1 да Цімафея 5 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Старога не дакарай, але прасі, як бацьку, маладых — як братоў,
Старэйшага не дакарай, але ўпрошвай, як бацьку; маладых — як братоў;
старых жанчынаў — як матак, маладых — як сёстраў, з усякай чысьцінёю.
старэйшых жанчын — як маці, а маладых — як сясцёр, з усёй беззаганнасцю.
Удоваў шануй, тых, якія праўдзіва ўдовы.
Удоваў шануй, калі яны сапраўды ўдовы.
А калі якая ўдава мае дзяцей ці ўнукаў, яны перш няхай вучацца шанаваць свой дом і аддаваць належнае бацькам, бо гэта добра і прыемна перад Богам.
Калі ж якая ўдава мае дзяцей або ўнукаў, то няхай яны перш вучацца шанаваць сваю сям’ю ды быць удзячнымі бацькам, бо гэта падабаецца Богу.
Праўдзівая ўдава і адзінокая спадзяецца на Бога і трывае ў малітвах і просьбах уночы і ўдзень,
Сапраўдная ўдава і адзінокая спадзяецца на Бога і ўзносіць да Яго просьбы і малітвы днём і ноччу.
а тая, што жыве ў распусьце, жывучы, мёртвая.
Тая ж, што шукае асалоды, мёртвая пры жыцці.
І гэтак загадвай, каб былі бездакорнымі.
Таму так настаўляй іх, каб яны былі беззаганнымі.
А калі хто пра сваіх, і асабліва, пра хатніх ня дбае, той адрокся ад веры і горшы за бязьвернага.
Калі ж хто не апякуецца сваімі, асабліва хатнімі, той адкінуў веру і горшы за няверуючага.
Удава мае быць унесеная ў сьпіс, якой ня менш як шэсьцьдзясят гадоў, якая была жонкаю аднаго мужа,
Удавой павінна лічыцца тая, якой не менш шасьцідзесяці гадоў, якая мела аднаго толькі мужа.
засьведчаная ў добрых учынках, калі дзяцей выгадавала, калі прыймала падарожных, калі абмывала ногі сьвятым, калі падтрымлівала прыгнечаных, калі ішла сьледам за ўсякай добрай справай.
Яна павінна славіцца добрымі ўчынкамі, гэта значыць добрым выхаваннем дзяцей, гасціннасцю і тым, што абмывала ногі святым, дапамагала гаротным і рупілася пра добрыя справы.
А маладым удовам адмаўляй, бо калі яны, разласаваўшыся насуперак Хрысту, захочуць замуж,
А маладых удоваў абмінай, бо яны, кіруючыся пажадлівасцю, пагарджаюць Хрыстом ды імкнуцца выйсці замуж.
атрымаюць асуджэньне, бо адкінулі ранейшую веру.
Яны годныя асуджэння, бо страцілі першасную вернасць.
Да таго ж яны прывучаюцца не працаваць, цягаючыся па дамах; і ня толькі не працаваць, але і балбатаць, і рабіць непатрэбныя рэчы, гаворачы, чаго ня сьлед.
Ходзячы па хатах, яны таксама вучацца гультайству. Яны не толькі гультайкі, але пляткаркі і цікаўныя, гавораць тое, што не трэба.
Дык хачу, каб маладыя [ўдовы] ішлі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам і не давалі супраціўніку аніякае нагоды дзеля абмаўляньня,
Таму лічу, што лепш, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам і не давалі ворагу ніякіх падстаў да знеслаўлення.
бо некаторыя ўжо збочылі ўсьлед за шатанам.
На жаль, ужо некаторыя пайшлі за сатаной.
Калі які верны ці верная мае ўдовы, няхай падтрымлівае іх і не абцяжарвае царквы, каб яна падтрымлівала праўдзівых удоваў.
Калі ж якая верніца мае ўдоваў, дык няхай апякуецца імі і не абцяжарвае Касцёла, каб ён мог дапамагаць сапраўдным удовам.
Старосты, якія кіруюць добра, дастойныя падвойнае пашаны, асабліва тыя, якія працуюць у слове і навучаньні.
Прэзбітэраў, якія добра кіруюць, акружайце падвойнай пашанай, асабліва тых, хто цяжка працуе, прапаведуючы і навучаючы.
Бо Пісаньне кажа: «Не закелзай вала, які малоціць», і: «Работнік варты нагароды сваёй».
Бо Пісанне кажа: «Не завязвай пысы валу, які малоціць» і: «Працаўнік варты платы сваёй».
Абвінавачваньне на старосту не прыймай, хіба што пры двух ці трох сьведках.
Не прымай абвінавачанняў супраць прэзбітэра, хіба што з-за двух ці трох сведкаў.
Тых, якія грашаць, дакарай перад усімі, каб і іншыя страх мелі.
А тых, хто грашыць, дакарай перад усімі, каб іншыя таксама мелі страх.
Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі сьведчу [табе], каб ты захаваў гэтае без перадузятасьці, нічога ня робячы паводле прыхільнасьці.
Заклінаю цябе перад Богам і Хрыстом Езусам, і выбранымі анёламі, каб ты захоўваў гэта без прыліку і не рабіў нічога прадузята.
Рукі хутка ні на каго не ўскладай і ня будзь супольнікам у чужых грахах; захоўвай сябе чыстым.
Не ўскладай паспешліва рук ні на кога, і не ўдзельнічай у грахах іншых, а сябе самога захоўвай беззаганным.
Больш ня пі ваду, але ўжывай крыху віна дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.
Адгэтуль не пі вады, але патроху ўжывай віна з увагі на страўнік і твае частыя немачы.
Грахі некаторых людзей відочныя і вядуць на асуджэньне, а за некаторымі ідуць сьледам.
Грахі некаторых людзей відавочныя яшчэ да суда, а за некаторымі ідуць следам.
Гэтаксама і добрыя ўчынкі відочныя; і калі іначай, схавацца ня могуць.
Падобна і добрыя ўчынкі відавочныя, а калі не, то ўсё роўна схавацца не змогуць.