расказаў?
 
Хто той, які скажа, і [так] станецца, а Госпад [пра гэта] не загадаў?

Ці ня з вуснаў Навышняга паходзе ліха й дабро?
 
Ці ня з вуснаў Найвышэйшага выходзіць ліха і дабро?

Чаму наракае чалавек жывы, людзіна на грахі свае?
 
Чаму наракае чалавек, які жыве? Няхай чалавек [наракае] на грахі свае.

Скумайма а прабуйма дарогі свае, і зьвярнімася ізноў да СПАДАРА.
 
Будзем шукаць і дасьледаваць шляхі свае, і вернемся да ГОСПАДА.

Узьнясіма сэрца з далонямі сваімі да Бога на нябёсах:
 
Узьнясем сэрцы нашыя і далоні да Бога ў небе.

Мы выступілі а збунтаваліся, Ты не дараваў.
 
Мы адступіліся і збунтаваліся, Ты не дараваў.

Ты накрыў Сябе гневам і перасьледаваў вас, забіваў і не пажалеў.
 
Ты закрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў і не шкадаваў.

Ты накрыўся булаком, каб не даходзіла малітва.
 
Ты закрыў Сябе хмараю, каб не дайшла малітва [да Цябе].

Ты ўчыніў нас шумецьцям а агідаю сярод людаў.
 
Ты ўчыніў нас сьмецьцем і агідаю паміж народамі.

Разявілі на нас раты свае ўсі непрыяцелі нашы.
 
Разьзявілі на нас пашчы свае ўсе ворагі нашыя.

Ляк а пасадка прышлі на нас, спустошаньне а забурэньне.
 
Страх і яма сталіся ў нас, спусташэньне і загуба.

Рэкі вады цякуць із вока майго па загубе дачкі люду майго.
 
Струмяні вады цякуць з вока майго з прычыны загубы дачкі народу майго.

Вока мае цурчыць і не перасьціхае, бязупынку,
 
Вока маё выліваецца безупынна, няма палёгкі,

Пакуль СПАДАР гляне і абача зь неба.
 
аж пакуль ня ўзгляне і ня ўбачыць ГОСПАД з неба.

Вока мае ўзрушае душу маю па ўсіх дачках места майго.
 
Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак гораду майго.

Надта ловяць мяне, як птушку, варагі мае бяз прычыны.
 
Палюючы, палююць на мяне, як на птушку, ворагі мае без прычыны.

Кінулі ў яму жыцьцё мае й закідалі мяне каменьням.
 
Кінулі ў яму жыцьцё маё і кідалі ў мяне камяні.

Воды паліліся на галаву маю, я сказаў: «Я адцяты».
 
Воды паліліся на галаву маю, я сказаў: “Я загінуў”.

Гукаў імя Тваё, СПАДАРУ, з найніжшае ямы;
 
Я клікаў імя Тваё, ГОСПАДЗЕ, з ямы найглыбейшай.

Ты чуў голас мой: «Не закрывай вуха Свайго ад уздыханьня майго, галашэньня майго».
 
Ты чуў голас мой. Не закрывай вуха Тваё ад уздыханьня майго, ад ляманту майго.

Ты бліжыўся ў дзень, як я прыгукаў Цябе, Ты кажаш: «Ня бойся».
 
Ты наблізіўся [да мяне] ў дзень, калі я клікаў Цябе. Ты сказаў: “Ня бойся”.

Ты, Спадару, прававаўся за справы душы мае, Ты адкупіў жыцьцё мае;
 
Ты бараніў мяне, Госпадзе, у справе душы маёй, Ты адкупіў жыцьцё маё.

Ты, СПАДАРУ, бачыў крыўду маю, судзі справу маю.
 
Ты бачыў, ГОСПАДЗЕ, крыўду маю, судзі суд мой.

Ты бачыў усю помсту іхную, усі падумкі супроці мяне.
 
Ты бачыў усю помсту іхнюю, усе намеры іхнія супраць мяне.

Ты чуў упікі іхныя, СПАДАРУ, усі падумкі іхныя супроці мяне,
 
Ты чуў ганьбаваньне іхняе, ГОСПАДЗЕ, усе намеры іхнія супраць мяне,

Вусны тых, што паўсталі на мяне, і іх падумкі супроці мяне ўвесь дзень.
 
вусны тых, якія паўсталі на мяне, і разважаньні іхнія супраць мяне ўвесь дзень.

Глянь на іх сядаючых і на іх устаючых, я — прыпеўка ім.
 
Паглядзі, як яны сядаюць і ўстаюць, а я — прыпеўка для іх.

Адплаці ім заплатаю, СПАДАРУ, подле работы рук іхных.
 
Вярні ім аднагароду, ГОСПАДЗЕ, паводле справаў рук іхніх.

Дай ім смутак сэрца, праклён свой на іх.
 
Дай ім смутак сэрца, праклён Твой [няхай будзе] на іх.

Перасьлядуй а выгубі іх у гневе з пад нябёс СПАДАРОВЫХ.
 
Перасьледуй [іх] у гневе і зьнішчы іх з-пад неба ГОСПАДАВАГА.