Да Габрэяў 2 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Таму мы павінны быць надта ўніклівымі ў тое, што чулі, каб часамі не адпасьці.
 
Таму неабходна нам пільна сачыць за тым, што мы чулі, каб часам не сысці з дарогі.

Калі бо слова абвешчанае Анёламі было так забавязваючым, што нарушэнне яго, няпослух, атрымоўваў справядлівую адплату,
 
Бо калі праз анёлаў абвешчанае слова мела такую моц, што ўсякае злачынства і непаслухмянасць атрымлівалі справядлівую адплату,

дык як уцячом мы, што ня рупіліся аб гэткім збаўленні, спачатна апавешчаным самым Госпадам і нам пераказаным, зьвераным тымі-ж, што яго чулі;
 
то якім чынам мы зможам ад яе ўхіліцца, калі занядбаем гэткае збаўленне, якое спачатку было абвешчана Госпадам, а ў нас умацавана было тымі, што чулі ад Яго

к таму Бог прысьветчыў знакамі, цудамі, рознымі сіламі ды й дарамі Духа Святога, раздаванымі водле свае волі.
 
за пацвярджэннем Божым знакамі, і цудамі, і ўсякімі магутнасцямі, і дарамі Духа Святога па Яго волі.

Бо не Анёлам пакарыў Бог сьвет будучы, аб якім гаворым.
 
Не анёлам бо падуладніў Бог будучы свет, пра які мы гаворым.

Засьветчыў-жа нехта недзе, кажучы: «Чым-жа ёсьць чалавек, што памятаеш аб ім, або сын чалавечы, што яго адведваеш?»
 
Засведчыў жа хтосьці ў нейкім месцы, кажучы: «Хто такі чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго?

«Учыніў яго малашто меншым ад анёлаў, славай і чэсьцю ўкаранаваў яго ды паставіў па-над творамі рук тваіх:
 
Мала панізіў Ты яго ад анёлаў, славаю і пашанаю ўвянчаў яго,[і паставіў Яго па-над творамі рук Тваіх,]

ўсё паддаў пад стопы ягоныя» (Пс. 8:5−8). Калі-ж пакарыў яму ўсё, дык нічога не пакінуў яму непадданым. Цяпер-то яшчэ ня відзім усяго яму падданым;
 
і ўсё паклаў Ты пад ногі яго». Калі ж усё падуладніў Яму, то нічога не засталося непадуладным Яму. Цяпер жа бачым, што яшчэ не ўсё падуладнена Яму.

але бачымо увенчанага славаю і чэсьцю Езуса, каторы з ласкі Божай адцерпеў за ўсіх сьмерць умалены прад Анёламі.
 
Вось у Тым, Які быў мала паніжаны ад анёлаў, бачым Ісуса, замучанага смерцю, вянчанага славай і пашанай, каб з ласкі Божай за ўсіх пакаштаваў смерці.

Бо і дастоіла, каб той, праз якога ўсё і дзеля якога ўсё, хто ўвёў многіх сыноў у славу — даканаў гэта цярпеннем.
 
Бо належала, каб Той, для Якога ўсё і праз Якога ўсё, Таго, Які шмат сыноў прывёў у славу, Правадыра іх збаўлення, удасканаліў праз цярпенне.

Бо і той, хто усьвячвае, і тые, што усьвячваюцца, усе ад аднаго; таму і называе іх братамі, кажучы:
 
Бо Той, Хто ўсвячае, і тыя, якія ўсвячаюцца, ад Аднаго ўсе. Дзеля таго Ён не саромеецца называць іх братамі,

«Імя тваё абвяшчу братом маім, пасярод набожні славіць цябе буду» (Пс. 21:23).
 
кажучы: «Абвяшчу імя Тваё Маім братам, пасярод царквы буду славіць Цябе».

І яшчэ: «Я буду на яго спадзявацца» (Із. 8:17). Ды йшчэ: «Вось я і дзеці, якіе даў мне Бог» (Із. 8:18).
 
І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». Ды яшчэ: «Вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».

Калі ж дзеці сталіся супольнікамі цела й крыві, дык і ён таксама іх супольнік, каб праз сьмерць зьнішчыць таго, хто мае ўладу над сьмерцяй, гэта знача дыябла;
 
Дык калі дзеці сталіся супольнікамі ў целе і крыві, і Ён таксама стаўся супольнікам іх, каб смерцю знішчыць таго, які мае ўладу смерці, гэта значыць д’ябла,

і вызваліць тых, якіе з боезі сьмерці падлягалі няволі праз цэлае жыцьцё.
 
і каб вызваліць тых, што праз страх смерці на ўсё жыццё былі адданыя ў няволю.

Бо-ж не анёлаў прыймае ён, але насенне Абрагамава.
 
Бо не анёлаў Ён прымае, але семя Абрагама прымае.

Мусеў дзеля гэтага ва ўсім упадобніцца да братоў, каб стацца міласэрным ды верным архісьвятаром перад Богам для уміласьціўлення грахоў народу.
 
Дзеля гэтага Ён павінен быў ва ўсім упадобніцца братам, каб стацца міласэрным і верным Першасвятаром у Божым, каб ачысціць грахі народа,

Бо як сам ён спакушаннем выпрабаваны, дык мае моц дапамогі й тым, што прайходзяць пробу.
 
бо таму, што Ён Сам быў спакушаны і цярпеў, можа тым, якія спакушаны, дапамагчы.