Ераміін Плач 5 разьдзел
Ераміін Плач
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Успомні, СПАДАРУ, што сталася нам; разваж а глянь на паганьбеньне наша:
Узгадай, ГОСПАДЗЕ, што сталася з намі; гледзячы, узглянь і пабач ганьбу нашую.
Спадак наш абернены да чужых, дамы нашы — да чужаземцаў.
Спадчына нашая перададзеная чужым, дамы нашыя — чужынцам.
Сіротамі мы сталі: няма айца, маці нашы — як ўдовы;
Мы сталіся сіротамі; няма бацькі, маці нашыя — як удовы.
Ваду сваю п’ем за срэбра, дровы нашы прадаюць нам;
Ваду сваю мы п’ем за срэбра, дровы нашыя прадаюць нам на грошы.
Перасьледаваньнікі на шыі нашай, мы робім цяжка, ня маем супачынку;
Перасьледвальнікі на шыі нашай, мы цяжка працуем, ня маем супачынку.
Мы выцягнулі руку сваю да Ягіпту, Асыры, каб мець досыць хлеба,
Мы выцягнулі руку сваю да Эгіпту і да Асірыі, каб насыціцца хлебам.
Айцове нашы грашылі; іх няма, і бяспраўі іхныя мы мусім насіць.
Бацькі нашыя грашылі; і іх няма, і беззаконьні іхнія мы носім.
Слугі радзяць нас, і няма каму вывальніць нас із рукі іхнае.
Слугі пануюць над намі, і няма [нікога], хто вызваліць нас з рукі іхняй.
Зь небясьпечнасьцю душы сваёй прыносім хлеб свой, з прычыны мяча пустыні.
Прыносім хлеб свой, наражаючы душу сваю на меч у пустыні.
Скура наша распаленая, як печ, ад пякучае галадові.
Скура нашая распаленая, як печ, ад палючага голаду.
Яны ганьбілі жанкі на Сыёне, дзеўкі — у местах Юдэйскіх.
Жанчын гвалцілі на Сыёне, дзяўчат — у гарадах Юды.
Князі засілены рукамі іхнымі, відаў старых не паважалі.
Князі павешаныя рукамі іхнімі, абліччы старых ня маюць пашаны.
Узялі маладзёнаў да жорнаў, хлапцы валяцца пад дрыўмі.
Юнакі носяць камяні млыновыя, хлопцы спатыкаюцца, [носячы] дровы.
Старыя перасталі сядзець у брамах, маладзёны не пяюць.
Старыя больш не сядзяць у брамах, юнакі не сьпяваюць.
Перастала весялосьць сэрца нашага, скокі абярнуліся ў плач.
Спынілася вясёласьць сэрца нашага, перамяніліся ў жалобу карагоды нашыя.
Вянок зваліўся з галавы вашае; бяда нам, што мы ізграшылі.
Звалілася карона з галавы нашай; гора нам, бо мы саграшылі.
Ад гэтага баліць сэрца наша, ад гэтага прыцьмелі вочы нашы,
Дзеля гэтага млявае сэрца нашае, дзеля гэтага зацемраныя вочы нашыя,
Бо па спусьцелай гары Сыёне лісы ходзяць.
бо спустошаная гара Сыён, лісы ходзяць па ёй.
Ты, СПАДАРУ, застаешся на векі, пасад Твой ад пакаленьня да пакаленьня.
Ты, ГОСПАДЗЕ, трываеш на вякі, пасад Твой — з пакаленьня ў пакаленьне.
Чаму забыўся нас назаўсёды, пакінуў нас на даўгія дні?
Чаму Ты забыўся на нас назаўсёды, пакінуў нас на доўгія дні?
Навярні нас да Сябе, СПАДАРУ, і мы навернемся; аднаві дні нашы, як даўней.
Навярні нас да Сябе, ГОСПАДЗЕ, і мы навернемся; аднаві дні нашыя, як даўней [было].
Ці Ты супоўна адкінуў нас? ці надзвычайна ўгневаўся на нас?
Няўжо Ты, адкідаючы, адкінуў нас? Няўжо Ты загневаўся на нас аж так моцна?