1 да Цімафея 5 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Ня гань старога, але навучай, як айца; маладых, як братоў;
Старэйшага не дакарай, але ўпрошвай, як бацьку; маладых — як братоў;
Старыя жанкі, як маткі; маладыя, як сёстры, з усёй чысьцінёю.
старэйшых жанчын — як маці, а маладых — як сясцёр, з усёй беззаганнасцю.
Удовы паважай, запраўдныя ўдовы.
Удоваў шануй, калі яны сапраўды ўдовы.
Калі ж якая ўдава мае дзеці альбо ўнукаў, дык хай яны перш вучацца паказаць набожнасьць сваю да радзімы свае і адплачаваць бацьком, бо гэта прыемна Богу.
Калі ж якая ўдава мае дзяцей або ўнукаў, то няхай яны перш вучацца шанаваць сваю сям’ю ды быць удзячнымі бацькам, бо гэта падабаецца Богу.
Запраўдная ўдава і адзінотная спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях а малітвах ноч і дзень;
Сапраўдная ўдава і адзінокая спадзяецца на Бога і ўзносіць да Яго просьбы і малітвы днём і ноччу.
Але каторая жывець патураючы самой сабе, тая жывая памерла.
Тая ж, што шукае асалоды, мёртвая пры жыцці.
І гэта загадуй ім, каб былі беззаганныя.
Таму так настаўляй іх, каб яны былі беззаганнымі.
Калі ж хто праз сваіх собскіх і асабліва праз хатніх ня рупіцца, тый выперся веры і горшы за няверніка.
Калі ж хто не апякуецца сваімі, асабліва хатнімі, той адкінуў веру і горшы за няверуючага.
Удава мае быць запісаваная да сьпісаньня ня меней, як шасьцьдзесятгодняя, каторая была жонкаю аднаго мужа,
Удавой павінна лічыцца тая, якой не менш шасьцідзесяці гадоў, якая мела аднаго толькі мужа.
Маючая сьветчаньне праз добрыя ўчынкі, калі выгадавала дзеці, калі частавала падарожных, калі ўмывала ногі сьвятым, калі памагала гаротным, калі ўлягала ў кажную добрую справу.
Яна павінна славіцца добрымі ўчынкамі, гэта значыць добрым выхаваннем дзяцей, гасціннасцю і тым, што абмывала ногі святым, дапамагала гаротным і рупілася пра добрыя справы.
Малодшым жа ўдовам адмаўляй, бо калі яны стануць жадлівыя напярэк Хрыста, хочуць выходзіць замуж,
А маладых удоваў абмінай, бо яны, кіруючыся пажадлівасцю, пагарджаюць Хрыстом ды імкнуцца выйсці замуж.
І гэтак падпадалі б пад засуджэньне, бо ўзрушылі б першую веру.
Яны годныя асуджэння, бо страцілі першасную вернасць.
Ды ў тым самым часе яны вучацца быць дзяньгубнымі, ходзячы ад дому да дому; ды ня толькі дзяньгубнымі, але й брахлівымі, мяшаюцца ў чужыя справы, гукаючы няпрыходнае.
Ходзячы па хатах, яны таксама вучацца гультайству. Яны не толькі гультайкі, але пляткаркі і цікаўныя, гавораць тое, што не трэба.
Дык я хачу, каб малодшыя выходзілі замуж, радзілі дзеці, кіравалі дом, не давалі праціўніку прыклепу да абмовы.
Таму лічу, што лепш, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам і не давалі ворагу ніякіх падстаў да знеслаўлення.
Бо некатрыя ўжо абярнуліся за шайтаном.
На жаль, ужо некаторыя пайшлі за сатаной.
Калі які вернік альбо верніца мае ўдовы, няхай памагае ім, а не цяжарыць царквы, каб яна магла памагаць удовам запраўдным.
Калі ж якая верніца мае ўдоваў, дык няхай апякуецца імі і не абцяжарвае Касцёла, каб ён мог дапамагаць сапраўдным удовам.
Старшыя, што кіруюць добра, няхай будуць уважаны за годных падвойнай сьці, асабліва працуючыя ў слове а навуццы.
Прэзбітэраў, якія добра кіруюць, акружайце падвойнай пашанай, асабліва тых, хто цяжка працуе, прапаведуючы і навучаючы.
Бо Пісьмо кажа: «Ня кілзай вала малоцячага»; і: «Працавень годны заплаты свае».
Бо Пісанне кажа: «Не завязвай пысы валу, які малоціць» і: «Працаўнік варты платы сваёй».
На старшых ня прыймай вінаваньня, хіба з дзьвюма альбо трыма сьветкамі.
Не прымай абвінавачанняў супраць прэзбітэра, хіба што з-за двух ці трох сведкаў.
Тых, што грэшаць, вінуй перад усімі, каб і засталыя страх мелі.
А тых, хто грашыць, дакарай перад усімі, каб іншыя таксама мелі страх.
Асьвятчаю перад Богам а Хрыстом Ісусам а абранымі ангіламі, каб ты дзяржаў гэта без засуджэньня наперад, нічога ня робячы з прыхіннасьці.
Заклінаю цябе перад Богам і Хрыстом Езусам, і выбранымі анёламі, каб ты захоўваў гэта без прыліку і не рабіў нічога прадузята.
Не сьпяшайся на нікога ўскладаць рук і ня будзь учасьнікам у грахох іншых. Захавай сябе чыстага.
Не ўскладай паспешліва рук ні на кога, і не ўдзельнічай у грахах іншых, а сябе самога захоўвай беззаганным.
Наперад пі не адну ваду, але ўжывай троху віна дзеля трыбуха свайго і частых няўздоленьняў сваіх.
Адгэтуль не пі вады, але патроху ўжывай віна з увагі на страўнік і твае частыя немачы.
Грахі некатрых людзёў яўныя, вядучы да суду, а грахі іншых ідуць за імі.
Грахі некаторых людзей відавочныя яшчэ да суда, а за некаторымі ідуць следам.
Аднолькава й добрыя ўчынкі яўныя, а калі не таковыя, ня могуць быць схаваныя.
Падобна і добрыя ўчынкі відавочныя, а калі не, то ўсё роўна схавацца не змогуць.