Біблія » Пераклады » Пераклад Сяргея Шупы

Песьня Песьняў 5 Песьня Песьняў 5 разьдзел

1 Прыйшоў я ў мой сад, сястра мая, нявеста,
набраў міры з бальзамам маім,
паеў сотаў зь мёдам маім,
выпіў віна майго з малаком;
ешце, сябры, піце дап’яна, каханыя.
2 Я сплю, але сэрца маё чуйнуе;
чую: каханы мой — стукае:

адчыні мне, сястра мая, любая мая,
галубка мая, чыстая мая,
бо галава мая поўная расы,
кудзеры мае ў кроплях ночы.
3 Зьняла я хітон мой —
ці зноў мне яго надзяваць?
Я вымыла ногі мае —
ці зноў мне забрудзіць іх?
4 Каханы мой прасунуў руку ў адтуліну,
і нутро маё ўсхвалявалася перад ім.
5 Устала я адчыніць каханаму майму;
мае рукі сьцякалі мірай,
і з пальцаў міра лілася
на клямкі замка.
6 Адчыніла я каханаму майму,
а каханы ўжо павярнуўся й пайшоў;
душы ня стала ўва мне пры словах ягоных,
я шукала яго і не знайшла,
клікала, і ён не адказаў мне.
7 Знайшлі мяне вартаўнікі, што абыходзілі горад,
зьбілі мяне й паранілі,
зьнялі накідку зь мяне,
тыя вартаўнікі муроў.
8 Заклінаю вас, дочкі ерусалімскія,
калі сустрэнеце каханага майго, што скажаце вы яму?
што я хворая ад каханьня.
9 Чым лепшы каханы твой за іншых каханых,
найпрыгажэйшая з жанчын?
Чым лепшы каханы твой за іншых каханых,
што гэтак нас заклінаеш?
10 Каханы мой ясны й румяны,
найвыбранейшы зь дзесяці тысяч.
11 Галава яго — чыстае золата,
кудзеры яго віюцца, чорныя як крумкач.
12 Вочы яго — як галубкі
ля патокаў вод,
абмытыя малаком,
пасаджаныя спраўна.
13 Шчокі яго — як грады зь зёлкамі,
кветнік духмянасьцяў;
вусны яго — лілеі,
што сьцякаюць мірай цякучай.
14 Рукі яго — залатыя аздобы,
упрыгожаныя тапазамі;
жывот — як пліта з слановае косьці,
абкладзеная сапфірамі.
15 Ногі яго — слупы з мармуру
на падножжах з чыстага золата;
аблічча ягонае — як Ліван, —
велічны, як кедры.
16 Паднябеньне яго — слодыч,
і ўвесь ён жаданы;

гэта каханы мой, гэта прыяцель мой,
дочкі ерусалімскія.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Песьня Песьняў, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
Кнігі аўтара можна набыць у выдавецтве «Вясна».
© 2013−2022