2 да Карынфянаў 12 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі выпадае хваліцца (ды яно й некарысна), перайду да візыяў ды аб’яваў Госпада.
 
Не карысна мне хваліцца, бо я дайду да ві́дзежаў і адкры́цьцяў Госпадавых.

Знаю чалавека ў Хрыстусе, які перад чатырнаццацю гадамі (ці ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю: Бог ведае), захоплены быў да трэцяга неба.
 
Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць гадоў таму, ці ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю, Бог ведае, быў падхоплены да трэцяга неба.

І ведаю, што чалавек той (у целе, ці па-за целам, ня ведаю: Бог ведае),
 
І ведаю гэткага чалавека, ці ў целе, ці па-за целам, ня ведаю, Бог ведае,

перажыў райскую візыю і чуў таёмныя словы, якіх чалавеку нельга перасказаць.
 
які быў падхоплены ў рай і чуў невымоўныя словы, якіх чалавеку нельга вы́мавіць.

Гэтым хваліцца магу, сабоюж не пахвалюся, хіба толькі слабасьцямі маімі.
 
Гэтакім буду хваліцца, а сабою ня буду хваліцца, хіба толькі слабасьцямі маімі.

Каліб навет захацеў хваліцца, дык не без розуму, бо сказаўбы праўду; але я стрымоўваюся, каб хто не падумаў аба мне болей, чым у-ва мне бачыць, або ад мяне я ня чуе.
 
Бо калі захачу хваліцца, ня буду неразумным, бо скажу праўду; але я шкадую сябе, каб ніхто не падумаў пра мяне больш, чым бачыць у-ва мне або чуе ад мяне.

А каб я занадта ня выносіўся дзеля велічы аб’яваў, дадзены мне бадыль у цела, анел шатана, каб дрочыў мяне, каб я ня вывышаўся.
 
І, каб я не вывышаўся празьмернасьцю адкры́цьцяў, дадзены мне бады́ль у цела, анёл шата́на, каб біць мяне, каб я не вывышаўся.

Тройчы маліў я Ўсеспадара, каб яго аддаліў ад мяне;
 
Дзеля гэтага тройчы прасіў я Госпада, каб ён адыйшоў ад мяне.

але Ён адказаў мне: «Хопіць табе ласкі Мае, моц бо давяршаецца ў слабасьці». Таму вось ахватней буду хваліцца сваімі слабасьцямі, каб увайшла ў мяне сіла Хрыстусава.
 
І [Госпад] сказаў мне: «Хопіць табе ласкі Маёй, бо моц Мая спаўняецца ў слабасьці». Дык ахвотна больш буду хваліцца слабасьцямі маімі, каб жыла ў-ва мне моц Хрыстовая.

І таму я пагоднай душы і ў слабасьцях, у пагардзе, у нястачах, у прасьледах, у прыгнобах за Хрыстуса: бо калі я немачны, тады дужы.
 
Дзеля гэтага я маю ўпадабаньне і ў слабасьцях, у крыўдах, у патрэбах, у перасьледаваньнях, ва ўцісках за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.

Хвалячыся, я выдаўся нетактоўным: вы мяне да гэтага прымусілі; бо-ж вы павінны былі мяне хваліць, я бо ў нічым ня быў горшы за гэных вялікіх апосталаў, хоць я й нішто.
 
Я стаўся неразумным, хвалячыся; вы мяне зму́сілі. Бо трэба было, каб я вамі быў адрэкамэндаваны, бо ні ў чым я ня горшы за найпаважнейшых апосталаў, хоць я і нішто.

Доказы майго апастольства я выказаў вам вытрываласьцю ў цярпеннях, знакамі, цудамі, чынамі.
 
Знакі апостала ўчыненыя між вамі ў-ва ўсякай цярплівасьці, у знаках, і цудах, і сілах.

Што бо у вас, чым вы горшыя за другія эклезіі? Хіба тым толькі, што сам я ня быў вам цяжарам? Даруйце мнегэту крыўду!
 
Бо што ёсьць, у чым вы горшыя за іншыя цэрквы? Хіба тое, што я ня быў вам цяжарам. Даруйце мне гэткую несправядлівасьць.

Вось трэці раз я гатовы прыйсьці да вас і ня буду вам цяжарам, я бо шукаю не таго, што вашае, але — вас; бо-ж ня дзеці павінны багаціць бацькоў, але бацькі дзяцей.
 
Вось, трэці раз я гатовы ісьці да вас і ня буду цяжарам для вас, бо шукаю ня вашага, але вас. Бо ня дзеці павінны зьбіраць скарбы для бацькоў, але бацькі́ для дзяцей.

Я вельмі ахвотна буду вытрачвацца із свайго і навет сябе самога выдам за вашыя душы; хоць, чым-болей люблю вас, тым менш вы любіце мяне.
 
Я ахвотна буду выдаткоўваць [сваё] і аддаваць сябе за ду́шы вашыя, нават калі, любячы вас шмат больш, я менш лю́блены вамі.

Але хай сабе — сам я вас не абцяжваў, алеж...як хітрун, моў подступам з вас цягнуў...
 
Дык няхай я сам не абцяжарваў вас, але можа, як хітрун, подступам браў з вас?

Выкарыстваў мо вас праз каго з тых, што пасылаў к вам?
 
Нікога я не пасылаў да вас, каб праз яго скарыстацца ад вас.

Прасіў я Тытуса і паслаў зь ім аднаго з братоў. Ці Тытус выкарыстаў вас у чым? Ціж не ў вадным духу й ня тыміж сьлядамі мы паступалі?
 
Я прасіў Ціта і паслаў з [ім] брата. Ці скарыстаўся чым ад вас Ціт? Ці ня ў тым самым Духу мы хадзілі? Ці не па тых самых сьлядах?

Зноў мо думаеце, што мы апраўдваемся перад вамі? Перад Богам у Хрыстусе мы гаворым і ўсё для вашага, найдаражэйшыя, павучэння.
 
Ці ізноў думаеце, што мы апраўдываемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысьце, а ўсё, улюбёныя, дзеля вашага збудаваньня.

Баюся бо, каб, зноў прыйшоўшы, не знайсьці вас такімі, якіх не жадаўбы, дый вы, каб не спаткалі мяне такім, якім не хацеліб: каб не знайсьці ў вас калатні, зайздрасьці, гневу, спрэчак, абгавораў і нагавораў, пыхі ды бязладзьдзя;
 
Бо баюся, каб, прыйшоўшы, не знайсьці мне вас такімі, якімі не хачу, і каб вам не знайсьці мяне такім, якім ня хочаце; каб не было сварак, зайздрасьці, ярасьці, сварлівасьці, абмаўляньняў, нагавораў, пыхі, бязладзьдзя,

каб, як ізноў прыйду, не панізіў мяне Бог мой у вас ды не аплакваў я многіх із тых, што раней зграшылі, а не пакаяліся за нячыстасьць, блудадзейства і бясстыдзтва, якіх дапусьціліся.
 
каб, калі ізноў прыйду, не панізіў мяне Бог мой у вас, і каб я ня плакаў пра многіх, якія зграшылі раней і не навярнуліся ад нячыстасьці, і распусты, і бессаромнасьці, якія ўчынялі.