Мацьвея 22 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І адазваўшыся Езус гаварыў ім зноў у прыповесьцях, кажучы:
І ў адказ Ісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы:
Падобным сталася валадарства нябеснае чалавеку каралю, які справіў вясельле свайму сыну.
падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вясельле сыну свайму
І паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці.
і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.
Ізноў паслаў іншых слуг, наказваючы: Скажэце запрошаным: «Вось я прыгатаваў абед мой, валы мае й кормнікі зарэзаны ды ўсё гатова; прыходзьце на вясельле».
Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажэце запрошаным: «вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле».
Але яны ня дбалі й пайшлі — хто ў сваю сялібу, а хто да гандлю свайго;
Але яны, ня даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.
другія-ж схапілі слуг ягоных ды, наздзекаваўшыся, пазабівалі.
Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі іх.
Калі-ж пачуў аб гэтым кароль, загневаўся і, паслаўшы сваё войска, выгубіў гэных забойцаў, а места іх спаліў.
І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.
Тады кажа слугам сваім: Вясельле-то гатова, адыж прошаныя ня былі дастойны.
Тады кажа ён рабам сваім: вясельле гатова, а запрошаныя ня былі вартыя.
Дык ідзеце на росстані і каго толькі сустрэнеце, клічце на вясельле.
Дык вось, ідзеце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вясельле.
І слугі ягоныя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, благіх і добрых, — і вясельле было поўнае гасьцей.
І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых; і напоўнілася вясельле бяседнікамі.
Увайшоў кароль паглядзець на гасьцей і ўбачыў там чалавека няўбранага ў вясельнае адзенне.
Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,
Дый кажа яму: Як ты, дружа, ўвайшоў сюды не ў вясельнай вопратцы? Той-жа маўчаў.
і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў.
Тады сказаў кароль слугам: Звязаўшы яму рукі й ногі, выкіньце ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгот зубоў.
Тады сказаў цар слугам: зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьмеце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;
Многа бо пакліканых, да мала выбраных.
бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
Тады фарызэі, адыйшоўшыся, зрабілі нараду, як-бы яго злавіць на слове.
Тады фарысэі пайшлі і дамаўляліся, як падлавіць Яго на слове.
І паслалі да яго сваіх вучняў з Гэрэдыянамі, сказаць. Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і на дарогу Божу папраўдзе настаўляеш дый на нікога не зважаеш, бо не аглядаесся на асобу людзкую,
І пасылаюць да Яго вучняў сваіх зь ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы;
дык скажы-ж нам, як табе здаецца, гадзіцца даваць падатак цэзару, ці не?
дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?
Адыж Езус, пазнаўшы іхні подступ, сказаў: Чаму спакушаеце мяне, крывадушнікі?
Але Ісус, убачыўшы зламыснасьць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
Пакажэце мне падаткавую манэту. Яны прынясьлі яму дэнара.
пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар.
Кажа ім Езус: Чый гэта воблік і надпіс?
І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?
Гавораць яму: Цэзараў. Тады сказаў ім: Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае Богу.
І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы яго, адыйшлі.
Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і пакінуўшы Яго, пайшлі.
У той дзень прыступілі да яго садуцэі, што гавораць: няма згробуўстання, і спыталіся ў яго,
У той дзень падступіліся да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго:
кажучы: Вучыцель, Майзей сказаў: «Калі-б хто памёр, ня маючы сына, то брат ягоны хай ажэніцца з яго жонкай ды адродзіць патомства свайму брату» (Паўт. Пр. 25:5).
Настаўнік! Майсей сказаў: «калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, хай возьме брат ягоны жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму».
Было-ж у нас сямёх братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы патомства, пакінуў жонку брату свайму.
Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму;
Гэтаксама другі і трэйці аж да сёмага.
гэтак сама і другі, і трэйці, нават да сёмага;
А ўканцы пасьля ўсіх памярла й жонка.
а пасьля ўсіх памерла і жонка.
Дык пры згробуўстанні чыёю з сямёх будзе яна жонкай? Бо-ж усе мелі яе.
Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь сямёх будзе яна за жонку? бо ўсе мелі яе?
Езус у адказ гавора ім: Вы мыляецеся, ня ведаючы Пісанняў, ані моцы Божае.
Ісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай;
Бо пры згробуўстанні ані жэняцца, ані замуж ідуць, а будуць як Божыя анелы ў небе.
бо ва ўваскрэсеньні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах.
Дый аб згробуўстанні мяртвых ці-ж вы ня чыталі, што было Богам сказана, які гавора:
А пра ўваскрэсеньне мёртвых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам:
«Я Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба»? (Выйсь. 3:6) Ня ёсьць-жа Бог памёршых, але жывых.
«Я Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якава»? Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых».
І, чуючы гэта, дзівіўся народ з навукі ягонай.
І пачуўшы, люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.
Фарызэі-ж, пачуўшы, як прымусіў садуцэеў замоўкнуць, сышліся разам
А фарысэі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчаньне, сабраліся разам.
і спытаўся яго адзін з іх вучоны ў законе, прабуючы яго:
І спытаўся адзін зь іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы:
Вучыцель, якое найбольшае прыказанне ў законе?
Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?
Сказаў яму Езус: «Любі Госпада Бога твайго усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю думкаю тваёю» (Паўт. Пр. 6:5).
Ісус жа сказаў яму: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім»;
Гэта ёсьць першае й найбольшае прыказанне.
гэта найбольшая і першая запаведзь;
Другое-ж — гэтаму падобнае: «Любі твайго бліжняга, як сябе самога» (Лев. 19:18).
а другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»;
На гэтых двух прыказаннях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
Калі-ж сышліся фарызэі, спытаўся ў іх Езус,
Калі ж сабраліся фарысэі, спытаўся ў іх Ісус:
кажучы: Што вы думаеце аб Хрысьце? Чый ён сын? Кажуць яму: Давідаў.
што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.
Гавора ім: Дык як-жа Давід у духу заве яго Усеспадарам, кажучы:
Кажа ім: як жа Давід, з натхненьня, Госпадам Яго называе, калі кажа:
«Сказаў Госпад майму Усеспадару: сядзі праваруч мяне, пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх» (Пс. 109:1)?
«Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»?
Дык калі Давід заве яго Усеспадарам, як-жа ёсьць сынам ягоным?
Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму?
І ніхто ня мог яму адказаць ні слова, і ніхто ня сьмеў адтаго болей у яго пытацца.
І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.