1 да Цімафея 5 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Ня гань старога, але навучай, як айца; маладых, як братоў;
Старога не дакара́й, але малі, як бацьку; малодшых, як брато́ў;
Старыя жанкі, як маткі; маладыя, як сёстры, з усёй чысьцінёю.
старых жанчын, як матак; малодшых, як сёстраў, з усякаю чыстасьцяй.
Удовы паважай, запраўдныя ўдовы.
Удоваў паважай, тых, што ўдовы запраўды.
Калі ж якая ўдава мае дзеці альбо ўнукаў, дык хай яны перш вучацца паказаць набожнасьць сваю да радзімы свае і адплачаваць бацьком, бо гэта прыемна Богу.
Калі-ж якая ўдава ма́е дзяце́й, ці ўнукаў, дык яны насампе́рш няхай вучацца паважаць уласны дом і ў свой чарод аддзя́чыць бацьком: бо гэта добра і ўгодна перад Богам.
Запраўдная ўдава і адзінотная спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях а малітвах ноч і дзень;
Праўдзівая-ж удава і адзінокая спадзяе́цца на Бога і трывае ў малітвах і просьбах уначы і ўдзе́нь,
Але каторая жывець патураючы самой сабе, тая жывая памерла.
раскошніца-ж, жывучы, мёртвая.
І гэта загадуй ім, каб былі беззаганныя.
І гэтае загадвай ім, каб былі беззаганнымі.
Калі ж хто праз сваіх собскіх і асабліва праз хатніх ня рупіцца, тый выперся веры і горшы за няверніка.
Калі-ж хто аб сваіх, а асабліва аб хатніх не клапо́ціцца, той адрокся ад ве́ры і горш за няве́рнага.
Удава мае быць запісаваная да сьпісаньня ня меней, як шасьцьдзесятгодняя, каторая была жонкаю аднаго мужа,
Удава-ж няхай выбіраецца ня ме́нш, як шасьцідзесяціго́дняя, якая была жонкаю аднаго мужа,
Маючая сьветчаньне праз добрыя ўчынкі, калі выгадавала дзеці, калі частавала падарожных, калі ўмывала ногі сьвятым, калі памагала гаротным, калі ўлягала ў кажную добрую справу.
дазнаная з добрых учынкаў, ці дзяце́й узгадавала, ці прымала падарожных, ці абмывала ногі сьвятым, ці памагала нешчасьлівым, ці рупілася аб кожную добрую справу.
Малодшым жа ўдовам адмаўляй, бо калі яны стануць жадлівыя напярэк Хрыста, хочуць выходзіць замуж,
А маладых удоў ня прымай, бо яны, разласаваўшыся насупраць Хрысту, хочуць замуж;
І гэтак падпадалі б пад засуджэньне, бо ўзрушылі б першую веру.
яны падлягаюць асуджэньню, бо адкінулі ране́йшую ве́ру;
Ды ў тым самым часе яны вучацца быць дзяньгубнымі, ходзячы ад дому да дому; ды ня толькі дзяньгубнымі, але й брахлівымі, мяшаюцца ў чужыя справы, гукаючы няпрыходнае.
да таго-ж яны, гуляючы, прывучаюцца хадзіць па дамох; дый ня толькі гуляшчыя, але й баўтлівыя, і цікавыя, і гавораць, чаго ня сьле́д.
Дык я хачу, каб малодшыя выходзілі замуж, радзілі дзеці, кіравалі дом, не давалі праціўніку прыклепу да абмовы.
Дык хачу, каб маладыя ўдовы йшлі замуж, радзілі дзяце́й, кіравалі домам і не давалі праціўніку ніякае падставы дзеля абмаўляньня:
Бо некатрыя ўжо абярнуліся за шайтаном.
бо некаторыя ўжо зьвярнулі на сьле́д шатана.
Калі які вернік альбо верніца мае ўдовы, няхай памагае ім, а не цяжарыць царквы, каб яна магла памагаць удовам запраўдным.
Калі які ве́рны ці ве́рная ма́е ўдовы, няхай памагае ім і не абцяжа́е Царквы, каб яна памагала запраўдным удовам.
Старшыя, што кіруюць добра, няхай будуць уважаны за годных падвойнай сьці, асабліва працуючыя ў слове а навуццы.
Старшыя, якія старшынствуюць добра, варты падвойнае пашаны, асабліва тыя, што працуюць у слове і ў навуцы.
Бо Пісьмо кажа: «Ня кілзай вала малоцячага»; і: «Працавень годны заплаты свае».
Бо Пісаньне кажа: не закелза́й вала, які малоціць, і: работнік варты нагароды свае́й (Другазаконьне 25:4; Мацьвея 10:10).
На старшых ня прыймай вінаваньня, хіба з дзьвюма альбо трыма сьветкамі.
Абвінава́чаньне на старшага ня йначай прымай, як пры двох ці трох сьве́дках.
Тых, што грэшаць, вінуй перад усімі, каб і засталыя страх мелі.
Тых, што граша́ць, дакара́й перад усімі, каб і іншыя страх ме́лі.
Асьвятчаю перад Богам а Хрыстом Ісусам а абранымі ангіламі, каб ты дзяржаў гэта без засуджэньня наперад, нічога ня робячы з прыхіннасьці.
Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі Ангеламі заклінаю цябе́ захаваць гэтае, не асуджаючы напе́рад, нічога ня робячы водле ўнады.
Не сьпяшайся на нікога ўскладаць рук і ня будзь учасьнікам у грахох іншых. Захавай сябе чыстага.
Рук хутка ні на кога не ўскладай і ня будзь супольнікам у чужых грахох; хавай сябе́ чыстым.
Наперад пі не адну ваду, але ўжывай троху віна дзеля трыбуха свайго і частых няўздоленьняў сваіх.
Дый ня пі адну ваду, але ўжывай крыху віна дзеля жывата твайго і частых тваіх недамаганьняў.
Грахі некатрых людзёў яўныя, вядучы да суду, а грахі іншых ідуць за імі.
Грахі ў іншых людзе́й яўныя, і напе́радзе вядуць на асуджэньне, а за іншымі ідуць сьле́дам.
Аднолькава й добрыя ўчынкі яўныя, а калі не таковыя, ня могуць быць схаваныя.
Гэтак сама і добрыя ўчынкі напе́рад яўныя; а калі інакш, схавацца ня могуць.