Мацьвея 2 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Дык калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Гэрада, вось Мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерузалім
 
Дык калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім, у дні караля Гэрада, вось мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерузалім

і кажуць: Дзе ёсьць што нарадзіўся кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку ягону на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца яму.
 
кажучы: Дзе ёсьць што нарадзіўся кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку ягону на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца яму.

Пачуўшы гэта кароль Гэрад, стрывожыўся, а з ім увесь Ерузалім.
 
А пачуўшы кароль Гэрад стрывожыўся і з ім увесь Ерузалім.

І сабраўшы ўсіх старшых святараў і кніжнікаў народу, даведваўся ад іх, дзе меў Хрыстус нарадзіцца.
 
І сабраўшы ўсіх старшых сьвятараў і кніжнікаў народу даведываўся ад іх, дзе меў Хрыстус нарадзіцца.

Яны-ж сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока (Міх. 5:2).
 
А яны сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока (Міх. 5:2):

«І ты, Бэтлееме, зямля Юдэйская, нічым ня меншы спаміж княстваў Юдэйскіх, бо з цябе выйдзе правадыр, што кіраваціме народ мой Ізраэльскі».
 
«І ты, Бэтлееме, зямля Юдэйская, нічым ты ня меншая ад спаміж сталіцаў Юдэйскіх, бо з цябе выйдзе павадыр, каторы будзе кіраваць народам маім Ізраільскім».

Тады Гэрад тайком паклікаўшы Мудрацоў, рупна выведаў ад іх час з’яўлення ім зоркі.
 
Тады Гэрад, тайком паклікаўшы мудрацоў, старанна выведаў ад іх час зоркі, якая ім зьявілася.

І пасылаючы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзеце й распытайце добра аб дзіцяці і, калі знойдзеце, паведамце мне, каб і я пайшоўшы, пакланіўся яму.
 
І пасылаючы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзеце і дакладна распытайце аб дзіцяці, і калі знойдзеце, дайце мне знаць, каб і я пайшоўшы, пакланіўся яму.

Яны, выслухаўшы караля, адыйшлі. І вось зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, йшла перад імі, аж пакуль прыйшоўшы ня супынілася над мейсцам, дзе было дзіця.
 
Яны выслухаўшы караля, адыйшлі. І вось зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, аж пакуль прыйшоўшы, стала над месцам, дзе было дзіця.

А ўбачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся надта вялікай радасцю.
 
А ўбачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся надта вялікай радасьцяй.

І, ўвайшоўшы ў дом, знайшлі дзіця з ягонай маткай Марыяй і ўпаўшы, пакланіліся яму; ды адчыніўшы скарбы свае, ахвяравалі яму дары: золата, кадзідла й мірру.
 
І ўвайшоўшы ў дом, знайшлі дзіця з ягонай маткай Марыяй і ўпаўшы, пакланіліся яму; і адчыніўшы скарбы свае, ахвяравалі яму дары: золата, кадзіла і міру.

І, атрымаўшы адказ у сьне, каб не вярталіся да Гэрада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.
 
І атрымаўшы наказ у сьне, каб не варочаліся да Гэрада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.

Калі-ж яны ад’ехалі, вось анел Божы з’явіўся ў сьне Язэпу, кажучы: Устань, вазьмі дзіця і матку яго ды ўцякай у Егіпет і будзь там дакуль не скажу табе; бо Гэрад шукаціме дзіцяці, каб загубіць яго.
 
Калі яны ад’ехалі, вось анёл Панскі зьявіўся ў сьне Язэпу, кажучы: «Устань, вазьмі дзіця і матку яго і ўцякай у Эгіпет і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Гэрад будзе шукаць дзіцяці, каб загубіць яго.

Ён, устаўшы, ўзяў уначы дзіцятка й матку ягону ды пайшоў у Егіпет.
 
Ён, устаўшы, узяў уначы дзіця і матку яго і адыйшоў у Эгіпет.

І быў там аж да Гэрадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які гавора (Оз. 11:1): «З Егіпту паклікаў я сына майго».
 
І быў там аж да Гэрадавай сьмерці, каб споўнілася, што было сказана Панам праз прарока, кажучага (Оз. 11:1): «З Эгіпту я паклікаў сына майго».

Тады Гэрад, бачачы, што мудрацы звялі яго, вельмі разгневаўся і, паслаўшы, выбіў ўсіх дзяцей, што былі ў Бэтлееме ды ў ва ўсіх аколіцах яго ад двух гадоў і ніжэй, згодна з часам, аб якім быў ад мудрацоў дапытаўся.
 
Тады Гэрад, бачачы, што яго зьвялі мудрацы, вельмі разгневаўся і, паслаўшы, выбіў усіх дзяцей, якія былі ў Бэтлееме і ў усіх ваколіцах яго ад двух гадоў і ніжэй, згодна з часам, аб якім быў дапытаўшыся ад мудрацоў.

Тады збылося запавешчанае праз прарока Ерэмія (31−15), кажучага:
 
Тады споўнілася, што было сказана праз прарока Ерэмія (Ер. 31:15), кажучага:

«Голас быў чутны ў Раме, пляць наўзрыд вялікі; Рахэля галосячая па дзецях сваіх не хацела суняцца, бо іх нямашака».
 
«Голас быў чутны ў Раме, плач і галасьба вялікая; Рахеля плачучая па дзецях сваіх і не хацела супакоіцца, бо іх нямашака».

Па смерці-ж Гэрада, вось анел Госпадаў з’явіўся ў сьне Язэпу ў Егіпце
 
А калі памёр Гэрад, вось анёл Панскі зьявіўся ў сьне Язэпу ў Эгіпце

й кажа: Устань, вазьмі дзіцятка й матку ягону ды йдзі ў зямлю Ізраэляву, памярлі бо тыя, што шукалі душы дзіцяці.
 
кажучы: Устань, вазьмі дзіця і матку яго і ідзіў зямлю Ізраілаву, бо памёрлі тыя, што шукалі душы дзіцяці.

Ён устаўшы, ўзяў дзяцятка й матку ягону ды прыйшоў у зямлю Ізраэляву.
 
Ён устаўшы, узяў дзіця і матку ягону і прыйшоў у зямлю Ізраілаву.

Але пачуўшы, што ў Юдэі панаваў Архэляй на месцы бацькі свайго Гэрада, пабаяўся туды йсці й, перасцярэжаны ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія.
 
Але пачуўшы, што ў Юдэі панаваў Архелауш на месца бацькі свайго Гэрада, пабаяўся туды ісьці, але павучаны ў сьне, адыйшоў у староны Галілейскія.

І, прыйшоўшы, аселіўся ў месьце, званым Назарэт, каб споўнілася запавешчанае праз прарокаў: Назарэем будзе звацца. (Судз. 13:5).
 
І прыйшоўшы, асеў у месьце Назарэт, каб споўнілася, што было сказана праз прарокаў: што будзе звацца Назарэем.