Мацьвея 22 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад В. Гадлеўскага
І адазваўшыся Езус гаварыў ім зноў у прыповесьцях, кажучы:
І адказваючы Езус гаварыў ім ізноў у прыповесьцях, кажучы:
Падобным сталася валадарства нябеснае чалавеку каралю, які справіў вясельле свайму сыну.
Падобным сталася каралеўства нябеснае да чалавека караля, каторы справіў вясельле свайму сыну.
І паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці.
І паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці.
Ізноў паслаў іншых слуг, наказваючы: Скажэце запрошаным: «Вось я прыгатаваў абед мой, валы мае й кормнікі зарэзаны ды ўсё гатова; прыходзьце на вясельле».
Ізноў паслаў іншых слуг, кажучы: Скажэце запрошаным: «Вось я прыгатовіў абед мой, валы мае і кормнікі пабіты і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле».
Але яны ня дбалі й пайшлі — хто ў сваю сялібу, а хто да гандлю свайго;
Але яны ня дбалі і пайшлі, хто да свае сялібы, а хто да свайго гандлю,
другія-ж схапілі слуг ягоных ды, наздзекаваўшыся, пазабівалі.
другія-ж схапілі слуг ягоных і назьдзкаваўшыся, пазабівалі.
Калі-ж пачуў аб гэтым кароль, загневаўся і, паслаўшы сваё войска, выгубіў гэных забойцаў, а места іх спаліў.
Калі-ж пачуў кароль, загневаўся і паслаўшы сваё войска, выгубіў гэных забойцаў і спаліў іхны горад.
Тады кажа слугам сваім: Вясельле-то гатова, адыж прошаныя ня былі дастойны.
Тады сказаў сваім слугам: Вясельле-то гатова, але прошаныя ня былі дастойны.
Дык ідзеце на росстані і каго толькі сустрэнеце, клічце на вясельле.
Дык ідзеце на скрыжаваньні дарог і каго-толькі спаткаеце, клічце на вясельле.
І слугі ягоныя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, благіх і добрых, — і вясельле было поўнае гасьцей.
І слугі ягоны, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі, благіх і добрых — і вясельле было поўнае гасьцей.
Увайшоў кароль паглядзець на гасьцей і ўбачыў там чалавека няўбранага ў вясельнае адзенне.
А кароль увайшоў, каб паглядзець на гасьцей, і ўбачыў там чалавека неадзетага ў вясельную вопртаку.
Дый кажа яму: Як ты, дружа, ўвайшоў сюды не ў вясельнай вопратцы? Той-жа маўчаў.
І сказаў яму: Дружа, як ты сюды ўвайшоў, ня маючы вясельнай вопраткі? Але той маўчаў.
Тады сказаў кароль слугам: Звязаўшы яму рукі й ногі, выкіньце ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгот зубоў.
Тады сказаў кароль слугам: Зьвязаўшы рукі і ногі яго, кіньце яго ў вонкавую цемру, там будзе плач і скрыгот зубоў.
Многа бо пакліканых, да мала выбраных.
Бо многа пакліканых, але мала выбраных.
Тады фарызэі, адыйшоўшыся, зрабілі нараду, як-бы яго злавіць на слове.
Тады фарызэі, адыйшоўшы, зрабілі нараду, як-бы яго злавіць у мове.
І паслалі да яго сваіх вучняў з Гэрэдыянамі, сказаць. Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і на дарогу Божу папраўдзе настаўляеш дый на нікога не зважаеш, бо не аглядаесся на асобу людзкую,
І паслалі да яго сваіх вучняў з Гэрадыянамі, кажучы: Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і дарогі Божай папраўдзе навучаеш і не зважаеш на нікога, бо не аглядаесься на асобу людзкую,
дык скажы-ж нам, як табе здаецца, гадзіцца даваць падатак цэзару, ці не?
дык скажы нам, як табе здаецца, можна даваць падатак цэзару, ці не?
Адыж Езус, пазнаўшы іхні подступ, сказаў: Чаму спакушаеце мяне, крывадушнікі?
А Езус, пазнаўшы іхную нягоднасьць, сказаў: Чаму спакушаеце мяне, крывадушнікі?
Пакажэце мне падаткавую манэту. Яны прынясьлі яму дэнара.
Пакажэце мне падатковую манэту. Яны-ж прыняслі яму дынара.
Кажа ім Езус: Чый гэта воблік і надпіс?
І сказаў ім Езус: Чый гэта воблік і надпіс?
Гавораць яму: Цэзараў. Тады сказаў ім: Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае Богу.
Кажуць яму: Цэзараў. Тады сказаў ім: Дык аддайце што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу.
Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы яго, адыйшлі.
І пачуўшы, яны зьдзівіліся і пакінуўшы яго, адыйшлі.
У той дзень прыступілі да яго садуцэі, што гавораць: няма згробуўстання, і спыталіся ў яго,
У той дзень прыступілі да яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўскрашэньня, і спыталіся ў яго,
кажучы: Вучыцель, Майзей сказаў: «Калі-б хто памёр, ня маючы сына, то брат ягоны хай ажэніцца з яго жонкай ды адродзіць патомства свайму брату» (Паўт. Пр. 25:5).
кажучы: Вучыцель, Майсей сказаў: «Каліб хто памёр, ня маючы сына, то брат ягоны возьме яго жонку і ўскрасіць патомства брату свайму» (Паўл. Пр. 25:5).
Было-ж у нас сямёх братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы патомства, пакінуў жонку брату свайму.
Было-ж у нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы патомства, пакінуў жонку сваю брату свайму.
Гэтаксама другі і трэйці аж да сёмага.
Таксама другі і трэці аж да сёмага.
А ўканцы пасьля ўсіх памярла й жонка.
А ўканцы пасьля ўсіх памярла і жонка.
Дык пры згробуўстанні чыёю з сямёх будзе яна жонкай? Бо-ж усе мелі яе.
Дыу у ўскрашеньні чыёй з сямёх будзе яна жонкай? Бо ўсе мелі яе.
Езус у адказ гавора ім: Вы мыляецеся, ня ведаючы Пісанняў, ані моцы Божае.
А Езус, адказваючы, сказаў ім: Вы мыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў ані моцы Божай.
Бо пры згробуўстанні ані жэняцца, ані замуж ідуць, а будуць як Божыя анелы ў небе.
Бо ў ускрашэньні ані жэняцца, ані ідуць замуж, але будуць як анёлы Божыя ў небе.
Дый аб згробуўстанні мяртвых ці-ж вы ня чыталі, што было Богам сказана, які гавора:
А аб ускрашэньні ўмерлых ці вы ня чыталі, што было сказана Богам, каторы вам кажа:
«Я Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба»? (Выйсь. 3:6) Ня ёсьць-жа Бог памёршых, але жывых.
«Я ёсьць Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба»? (Вых. 3:6). Ня ёсьць-жа Бог умерлых, але жывых.
І, чуючы гэта, дзівіўся народ з навукі ягонай.
І, пачуўшы, грамады дзівіліся з навукі яго.
Фарызэі-ж, пачуўшы, як прымусіў садуцэеў замоўкнуць, сышліся разам
А фарызэі, пачуўшы, што прымусіў садукеяў замаўчаць, сабраліся разам
і спытаўся яго адзін з іх вучоны ў законе, прабуючы яго:
і спытаўся яго адзін з іх, вучоны ў законе, прабуючы яго:
Вучыцель, якое найбольшае прыказанне ў законе?
Вучыцель, якое ёсьць вялікае прыказаньне ў законе?
Сказаў яму Езус: «Любі Госпада Бога твайго усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю думкаю тваёю» (Паўт. Пр. 6:5).
Сказаў яму Езус: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам сваім, і ўсей душою тваею, і ўсей мысьляй тваею» (Паўл. Пр. 6:5).
Гэта ёсьць першае й найбольшае прыказанне.
Гэта ёсьць найбольшае і першае прыказаньне.
Другое-ж — гэтаму падобнае: «Любі твайго бліжняга, як сябе самога» (Лев. 19:18).
Другое-ж ёсьць гэтаму падобнае: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе» (Лев. 19:18).
На гэтых двух прыказаннях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
На гэтых двух прыказаньнях апіраецца ўвесь закон і прарокі.
Калі-ж сышліся фарызэі, спытаўся ў іх Езус,
Калі-ж сабраліся фарызэі, спытаўся ў іх Езус,
кажучы: Што вы думаеце аб Хрысьце? Чый ён сын? Кажуць яму: Давідаў.
кажучы: Што вы думаеце аб Хрыстусе? Чый ён сын? Кажуць яму: Давідаў.
Гавора ім: Дык як-жа Давід у духу заве яго Усеспадарам, кажучы:
Дык як-жа Давід у духу заве яго Панам, кажучы:
«Сказаў Госпад майму Усеспадару: сядзі праваруч мяне, пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх» (Пс. 109:1)?
«Сказаў Пан Пану майму, сядзі праваруч мяне, пакуль палажу воргаў тваіх падножжам ног тваіх?» (Пс. 109:1).
Дык калі Давід заве яго Усеспадарам, як-жа ёсьць сынам ягоным?
Дык калі Давід заве яго Панам, як-жа ёсьць сынам ягоным?
І ніхто ня мог яму адказаць ні слова, і ніхто ня сьмеў адтаго болей у яго пытацца.
І ніхто ня мог адказаць яму слова і ніхто ня сьмеў ад таго дня болей у яго пытацца.