Псалтыр 102 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Малітва ўбогага, калі ён высілены і перад відам СПАДАРОВЫМ вылівае жальбу сваю.
 

СПАДАРУ, пачуй малітву маю, і галашэньне мае няхай да Цябе прыйдзе.
 

Не хавай віду Свайго ад мяне таго дня, калі я ў бядзе; нахіні вуха Свае да мяне; у дзень, калі я гукаю, борзда адкажы імне;
 

Бо шчэзьлі ў дыме дні мае, і косьці мае спалены, як на вогнішчу.
 

Пабіта, як трава, і ссохла сэрца мае, так што я забыўся есьці хлеб свой.
 

З прычыны ёкату майго прыліпла косьць мая да цела майго.
 

Стаў я падобны да пэлікана пустыні і стаўся, як сава на разьвярненьнях.
 

Я чукавы і я, як птушка адзінотная на страсе.
 

Увесь дзень злосьнікі мае вернуць на мяне, злыя на мяне клінуць мяне.
 

Гэта ж я еў попел, як хлеб, і напітак свой з плачам мяшаў,
 

З прычыны абурэньня Твайго а гневу Твайго; бо Ты падняў мяне й кінуў мяне.
 

Дні мае, як сьцень, што чэзьне; і я, як трава, сохну.
 

Але Ты, СПАДАРУ, жывеш на векі, і памятка Твая ад пакаленьня да пакаленьня.
 

Ты паўстанеш, паспагадаеш Сыёну; бо пара зьмілавацца над ім; бо прышоў рок;
 

Бо зычаць слугі Твае камянёў яго, і яны зычлівыя да пылу яго.
 

І будуць баяцца народы імені СПАДАРОВАГА, і ўсі каралі зямлі — славы Твае;
 

Бо СПАДАР збудуе Сыён, зьявіцца ў славе Сваёй.
 

Прыхінецца да малітвы галечы й не пагрэбуе маленьням іхным.
 

Запішуць гэта прыйдучаму пакаленьню, і люд новаствораны будзе хваліць ЯГА,
 

Бо Ён глянуў далоў з вышыні сьвятыні Свае, СПАДАР ізь нябёс на зямлю глядзеў,
 

Каб пачуць ёкат вязьня, аслабаніць прызначаных на сьмерць,
 

Каб абяшчалі імя СПАДАРОВА на Сыёне й хвалу Ягоную ў Ерузаліме,
 

Як зьбяруцца ўсі люды й каралеўствы служыць СПАДАРУ.
 

Высіліў на дарозе сілу маю, скараціў дні мае.
 

Я сказаў: «Божа мой! не вазьмі мяне ў палавіцы дзён маіх. Гады Твае з пакаленьня да пакаленьня.
 

Здаўна Ты залажыў землі, і работа рук Тваіх нябёсы.
 

Яны загінуць, але Ты будзеш трываць; усі яны, як адзецьце, згніюць, як уборы, Ты адменіш іх, і адменяцца;
 

Але Ты тый самы, і гады Твае ня скончацца.
 

Сынове слугаў Тваіх будуць перабываць, і насеньне іхнае перад Табою ўмацуецца».