Да Габрэяў 7 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Гэты вось Мэльхісэдэх, валадар Салему, сьвятар Бога Найвышэйшага, выйшаўшы на сустрач Абрагаму, вяртаўшамуся з перамогі над уладцамі, пабагаславіў яго.
 
Гэты вось Мэльхісэдэх, цар Салема, святар Бога Найвышэйшага, выйшаў на спатканне Абрагаму, які вяртаўся пасля разгрому цароў, і дабраславіў яго.

Абрагам тады выдзеліў яму дзесяціну з усяго. Імя яго абазначае найперш ўладара справядлівасьці, а потым, і ўладцу Салему тй: ўладца супакою-згоды.
 
Яму таксама даў Абрагам дзесяціну з усяго. Імя яго абазначае, па-першае, цар справядлівасці, а потым і цар Салема, што значыць: цар Супакою.

Без бацькі, без маткі, без радаводу, які ня мае ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, упадобнены да Сына Божага, застаецца Сьвятарам навекі.
 
Без бацькі, без маці, без радаводу, без пачатку дзён і не маючы канца жыцця, ён упадобніўся Сыну Божаму і застаецца святаром навекі.

А прыгляньцеся, як дастойны ёсьць той, якому й патрыарх Абрагам даў дзесяціну з таго, што меў найлепшае.
 
Дык бачыце, які той, каму патрыярх Абрагам даў дзесяціну са здабытку.

Такжа і тые з сыноў Леві, што прыймаюць сьвятарства, маюць права браць дзесяціну з народу, г.зн. ад братоў сваіх, хоць і яны ёсьць патомкі Абрагама.
 
Вось і тыя з сыноў Левія, што атрымліваюць святарства, маюць наказ браць дзесяціны з народа паводле закону, значыць ад братоў сваіх, хоць і яны выводзяцца са сцёгнаў Абрагама.

Але гэны (Леві) не належыць да іхняга роду, а ўзяў дзесяціну ад Абрагама і пабагаславіў гэтага, што меў абяцанне.
 
Той жа не залічаўся да іх роду, узяў, аднак, дзесяціну ад Абрагама і таго, які меў абяцанне, дабраславіў.

А няма сумніву, што багаслаўленства атрымоўвае меншы ад большага.
 
Без ніякай супярэчнасці, тое, што меншае, дабраслаўляецца большым.

Ды й тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротные, а там-той такі, аб якім сьцьвярджаецца, што жыве.
 
І тут людзі смяротныя бяруць дзесяціны, а там Той, Хто мае сведчанне, што жыве.

І, такбы сказаць, і Леві, які бярэ дзесяціну, сам даў быў дзеесяціну праз Абрагама,
 
І, калі можна так сказаць, таксама і Левій, які бярэ дзесяціны, аддаў дзесяціну праз Абрагама,

быў бо яшчэ ў бедрах праайца свайго, як Мэльхізэдэх выйшаў яму на спатканне.
 
бо ён яшчэ быў у сцёгнах бацькі, калі Мэльхісэдэх выйшаў яму насустрач.

Калі, восьжа, сьвятарства Леві вяло да дасканальнасьці (народ бо часаў яго атрымаў Закон), то якая патрэба была зьяўляцца сьвятару іншаму, не водле абрадку Аарона, а водле абрадку (наўзору) Мэльхізэдэха?
 
Калі б дасканаласць дасягальнай была праз святарства левітаў, бо народ атрымаў закон ад яго, то нашто было ўстанаўляць яшчэ іншага святара на ўзор Мэльхісэдэха, а не на ўзор Аарона?

Бо як зьмяняецца сьвятарства, належыцца зьмяняць і закон.
 
Бо са зменай святарства павінен змяніцца і закон.

Той-жа, аб кім тут мова, быў з іншага пакалення, зь якога ніхто ня служыў аўтару.
 
Той, пра Якога тут гаворыцца, паходзіць з іншага пакалення, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку.

Ведама бо, што Госпад (Збаўца) наш родам з пакалення Юды, а ў пакаленні тым нічога аб сьвятарох Майжэш не гавора.
 
Ведама ж, што з Юды паходзіць наш Госпад, а Майсей нічога не казаў аб святарах з гэтага пакалення.

Яшчэ ясьней гэта відно з таго, калі на падобу Мэльхізэдэха зьяўляецца сьвятар іншы,
 
Дык гэта яшчэ больш выразным становіцца, калі на ўзор Мэльхісэдэха выступае іншы святар,

устаноўлены не водле дыспазыцыі Закону цялеснага, але з моцы жыцьця нязьнішчальнага.
 
які не паводле закону цела стаўся такім, але паводле магутнасці нязменнага жыцця.

Бо-ж сьцьвярджаецца: «Ты ёсьць сьвятар навекі водле наўзору Мэльхізэдэха» (Пс. 109:4).
 
Бо прыводзіцца сведчанне: «Ты — Святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха».

Гэтак скасавана даўнае Права дзеля ягонае немачнасьці й няпрыгоднасьці.
 
Такім чынам касуецца папярэдні закон дзеля яго кволасці і некарыснасці.

Закон то не давёў да дасканальнасьці, але быў уступам да лепшае надзеі, праз якую збліжаемся да Бога.
 
Бо нічога не давёў той закон да дасканаласці, але быў аднак уступам лепшай надзеі, праз якую набліжаемся да Бога.

А сталася гэта не бяз прысягі, бо іншые без прысягі станавіліся сьвятарамі,
 
Тым больш, што сталася гэта не без прысягі, бо тыя станавіліся святарамі без прысягі,

а гэты за прысягаю таго, што сказаў яму: «Прысягнуў Госпад і ня будзе каецца: Ты ёсьць сьвятаром навекі» (Пс. 109:4).
 
а Гэты — з прысягаю Таго, Які сказаў Яму: «Прысягнуў Госпад і не пашкадуе: Ты — Святар на векі вечныя».

Вось чаму Езус стаўся запарукаю далёка лепшага запавету.
 
Вось чаму Ісус стаў Паручыцелем лепшага запавету.

Тамтых сьвятароў было многа, бо сьмерць не пазваляла ім трываць,
 
І тых многа станавіліся святарамі па запавету, таму што смерць не дазваляла трываць;

а вось гэты таму, што застаецца навекі, мае і сьвятарства непрамінальнае
 
Гэты праз тое, што трывае вечна, мае святарства непераходзячае.

ды тых, што праз яго прыступаюць да Бога, можа збаўляць заўсёдна, жывучы вечна, каб за іх заступацца.
 
Дзеля таго і збаўляць можа Ён заўсёды прыступаючых праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб за іх заступацца.

Так бо гадзілася, каб мы мелі гэткага Ўсесьвятара: сьвятога, нявіннага, вольнага ад зла, прачыстага, вывышанага па-над нябёсы.
 
Такога вось належала мець нам Першасвятара, святога, нявіннага, беззаганнага, аддзеленага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над неба,

Ён ня мае патрэбы, як іншые архісьвятары, штодня складаць перш за свае грахі, а потым народу, ахвяры; гэта бо даканаў ужо раз назаўсёды, ахвяраваўшы сябе самога.
 
Які не павінен, як першасвятары, складаць штодзень ахвяры перш за свае злачынствы, а пасля — за злачынствы народа, бо гэта Ён зрабіў раз назаўсёды, складаючы Самога Сябе.

Закон бо устанаўляе навекі дасканалага Сына.
 
Бо закон стаўляе першасвятарамі людзей кволых, слова ж прысягі, што пасля закону, — Сына, дасканалага навекі.