Біблія » Пераклады » Пераклад Сяргея Шупы

Песьня Песьняў 7 Песьня Песьняў 7 разьдзел

1 Вярніся, вярніся, шуламянка,
вярніся, вярніся, каб нам наглядзецца на цябе!
Што вам глядзець на шуламянку,
як на танец карагодны?
2 Якія прыгожыя стопы твае ў сандаліях, князёўна,
выгіны клубоў тваіх як упрыгожаньні,
праца рук майстра.
3 Твой пупок — круглая чара,
дзе ня зводзіцца вінны напой;
твой жывот — россып пшаніцы,
аздоблены лілеямі.
4 Твае грудзі — як дзьве лані,
двойня газэлі.
5 Твая шыя — вежа з слановай косьці;
вочы твае — два стаўкі ў Хэшбоне
ля брамы Батрабімскай,
нос твой — як вежа ліванская,
што глядзіць у бок Дамаску.
6 Галава твая на табе — як Кармэль,
валасы галавы тваёй — як пурпур;
цар заблытаўся ў пасмах.
7 Як прыгожае ты, каханьне,
як прыемнае між асалодаў.
8 Гэты стан твой падобны да пальмы,
а грудзі твае — да гронак.
9 Я падумаў: узьлезу на пальму,
ухаплюся за яе галіны;
і будуць грудзі твае як гронкі вінаграду,
і дыханьне носа твайго — як яблыкі.
10 І паднябеньне тваё як найлепшае віно,
яно цячэ проста да каханага майго,
раскрывае вусны заснулага.
11 Я належу каханаму майму,
і да мяне жаданьне ягонае.
12 Хадзі, каханы мой, выйдзем у поле,
заначуем у сёлах.
13 Пойдзем ранкам у вінаграднікі,
паглядзім, ці зацьвіў вінаград,
ці завязаліся гронкі,
ці распусьціўся гранат;
там аддам табе сваё мілаваньне.
14 Мандрагоры пусьцілі пах,
і ля нашых дзьвярэй усялякія выбраныя плады,
новыя і старыя,
што для цябе зьберагла я, каханы мой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Песьня Песьняў, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
Кнігі аўтара можна набыць у выдавецтве «Вясна».
© 2013−2022